Рэзананс Падзеі.Панарама Першай

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Нацыянальная прэмія вачыма гледачоў і акадэмікаў

10 кастрычніка на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і /i/content/pi/cult/345/6448/8-1.jpgбалета Беларусі мы даведаемся, нарэшце, хто стане ўладальнікам першай у гісторыі нашай краіны Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая будзе прысуджацца па сямі намінацыях. А гэтым тыднем, літаральна з ранку да ночы, на сталічных пляцоўках ідуць прагляды вылучаных спектакляў: з 27-і, нагадаем, іх было абрана 12.

4 кастрычніка адбылося арганізацыйнае пасяджэнне журы, невыпадкова названага Беларускай тэатральнай акадэміяй: у яго складзе - 110 знаных дзеячаў нашай культуры. А ўвечары прайшло тэатралізаванае адкрыццё Нацыянальнай прэміі - з духавымі фанфарамі і старадаўнімі шляхецкімі строямі, нават тэкст вядучай - актрысы Святланы Зелянкоўскай - быў напісаны на стылізаваных скрутках.

Перад пачаткам і ў антрактах члены журы шчодра дзяліліся сваімі хваляваннямі- прыемнымі, а часам і "праблемнымі".

- Не толькі я, але і, думаю, усе члены журы, - распавёў доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі,- прыйшлі сюды з асаблівым настроем. Бо гэтая прэмія - папраўдзе доўгачаканая. Асаблівасць тэатра ў тым, што праца акцёра патрабуе ацэнкі тут і зараз. Бо заўтра гэта будзе ўжо іншае мастацтва! Тое, што Міністэрства культуры ініцыявала і Савет Міністраў прыняў пастанову аб заснаванні прэміі - вельмі станоўчы крок у дзяржаўнай падтрымцы тэ

атральнага мастацтва. Сёння, можа, яшчэ не ўсе тэатры паставіліся да гэтай прэміі з неабходнай сур'ёзнасцю. Хтосьці, мабыць, вырашыў перачакаць, спачатку паглядзець, што атрымаецца з першым уручэннем узнагарод. Усё ж справа гэта новая, у нас яшчэ невядомая. Але надалей у яе вялікія перспектывы. Прэмія будзе стымуляваць амбіцыйных творцаў, яны пачнуць рыхтаваць пастаноўкі ў разліку на яе, а гэта ўжо - штуршок да развіцця мастацтва, зарыентаванага не толькі на касавы поспех, але і, найперш, на мастацкія якасці...

 Так, прэмія - папраўдзе знакавая з'ява ў дзяржаўнай падтрымцы сцэнічнага мастацтва. Бо тэатр як ніякі іншы від мастацтва патрабуе стабільнай і сістэмнай дзяржаўнай падтрымкі. Іншая справа, што сістэма падвядзення вынікаў, відаць, будзе развівацца.

-Асабіста мне, - працягвае Рыча

рд Смольскі, - уяўляецца не зусім плённым гэткі "масавы" падыход да фарміравання складу журы. Можа, няхай яно будзе меншым, але ў яго складзе застануцца самыя адказныя прафесіяналы, найбольш аўтарытэтныя спецыялісты? У першую чаргу, гэта павінны быць мастацкія аналітыкі, тэатразнаўцы, крытыкі, бо яны больш бачаць, бываюць на розных фестывалях, могуць параўноўваць - гэта іх прафесія. І, безумоўна, там мусяць быць практыкі тэатра: драматургі, рэжысёры, дырэктары, прадзюсары, артысты, але, так бы мовіць, незалежныя адносна ўдзельнікаў спаборніцтва. Магчыма, было б няблага запрашаць у склад такога журы, як гэта бывае на міжнародных фестывалях, вядучых спецыялістаў хаця б з найбліжэйшых краін-суседак. Ды і ў цяперашнім складзе, я ўпэўнены, журы годна справіцца з пастаўленай перад ім задачай...

- Цягам трыццаці гадоў працую ў тэатры, - сказала Раіса Грыбовіч, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа, які першым прэзентаваў сваю конкурсную пастаноўку, - але ў мяне ўпершыню надарылася такая магчымасць - паглядзець на сваіх калег. Бо нават на фестывалях звычайна бывае так, што адзін тэатр прыязджае - другі з'язджае. І калі крытыкі могуць пабачыць і той спектакль, і гэты, дык мы пазбаўлены падобнай магчымасці. Але ж гэта вельмі важна: уяўляць, што робіцца навокал, як працуюць твае калегі ў іншых тэатрах, што і як у іх ставіцца, якія ў іх пошукі і ад

/i/content/pi/cult/345/6448/8-2.jpg

крыцці. Гэта дапамагае зразумець, на якім узроўні ты сам. Лепшы вопыт трэба пераймаць. Дый проста вельмі важна бывае пабачыцца, павітацца з калегамі, нават проста паразмаўляць, разам абмеркаваць штосьці. Але ж працаваць у складзе журы- складана.

- Радуе, - адгукнулася галоўны хормайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, народная артыстка краіны Ніна Ламановіч,- што гэты праект сабраў нас усіх разам. Бо як звычайна бывае? Кожны "варыцца" ў сваім тэатры, мы не бачым, што робяць нашы калегі. А тут ёсць магчымасць паглядзець, што, дзе і як пастаўлена, уявіць сабе агульную панараму тэатральнага жыцця рэспублікі, бо намінантамі на прэмію сталі лепшыя спектаклі з розных тэатраў усёй краіны. Вядома, методыка і "тэхналогія" вызначэння лепшых будзе ўдасканальвацца. Галоўнае - такая прэмія з'явілася. Яна ў стане давесці, што мы- еўрапейская краіна з добра развітай тэатральнай культурай...

 - Любая прэмія - заўжды патрэбна! - не хаваў сваёй радасці народны артыст Беларусі, купалавец Генадзь Гарбук.- А тым больш - Нацыянальная! Вось толькі... асабіста ад мяне аб'ектыўнасці чакаць не трэба. Я яшчэ нічога не паглядзеў, але ўжо вызначыўся з сімпатыямі. Дый увогуле, мне было б цяжка параўноўваць драматычныя спектаклі з аперэтай і операй. Гэта павінны быць розныя намінацыі. Бо інакш - гэта тое ж самае, што ў спорце параўноўваць, скажам, лёгкаатлета з баксёрам.

- Вельмі цяжка будзе,- прадоўжыла тую ж думку салістка Вялікага тэатра, народная артыстка Беларусі Наталля Руднева,- вылучаць кагосьці аднаго на тую або іншую намінацыю. Бо як, па якіх крытэрыях параўнаць, да прыкладу, найскладаную оперную партыю з іншымі жаночымі і мужчынскімі ролямі ў драматычных ці лялечных спектаклях? Нават партыі ў оперы супаставіць з аперэтай ці музычнай камедыяй бывае надзвычай складана. А тут - увогуле рэчы непараўнальныя. Але ж колькі ў нас таленавітых артыстаў! Пэўна, намінацый павінна быць больш...

 - Мне, пэўна, лягчэй, чым іншым, - кажа прадзюсар, кіраўнік Сучаснага мастацкага тэатра Уладзімір Ушакоў,- бо я быў сярод тых членаў камісіі, якія выбіралі цяперашнія спектаклі-намінанты з прапанаваных 27-і. У кожнага тэатра - свой кірунак. Кожны можа знайсці сваю публіку. Але трэба, каб тэатры не толькі суіснавалі ў культурнай прасторы, але і спаборнічалі адзін з адным. Прэмія павінна быць штогадовай, каб можна было адсочваць дынаміку развіцця нашага тэатральнага мастацтва: ці мы рухаемся наперад, ці стаім на месцы, ці, можа, увогуле крочым назад. Такія параўнанні могуць стаць добрым стымулам да развіцця творчых асоб. Бо нашы артысты - гэта наш нацыянальны гонар. Правільна, што колькасць членаў журы- больш за сотню: усё будзе сумленна і справядліва...

 - Праца ў складзе адборачнай камісіі дазволіла мне заўважыць, так бы мовіць, "слабое звяно" ў нашай тэатральнай культуры,- дадаў кампазітар Вячаслаў Кузняцоў.- Амаль з трыццаці спектакляў, якія вылучаліся на прэмію, літаральна лічаныя былі з аўтарскай музыкай прафесійных творцаў. Сапраўды, апошнім часам склалася тэндэнцыя (і Нацыянальная прэмія толькі акцэнтавала яе) рабіць да спектакляў гэткую музычную "нарэзку", не заўсёды прыдатную да стылістыкі відовішча і часта вельмі дрэнна "сшытую", бо месцы "швоў" так і "кідаюцца ў вушы". Другі варыянт - звяртацца па аўтарскую музыку да непрафесійных кампазітараў. Бываюць, вядома, і прыемныя выключэнні (да прыкладу, даволі стыльны "саўндтрэк" Ягора Забелава ў "Драй швэстэрн"). Але пераважае, на жаль, непрыемнае правіла - адмова ад прафесіяналаў. І гэта адразу збядняе спектакль, бо кампазітар уносіць у спектакль не проста "афармленне" ці, у лепшым выпадку, нейкі дадатковы каларыт, а яшчэ адну - сваю - мастацкую канцэпцыю. Думаю, вырашыць дадзеную праблему дапаможа менавіта Нацыянальная прэмія: яна ўсё расставіць па сваіх месцах...

 - Добра, што гэта, нарэшце, адбылося! - народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў быў настроены вельмі аптымістычна. - Бо прэміі ёсць каму і за што прысуджаць. Цудоўна, што ўсе вылучаныя спектаклі мы можам убачыць адразу і разам, у фестывальным рэжыме. Асаблівасць тэатральнага мастацтва ў тым, што яно ствараецца на нашых вачах. Таму і ацэньваць яго трэба - па тым, як той або іншы спектакль склаўся тут і зараз, а не "ўвогуле"...

- Было б няблага, - прапанавала народная артыстка краіны, прыма Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Наталля Гайда,- прыдумаць для Нацыянальнай прэміі і прыза, што будзе ўручацца, якую-небудзь паэтычную назву. Можа, аб'явіць конкурс на лепшую назву? Усё ж мастацтва- справа тонкая, далікатная. У тэатра павінна быць свая паэтыка - нават на ўзроўні назвы для прыза...

■ ■ ■/i/content/pi/cult/345/6448/8-3.jpg

 А з якім прыўзнятым настроем ішлі на прагляды гледачы! Калі ўваход на вячэрнія спектаклі сталічных труп быў, як звычайна, па білетах, дык дзённа-ранішнія паказы, зладжаныя абласнымі тэатрамі, праходзілі па запрашальніках. Залы - папраўдзе аншлагавыя!

- Дзякуй вялікі за такі падарунак! - казалі людзі сталага веку. Сярод іх аказалася нямала сапраўдных аматараў і знаўцаў тэатра, якія адсочвалі ўсе ранейшыя гастролі абласных тэатраў цягам многіх дзесяцігоддзяў.

 Шмат было і моладзі - пераважна студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, якія прыходзілі папросту курсамі: вучыцца, аналізаваць, пашыраць беларускі кругагляд і складаць агульную панараму сучаснай айчыннай тэатральнай культуры. Сёння і заўтра да такіх праглядаў яшчэ паспееце далучыцца і вы.

Лічбы і факты ў кантэксце прэміі Напярэдадні старту знакавай падзеі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка агучыў журналістам канкрэтныя лічбы і факты, датычныя працы тэатраў краіны.

У Беларусі дзейнічае 28 дзяржаўных тэатраў у сістэме Міністэрства культуры рэспублікі: 2 музычныя, 19 драматычных, 7 лялечных.

За год праходзіць каля 9000 паказаў, у тым ліку 5000 спектакляў дэманструюцца на стацыянарных пляцоўках. Штогод публіка наведвае 130 прэм'ер.

З 1 студзеня 2011 года ўдвая павялічыліся фінансавыя сродкі, што выдаткоўваюцца на новыя спектаклі, а з рэспубліканскага бюджэту цяпер могуць фінансавацца і праекты прыватных труп.

У рэспубліцы дзейнічаюць 6 міжнародных фестываляў: "Белая вежа" (Брэст), "Панарама" (Мінск), "Тэатральны тыдзень з "Белгазпрамбанкам" (Мінск), Фестываль нацыянальнай драматургіі (Бабруйск), "Славянскія тэатральныя сустрэчы" (Гомель), "М@rt.кантакт" (Магілёў).

На дадзены момант працуе Праграма развіцця дзяржаўных тэатраў. У планы рэканструкцыі ўключаны 24 тэатры, у тым ліку 4- рэспубліканскія, 20 - камунальнай формы ўласнасці. Толькі ў 2004- 2010 гг. на рэканструкцыю тэатраў было асвоена 400 млрд. рублёў, а да 2011-га лічба мае ўзрасці да 470 млрд.

Штогод айчынныя тэатры здзяйсняюць амаль 30 замежных гастрольных паездак.

На правядзенне Нацыянальнай тэатральнай прэміі больш як палова сродкаў выдзелена генеральным партнёрам - "Альфа-банкам" - і камерцыйнымі прадпрыемствамі - "Амкадор" і "Атлант-М".

На здымках: члены Беларускай тэатральнай акадэміі ў антракце аднаго з конкурсных спектакляў; моманты ўрачыстага адкрыцця прэміі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"