“…Шопінг” у ваколіцах Шацілак

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Ад “Светлагорскага дворыка” да Эльбруса

/i/content/pi/cult/345/6451/9-6.jpg

Дзве залы Светлагорская карцінная галерэя "Традыцыя" імя Германа Пранішнікава адвяла пад выстаўку твораў мясцовых мастакоў. Гэты калектыўны вернісаж прысвечаны 50-годдзю Светлагорска і 450-годдзю першай згадкі Шацілак, ля якіх і паўстаў горад.

Цяпер, калі многія прафесійныя мастакі часам наўмысна парушаюць звыклыя асновы жывапісу, нібыта саромеючыся свайго майстэрства, вылучыць сярод іх твораў тое, што напісана самадзейнымі аўтарамі, бывае няпроста. Хіба што апошнія - свядома ці міжволі - робяць гэтыя "парушэнні" больш старанна, нясмела. І ўсё ж у іхніх работах больш замілаванасці, нейкай (няхай сабе і аматарскай) шчырасці. Вось і на гэтай выстаўцы сустрэліся карціны, эцюды, замалёўкі тых, хто мае мастацкую адукацыю, і тых, хто па сваёй духоўнай схільнасці ўзяўся за пэндзаль.

Старэйшы светлагорскі мастак Уладзімір Юшпрах асабліва адчуў гэта. Ягоная карціна "З мінулага ў будучае" вельмі сімвалічная. Ён не толькі прымусіў нібыта сысці з п'едэстала легендарнага Шацілу, але і кампазіцыйна зблізіў самыя розныя, характэрныя для Светлагорска, будынкі - у маштабах свайго юбілейнага твора. І ўсё гэта аб'яднана прасветлена-трапяткім каларытам. Пазнавальная і яго карціна "Светлагорскі дворык" - усё тут прасякнута замілаванай настраёвасцю, ласкавай утульнасцю./i/content/pi/cult/345/6451/9-7.jpg

Сталай прыхільніцай гістарычнай тэматыкі лічыцца і Ірына Рагавая. Але гэтым разам яна вырашыла прадставіць свае творы і іншых жанраў. Большасць з іх - нацюрморты. Адзін з іх - "Летні"- глядзіцца асабліва прывабна. І не толькі таму што сціплыя лугавыя кветкі выяўлены вельмі натуральна: кампазіцыю ўпрыгожваюць рознакаляровыя, таксама нібы кветкі, матылькі. Зусім па-іншаму, больш кідка, напісаны ейныя "Хрызантэмы". Нельга не затрымацца і ля пейзажа "Восеньскае зачараванне".

 Міхась Пранішнікаў заўжды вылучаецца ўпэўненым адчуваннем уласнага каларыту, імкненнем "здабыць" колер з колераў. Менавіта ў гэтым пераконваюць і ягоныя новыя творы "Ваколіца", "Вечар", "З рыбнай лоўлі". Асабліва настраёвая і кампазіцыйна пераканаўчая яго "Вясна": мастак здолеў перадаць святло рачной вады і таямнічую хатку, якая нібыта выглядае з прыбярэжных зараснікаў.

Па-свойму - больш мякка і сцішана, але таксама настраёва- напісаны карціны сталага светлагорскага пейзажыста Браніслава Башынскага. Аб'яднаны яны адной назвай: "Прырода маёй роднай Беларусі". Сваё замілаванне прыгажосцю родных мясцін таленавіта перадаюць Генадзь Лазарэнка, Тамара Іванова, Алена Вінэль, Валерый Калмыкоў, Віталь Усціменка, Сяргей Масленікаў, Любоў Пруснак. Велічным палатном "Эльбрус" прадстаўлены Пётр Рабы. Прыемна здзівіла эмацыйнасцю ўвасаблення "Віяланчэлісткі" Ліяна Жванія.

Сярод удзельнікаў юбілейнай для горада выстаўкі апынулася нямала прыхільнікаў партрэтнага жанру. Сяргей Каваль, якога ведаюць далёка за межамі Светлагорска як таленавітага прымітывіста, прадставіў два інсітныя творы: "Дзяўчына з Мамбаса. Кенія" і "Маленькая персіянка". Максім Траяноўскі двума партрэтнымі ўвасабленнямі засведчыў уласцівае яму партрэтнае майстэрства рэаліста, а трэцім- жанравым - пераканаў і ў тым, што валодае псіхалагічна дакладным гратэскным талентам ("Нядзельны шопінг"). Што ж да Соф'і Шах, то яна напісала партрэт самога Гаўрылы Вашчанкі на набярэжнай Светлагорска. Пасвойму ўзбагацілі экспазіцыю скульптурнымі выявамі Аляксандр Камардзін і Анатоль Туравец.

Увогуле, выстаўка сталася выдатнай падзеяй сярод святочных урачыстасцей у юбілейныя для горада дні.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

 Светлагорск