Кульмінацыі без ілюмінацыі

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

ІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета афіцыйна завершыцца толькі праз месяц. Але яго апошні канцэрт, што пройдзе ў Боне 31 кастрычніка, не “зробіць надвор’я” на беларускім культурным небасхіле. Даступным для нашых спажыўцоў стане хіба сумесны з АНТ праект “Класіка сустракае джаз”, што адбыўся ў Віцебску і 27 верасня быў паказаны па тэлебачанні. Таму для беларускай публікі фестываль завяршыўся. А значыць, наспеў час адказаць, з якімі творчымі набыткамі.

Сярод фестывальных канцэртаў былі і больш удалыя, былі і менш удалыя. Але кожны меў сваю кульмінацыю.
Адкрыццё запомнілася надзіва гарманічным “дуэтам” дырыжора Рамана Кофмана, які стаяў за пультам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, і скрыпача Гідона Крэмера. Мяцежна-імпульсіўная рамантыка Э.Эльгара набыла ў іх філасофскую разважлівасць, насычаную парывамі думак, а не адно эмоцый; нават скрозь тоўшчу “непранікальнай” акустыкі Палаца Рэспублікі можна было пачуць (ці проста адчуць) усю бязмежнасць гукавой палітры боскага саліста. Моцартаўскі ж Канцэрт для двух фартэпіяна, наадварот, вылучаўся рознасцю адначасова прапанаваных канцэпцый: вытанчаным летуценням Расціслава Крымера кантраставала больш “рэальнае”, строга акадэмічнае прачытанне сваёй партыі Ксеніяй Башмет. У аркестравым “Італьянскім капрычыо” П.Чайкоўскага ўразіла мяккае гучанне струнных і ўменне дырыжора памножыць славянскую выразнасць на нямецкую дакладнасць разліку.
У выступленні аркестра “Новая Расія” пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета больш за ўсё кранула прэм’ера твора “Ingemisco” для альта і струнных нашай Галіны Гарэлавай, у якім кампазітарка спалучыла ўласцівыя ёй санорна-імпрэсіянісцкія памкненні (о, цуд флажалетнай тэхнікі з яе багаццем ледзь чутных абертонаў!) з далейшым працягам шастаковічаўскіх традыцый. Сола Віктара Траццякова ў Скрыпічным канцэрце І.Брамса ўражвала фенаменальнай тэхнікай і прыгажосцю трапяткога вібрата.
/i/content/pi/cult/130/645/Bashmet1.jpg 
 Юрый Башмет (Расія).
Сольны канцэрт Ю.Башмета “Бенефіс альта”, дзе славуты музыкант выступаў з камерным ансамблем “Салісты Масквы” і канцэртмайстрам (чытай — Піяністам з вялікай літары) Міхаілам Мунцяну, здзівіў поўнай адсутнасцю “д’ябальскай” экспрэсіі— нават у музыцы Н.Паганіні. Альт гучаў настолькі аксамітна і грацыёзна, што прыём піцыката (ігра па струнах не смыкам, а пальцамі), які звычайна ўспрымаецца, бы лёгкія крокі на дыбачках, выглядаў дзёрзкім клічнікам.
Дый парадыйны фрагмент з оперы “Маўра” І.Стравінскага вылучаўся не сарказмам, а ціхай самотай. Але больш за ўсё здзіўлялі тэмбравыя пераўвасабленні альта, уменне маэстра наблізіць яго тэмбр ледзь неда ўсіх сімфанічных інструментаў (у пералажэнні балетнай музыкі С.Пракоф’ева) і нават да валынкі (у старадаўніх творах). І ўсё гэта — пры знешнім адчуванні той “прастаты”, з якой могуць іграць толькі рэдкія майстры.
Але адным з галоўных вынікаў фестывалю стала тое, што беларускія музыканты не толькі нічога не страчвалі на фоне славутых замежных гасцей, але і часта прапаноўвалі яшчэ больш магутныя па сіле ўздзеяння фестывальныя кульмінацыі. У прыватнасці, такімі кульмінацыямі былі абодва канцэрты ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
У “Вечары венскай класікі”, што быў складзены з твораў Ё.Гайдна і В.-А. Моцарта, вар’іраваліся розныя спалучэнні класіцысцкіх і перадрамантычных тэндэнцый. У першым аддзяленні, аддадзеным музыцы Ё.Гайдна, адпаведны ягонай стылістыцы энергічны штрых прысутнічаў і ў віяланчэліста Аляксея Кісялёва, і ў Прэзідэнцкага аркестра Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Хіба маладосць музыкантаў надавала бюргерскай упэўненасці класіцызму лёгкае рамантычнае адценне. Галандскі ж габаіст Аляксей Агрынчук дэманстраваў надзвычай выразную, але больш моцартаўскую фразіроўку, што кантраставала гайднаўскаму гучанню аркестра.
У фартэпіянным канцэрце Моцарта аркестр чуйна адбудаваў агульную драматургію,
 /i/content/pi/cult/130/645/Bashmet3.jpg

 Гідон Крэмер (Латвія — Германія). 

накіраваную на ўсё больш яркае выяўленне саліста. У выніку ўзнік правобраз гістарычнага руху ад “аб’ектыўнасці” класіцызму да бліскучага “Я” рамантызму. У фігуры Васіля Лабанава, які варажыў за раялем, бачылася абсалютна дакладнае, амаль да найтонкіх псіхалагічных дэталей, уваскрэсенне Моцарта. Прычым такога, якім ён стаў бы, калі б дажыў да адпаведнага прафесарскага ўзросту, бо ў выкананні адчуваўся непасрэдны кампазітарскі працэс.
Пры ўсім высокім узроўні знаных маладых салістаў у “Вечары музыкі П.І. Чайкоўскага”, кульмінацыяй сталася сімфонія “Манфрэд”. Сімфанічны аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Беларусі напоўню прадэманстраваў свае лепшыя якасці: бляск, моц, магутнасць, экспрэсію — пры момантах цудоўнай “цішыні”, дзе гучанне інструментаў не столькі чулася, колькі адчувалася душой. Галоўны дырыжор аркестра Віктар Пласкіна паказаў сябе сапраўдным драматургам, сумеўшы выбудаваць вялізную шматчасткавую партытуру ў цэласнае палатно з ясна акрэсленымі лініямі і выдатнымі пераходамі ад сцішанага шоргату да шырокай кантылены з выразнымі падгалоскамі і драматычных кульмінацый.
А калі чаго фестывалю і не хапала, дык гэта адладжанага “гадзіннікавага механізма” на апошнім арганізацыйным этапе. Пэўна, трэба і надалей больш шырока паказваць беларускіх музыкантаў: не толькі аркестравыя калектывы, але і такіх салістаў, як, да прыкладу, Арцём Шышкоў, Георгій Анішчанка, Аляксандр Музыкантаў. Больш разгорнутымі могуць быць і майстар-класы (дарэчы, сёлета В.Лабанаў і А.Агрынчук, якія іх праводзілі, былі здзіўлены надзвычай высокай падрыхтоўкай і, на жаль, надта малой колькасцю нашых удзельнікаў). Дый замежныя фестывальныя канцэрты могуць праходзіць таксама з больш шырокім беларускім прадстаўніцтвам.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА