Арыентацыя на сенсацыю

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Кругаварот з вандроўкай і экстрымам

/i/content/pi/cult/345/6446/7-1.jpg

 VI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета завершыцца толькі ў панядзелак, але некаторыя папярэднія вынікі гэтага форуму можна падвесці ўжо пасля першых пяці канцэртаў. Тым больш, што ў іх досыць поўна былі выказаны ўсе галоўныя эстэтычныя пазіцыі арганізатараў і ўдзельнікаў свята.

Фестываль у чарговы раз прадэманстраваў сваю... непрадказальнасць, схільнасць да змен і сюрпрызаў. Цягам мінулых гадоў на ім паступова складаліся свае традыцыі, ішоў, калі можна так сказаць, натуральны адбор таго, што акажацца больш запатрабаваным і жыццяздольным. Нешта знікала, потым дадавалася зноў, часта не проста ў адноўленым, а ў кардынальна новым выглядзе. Так, у свой час асноўным ноу-хау гэтага фэсту пазіцыянавалася яго "вандроўнасць": Мінск, Брэст, іншыя беларускія гарады, Масква, Бон... Потым арганізатары адмовіліся ад гэтай ідэі, але цяпер зноў гатовы да яе вярнуцца. Але - у форме прэзентацый нашага фестывалю ў замежжы. І наадварот: фестываляў Башмета ў іншых гарадах - у нас.

Такі "кругаварот" лепшага і сапраўды падаецца перспектыўным. Нам было б цікава пазнаёміцца з тым, што гучыць на замежных фестывалях маэстра (і, дарэчы, пераканацца, што нашы - не горшыя). "Вандроўкі" маглі б даць шанц нашым лепшым выканаўцам і кампазітарам прадэманстраваць сваё майстэрства не толькі на адной сцэне са славутымі майстрамі (а гэта арганізатары заўсёды лічылі адной з найбольш адметных рыс форуму), але і ў замежжы. І хаця сёлетніх беларускіх удзельнікаў - скрыпачку Уладу Беражную, цымбалістку Вераніку Прадзед і кампазітара Канстанціна Яськова - і без таго ў замежжы ведаюць, іх выступленні ў рамках "серыі" фестываляў Башмета не былі б залішнімі. Эстонскі дырыжор Андрэс Мустанен, больш вядомы ў нас сваім ансамблем старадаўняй музыкі "Хортус Музікус", не шкадаваў кампліментаў ужо пасля рэпетыцыі: "Супер! Супер! Супер! Фенаменальныя салісты, я ў жыцці такога не чуў! А новы беларускі твор - гэта сапраўднае мастацтва! Я неверагодна шчаслівы, што мне даверылі яго сусветную прэм'еру. Цудоўная аркестроўка, сумесь барока з сучаснасцю і такая сонечнасць, аптымістычнасць - абсалютна новае ўяўленне пра Беларусь!"

/i/content/pi/cult/345/6446/7-2.jpgСёлета ж "вандроўнасць" фестывалю распаўсюдзілася хіба на Магілёў, дзе "Салісты Масквы" выступілі ў адзін з дзён "Залатога шлягера". А яшчэ - тэма падарожжа адпавядала праграмнаму зместу сімфоніі Берліёза "Гаральд ў Італіі", якая гучала ў канцэрце адкрыцця ў Беларускім дзяржаўным цырку. Там жа, акурат перад рэпетыцыяй, Ю.Башмет канцэпцыйна звязаў гэты твор з нязвыклым месцам яго выканання: маўляў, галоўнае тут - супрацьпастаўленне асобы і натоўпу, таму аркестр і саліста трэба, па магчымасці, "раз'яднаць". У цырку для гэтага і сапраўды былі ўсе магчымасці: аркестр змяшчаўся на арэне, Башмет з альтом - на верхняй пляцоўцы, так званым "казырку", дзе звычайна сядзіць цыркавы аркестравы калектыў.

Дый сам "пераезд" урачыстага адкрыцця фестывалю ў цырк (пасля мінулагодніх залаў філармоніі і оперы) можа лічыцца не чым іншым, як яшчэ адной фестывальнай тэндэнцыяй, сутнасць якой - у пошуку новых, часам нязвыклых для канцэртнай практыкі, пляцовак. Праўда, прычыны такіх пошукаў "у нас" і "ў іх" - розныя. У замежжы галоўным становіцца пашырэнне самой музычнай прасторы: праз новыя жанры і стылі- да новага "калямузычнага" асяроддзя і наадварот; эксперыменты вядуцца, найперш, з сучаснай музыкай ці "экстрэмальнымі" апрацоўкамі класікі. У нас жа і цырк, і Палац спорту (на заключным канцэрце) былі выкліканы імкненнем арганізатараў да пашырэння саміх слухацкіх колаў, мэтай далучыць да класікі тых, хто раней ёй не цікавіўся. Таму на першы план выходзіла адметнае відовішча (у цырку - выступленні гімнастаў ды жанглёраў) ці колькасць прыхільнікаў "Акіяна Эльзы". А неабходнасць мікрафоннага падгучвання і звязаныя з гэтым уласна музычныя страты - быццам не ўлічваліся. Сваю пазіцыю наконт гэтага Юрый Абрамавіч выказваў неаднойчы: "Калі пасля такіх канцэртаў хаця б адзін чалавек, які ніколі не цікавіўся класікай, захоча яе паслухаць, мая місія будзе выканана". А калі раптам- наадварот? І чалавек, які класікай цікавіўся, больш не захоча яе слухаць?

Пытанні- невыпадковыя. Бо публіка на цяперашнім, да прыкладу, фестывалі была, у асноўным, "немузычная". Мастацкі бамонд імкнуўся трапіць хіба на фартэпіянны сольнік Мікалая Луганскага - і не памыліўся ў сваіх чаканнях. Але ж адметныя творчыя адкрыцці былі і на іншых канцэртах! З іх быў цалкам сатканы "Парад зорак" - з амаль імпрэсіяністычнай трактоўкай Бетховена, з новай для нас англійскай музыкай ХХ стагоддзя.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"