Незавершаная вандроўка

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Проста адчутая плынь часу

/i/content/pi/cult/345/6450/9-5.jpg

У галерэі "Панарама" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстаўка акварэлі Міхаіла Міронава "Незавершаная вандроўка". У экспазіцыі, прысвечанай памяці мастака, прадстаўлены 48 работ, вядомых у Беларусі і за мяжой.

 Фёдар Ястраб, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, распавядае: "Гэтая выстаўка сталася адкрыццём, здзіўленнем для многіх калег Мішы. Я сам бачыў мала яго твораў, а менавіта сабраныя разам карціны даюць цэласнае ўяўленне аб майстэрстве мастака..."

Акварэльныя краявіды Беларусі, Расіі, Арменіі, перанесеныя лёгкай рукой творцы на паперу, нараджаюць у душы гледача пранізлівую настальгію, цёплую журботнасць. Мілая чароўнасць лясоў, што раствараюцца ў туманнай смузе, лёгкае ззянне амытай дажджом прыроды, вабны гарызонт у яркасці заходу - усё гэта здаецца такім родным і знаёмым... Серыі акварэлей "Колеры маёй зямлі", "Карачаева-Чаркесія", "Браслаўшчына", "Арменія" ды іншыя адкрываюць нам Міхаіла Іванавіча не толькі як выдатнага мастака, але і заўзятага вандроўніка.

Персанальныя выстаўкі твораў М.Міронава неаднойчы праводзіліся ў Палацы мастацтва і ў Літаратурным музеі Янкі Купалы. Сваё майстэрства і вопыт мастак перадаваў іншым пакаленням: цягам доўгага часу ён узначальваў ДШМ №1 г. Мінска.

Нямецкі кампазітар Роберт Шуман сказаў: "Прызванне мастака - кідаць святло ў глыбіню чалавечага сэрца". Міхаіл Міронаў праз увесь свой творчы шлях пранёс вернасць менавіта гэтаму прызначэнню. Мудрагелістыя пералівы, мяккія градацыі колеру, неверагодная цеплыня і адкрытасць уласцівыя акварэльнаму жывапісу мастака. Ён перадаў на сваіх карцінах усю сваю любоў да прыроды, да вандраванняў, да свету, да роднай Беларусі. І пакуль ёсць прыхільнікі ягонай творчасці, мастак жыве. Жыве ў кожнай лініі, з кожным блікам, у кожным мазку акварэлі на сваіх творах...

Вольга НАВІЦКАЯ