“Чаму?” ад “…Аладдзіна”

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Пад лямпай чараўніцтва: белага ці… шэрага?

/i/content/pi/cult/345/6447/7-4.jpg

 У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры - дзве чарговыя прэм'еры. Днямі адбылася пастаноўка мюзікла для дзяцей і дарослых "Чароўная лямпа Аладдзіна", а заўтра - канцэртная праграма "O sole mio", прысвечаная памяці Павароцці.

Парад тэнараў і барытонаў нашага тэатра дапоўніць Юрый Дземідовіч, якога ўсе памятаюць па "Чароўным трусіку" на дзіцячым "Еўрабачанні", знаныя салісты Марыінскага тэатра і спеўная моладзь Санкт-Пецярбурга. За пультам адзін аднаго зменяць усе чатыры дырыжоры тэатра.

Такое насычанае творчае жыццё апошнім часам для трупы зусім не навіна. Ці не страчваецца ад гэтага якасць? "...Аладдзін" рэпеціраваўся ў папраўдзе спрэсаваныя тэрміны. На пачатку сезона балетная трупа прэзентавала "12 крэслаў", потым, з прыездам амерыканскіх пастаноўшчыкаў, распачалася праца над "Вестсайдскай гісторыяй", запланаванай на вясну, і на "...Аладдзіна" застаўся літаральна тыдзень з невялікім. Тое, што творчая група ўклалася ў гэтыя тэрміны і спектакль быў зроблены з мінімальнымі выдаткамі, - дадатковы паказчык прафесійнасці яе складу. Невялікія "пагрэшнасці", выкліканыя такімі ўмовамі, з часам знікнуць, некаторыя неадпаведнасці акцёрскіх тыпажоў і прапанаваных ім роляў - магчыма, зменшацца. Таму звернем увагу найперш на тыя рэчы, якія выправіць ужо немагчыма. Сярод іх - сам зварот да гэтага твора.

Спектаклі вядомага расійскага кампазітара Марка Самойлава ішлі і ідуць на сцэне нашага тэатра ў дастатковай колькасці. Гэта колішнія "Дарагая Памэла", "Дон Жуан у Севільі", цяперашні "Нябесны ціхаход". Ніводны з іх, уключаючы "...Аладдзіна", не абыходзіўся без значнай музычнай рэдактуры. Бо даводзілася не толькі аркестраваць ці аранжыраваць клавіры, але і літаральна дапісваць меладычныя лініі і нават уключаць дадатковыя нумары. Кожная такая работа (Уладзіміра Ткачэнкі, Льва Карпенкі, гэтым разам - Ігара Бычкова) выклікала пытанне: ці не прасцей замовіць "дапрацоўшчыкам" аўтарскі твор?/i/content/pi/cult/345/6447/7-3.jpg

Музычных нумароў у "...Аладдзіне" - мноства, і гэта далёка не самы горшы прыклад творчасці кампазітара. Але спалучэнне "ўсходніх" павеваў, вырашаных у традыцыях арыенталізму, з усярэдненай эстраднай стылістыкай выглядае ніякавата. Героі не маюць яркай музычнай ідывідуальнасці. Самым запамінальным фрагментам становіцца... "Танец з шаблямі" А.Хачатурана, двойчы ўключаны пастаноўшчыкамі ў спектакль у якасці гэткай "тэмы пагоні". Міжволі ўзгадваецца "Чароўная лямпа Аладдзіна" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, пастаўленая амаль 30 гадоў таму і дагэтуль захаваная ў рэпертуары. Музыка найталенавітага Віктара Помазава, які даўно пайшоў з жыцця, стварае там незабыўную атмасферу казачна-таямнічага Усходу, ад незвычайных тэмбравых фарбаў, знойдзеных творцам, штораз бягуць мурашкі па скуры. Цяперашняя ж прэм'ера ідзе пад мінусовую сінтэзатарную фанаграму. І якой бы ні была яе якасць, без аркестра ў Музычным тэатры - сумнавата. Затое такі спектакль куды прасцей вывозіць на гастролі па тых жа абласных цэнтрах, куды тэатр апошнім часам завітвае даволі часта. Пастаноўка, пэўна, для таго і была прызначана: мінімум сцэнаграфіі, дэталі якой можна без асаблівых страт прыстасаваць на пляцоўцы любога памеру, невялікая колькасць занятых артыстаў (шэсць пар з хору цудоўна спраўляюцца з усімі танцавальнымі нумарамі).

Але ж колькі пытанняў выклікае сама п'еса! Рэжысёр Сусанна Цырук штосьці ў ёй падкарэкціравала на хуткую руку, толькі гэта не дадало героям логікі іх паводзін. Незразумелай засталася і мэтавая аўдыторыя спектакля: бацькам на ім будзе надта... складана, некаторыя дзеці папросту засумуюць, у другіх жа будзе зашмат "Чаму?", на якія няма адказаў. Бо ў спектаклі, на жаль, няма галоўнага, чым заўсёды вызначаюцца работы гэтага рэжысёра, - жывой пульсацыі думкі. А сучасным дзіцячым спектаклям гэта патрэбна нават больш, чым дарослым. І тут узнікае галоўная праблема - дзіцячых музычных пастановак увогуле. Ужо адно тое, што тэатр яе ўсведамляе і спрабуе хоць неяк вырашыць, - цудоўна. Але давайце дачакаемся пераднавагодняй прэм'еры "Цётухны Прастуды" Алены Атрашкевіч - карціна будзе больш поўнай.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА і Сяргея СУЛАЯ  

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"