“Адвакат” для “помнікаў не навідавоку”

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

“Да сэрца” з актуальнай канцэпцыяй і тэндэнцыяй спадкаемнасці

/i/content/pi/cult/345/6441/6-1.jpg

Беларусь - адна з тых краін Еўропы, якія больш за іншыя пацярпелі пад час дзвюх сусветных войнаў ХХ стагоддзя. Не абміналі ваенныя трагедыі нас і раней. Так, ушанаваць памяць абсалютна ўсіх ахвяр баявых дзеянняў немагчыма. Але для таго, каб будучыя пакаленні ведалі пра жахі, што давялося спазнаць іх продкам, гэтую працу па ўшанаванні памяці загінулых трэба весці без перапынку. Архітэктар, мастак, паэт Галіна ЛЕВІНА шмат гадоў займаецца стварэннем мемарыялаў. Яна з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, адным з аўтараў комплексу "Чырвоны Бераг", які называюць дзіцячай Хатынню. Канцэпцыі і тэндэнцыі ўвасаблення і захавання гісторыі краіны ў архітэктуры - у гутарцы з Галінай Леанідаўнай.

Новае бачанне лёсаў

 - З цягам часу змяняюцца мастацкія густы, успрыняцце твораў мастацтва, у тым ліку манументальнага. Якія змены, на вашу думку, спазнаюць падыходы да стварэння ваенных мемарыялаў?

- Я ўспрымаю дадзены кірунак дзейнасці не толькі як працу. Любая вайна закранае лёсы канкрэтных людзей... І вось гэты аповед пра чалавека, што быў загнаны ў лагер ваеннапалонных, трапіў у канцлагер, гета, вывезены на прымусовую працу,- гісторыя, якая да канца не раскрыта. На жаль, яна і не можа дайсці да фіналу, бо сыходзяць сведкі, мінуў немалы адрэзак часу... Але наша мастацкае разуменне трагедыі вайны можа раскрывацца бясконца. Тым больш, увесь час выяўляюцца невядомыя дагэтуль падрабязнасці: архівы, успаміны сведкаў. Гэта дае нам не столькі новае бачанне, колькі магчымасць па-новаму адкрываць перыяды ваеннай гісторыі.

 - Як можна закрануць душу зусім маладога чалавека, сваякі якога ваявалі два-тры пакаленні таму?

- На мой погляд, вельмі важным з'яўляецца "персанальны боль" кожнай мясціны, асобны падыход. Быў перыяд, калі паўсюль паўсталі амаль аднолькавыя скульптуры салдатаў. Зразумела, такі падыход у свой час быў актуальны, а самі манументы цяпер уяўляюць з сябе пэўную гістарычную каштоўнасць. Але "дастукацца" да сэрца кожнага такім чынам вельмі складана: трэба вельмі пастарацца, каб твой твор не проста зрабіў уражанне, але і ідэальна "ўпісаўся" ў мясціны, дзе адбываліся падзеі. Да прыкладу, мемарыял загінулым у Гарадзеі, што рабіў мой бацька, Леанід Левін, мае ў якасці асноўнага элемента вокны: яны з'яўляюцца сімвалам тых вокнаў, праз якія мясцовыя жыхары бачылі, як яўрэяў вялі на катаванне... Гэтая, як бы невялічкая, дэталь узнікла якраз пад час гутаркі са сведкамі жудасных падзей і стала важным вобразам усяго твора. Тэма мемарыяла дзецям - ахвярам вайны ў Чырвоным Беразе - вучнёўскія парты, гаспадары якіх больш ніколі не вернуцца да вучобы... Тыя маладыя людзі, што наведваюць гэтыя комплексы, адразу разумеюць: ім шчыра і адкрыта распавядаюць пра ваенныя падзеі. Яны заўсёды бываюць уражаны.

- Вы закранулі тэму "тыповых" помнікаў, так званых алюмініевых салдат... Не сакрэт, што некаторыя з іх знаходзяцца не ў самым лепшым стане...

 - Але, лічу, тыя помнікі- частка нашай гісторыі, да якой мы павінны ставіцца з павагай, прыклад таго, якім чынам людзі мыслілі. Апошняе вельмі важна для сённяшняга разумення айчыннага мастацтва. Трэба разумець, што гэтыя помнікі ўстанаўлівалі, калі самым важным было неяк абазначыць тыя ж брацкія могілкі, да прыкладу.

 - У такім выпадку, як ставіцца да помнікаў - сведкаў савецкай эпохі, якія не маюць дачынення да ваеннай тэмы? Існуе шмат манументаў, якія знаходзяцца на балансе розных устаноў, прадпрыемстваў, і гаспадары папросту не ведаюць, што з імі рабіць... Зрэшты, "К" на сваіх палосах неаднойчы ўзнімала тэму адмысловага парку савецкага манументальнага мастацтва, які стаў бы, да ўсяго, выдатнай прынадай для турыстаў...

 - Тут усё залежыць ад мастацкай каштоўнасці кожнага асобнага аб'екта. Існуюць помнікі, зробленыя вялікімі майстрамі, і яны мусяць знаходзіцца пад увагай спецыялістаў. Добра, калі адпаведная камісія навукоўцаў і мастакоў магла б вызначыць іх мастацкую вартасць. Вядома, шматлікія з гэтых аб'ектаў знаходзяцца ў нязручных для наведвальнікаў месцах, таму ідэя парка манументальнага мастацтва - цалкам натуральная. Што да помнікаў архітэктуры, то пры рэстаўрацыі або аднаўленні трэба заўсёды мець на ўвазе, што многія з іх былі сведкамі некалькіх мастацкіх эпох. Міжнародныя прынцыпы рэстаўрацыі, якія я падзяляю, скіраваныя на тое, каб у абліччы будынка адлюстроўваліся ўсе гістарычныя эпохі, што ён перажыў. І пры гэтым нельга перакрэсліваць "аднаўленчымі" работамі арыгінальны почырк архітэктараў мінулага. Балазе на беларускай зямлі, прынамсі, у Мінску, працавалі выбітныя архітэктары. Згадайма таго ж Іосіфа Лангбарда - аднаго з самых цікавых творцаў свайго часу. Зразумела, ягоныя творы трэба падтрымліваць у належным стане, але, у той самы час, вельмі ашчадна ставіцца да захавання яго ўнікальнага аўтарскага стылю, які стаў адной з самых прыкметных рыс нашай сталіцы.

Разамкнуць кола

- Свет занядбаных беларускіх сядзіб - яшчэ адна болевая кропка нашай архітэктурнай спадчыны. Як можна выратаваць некалі занядбаныя будынкі? Якім чынам яны могуць "упісацца" ў сучасны ландшафт?

- На мой погляд, справа не ў саміх будынках, а ў свядомасці тых, хто імі займаецца. Архітэктурная спадчына, у першую чаргу, у вачах мясцовай улады, мусіць перастаць быць нейкай "старэчай", але - перайсці ў катэгорыю непасрэднай часткі гісторыі, да якой мы ўвесь час звяртаемся і будзем звяртацца. Здаецца, нічога не адбудзецца страшнага, калі, напрыклад, знесці старыя драўляныя дамы, але за імі - гісторыя канкрэтных людзей, частка гісторыі нашага грамадства.

- Такім чынам, атрымліваецца замкнёнае кола? Няўжо новае пакаленне, узгадаванае сярод новабудоўляў, расце без павагі да той жа архітэктурнай спадчыны?

 - У ідэале, кожны населены пункт нашай краіны мусіць мець архітэктурны напамін аб сваёй гісторыі - не абавязкова выбітны помнік архітэктуры, але нешта "сваё", што будзе ствараць адметнасць, непаўторнасць менавіта гэтага месца. І тыя, хто будзе бегаць з маленства вакол гэтага будынка, адпачатку "ўбяруць" сваю гісторыю, стануць ганарыцца ёю. Але, каб тое ў выніку адбылося, трэба ўжо зараз радыкальным чынам змяніць сваё стаўленне, свой погляд на архітэктуру. Паспрабуйце паглядзець па-іншаму на архітэктуру, якая нас акружае: тое, што створана трыццаць - сорак гадоў таму, - таксама ўжо частка гісторыі. Напрыклад, пасляваенная забудова галоўнага праспекта нашай сталіцы калісьці ўспрымалася як нешта новае, а сёння гэта- прызнаны шэдэўр архітэктуры і горадабудаўніцтва, які ўжо сам патрабуе пільнай увагі і аховы ад аматараў бесперапыннай "мадэрнізацыі". На жаль, амаль не ўдалося захаваць гістарычнае аблічча Лошыцкай сядзібы ў Мінску. Жыхары яго атрымалі яшчэ адно месца для пікнікоў, але страцілі частку непаўторнага аблічча горада, як у 1970-я - Нямігу... Так, для кагосьці старыя будынкі могуць выглядаць нязграбна, "сапсаваць" бліскучае аблічча новабудоўляў, але заўтра захаванае належным чынам архітэктурнае асяроддзе можа прынесці вялікія грошы ад турызму, як тое адбываецца цяпер у Еўропе!

Наш стыль - наперадзе

- Галіна Леанідаўна, на якім узроўні знаходзіцца архітэктурнае мысленне суайчыннікаў? Ці адпавядае яно сучаснаму ўзроўню развіцця мастацтва?

- На жаль, кожны - прадукт свайго часу. Сваю ролю адыгрывае не толькі майстэрства архітэктара, але і ўзровень заказчыка, яго амбіцыі і жаданне рабіць інвестыцыі. Але, калі мы кажам аб сучаснасці ў архітэктуры, дык павінны ўлічваць, каб тое, што будзе прыдумана, выглядала таксама актуальна і праз гады. Для мяне самым яскравым прыкладам сучаснага мастацтва з'яўляецца Мемарыяльны комплекс "Хатынь", адным з аўтараў якога быў мой бацька. Гэты твор мастацтва зроблены такім чынам, каб быць зразумелым для ўсіх наступных пакаленняў. Так і адбываецца на самой справе: званы Хатыні не пакідаюць людзей абыякавымі, бо ў свой час стваральнікі мемарыяла вырашылі разбурыць стэрэатыпы і ўвасобілі ў ім персанальны боль кожнай загінулай сям'і, кожнай хаты... Праз колькі тыдняў у Беларусі распачнецца чарговы дзіцячы пленэр, дзе будуць удзельнічаць дзеці з яўрэйскіх абшчын розных краін свету (адным з арганізатараў яго з'яўляюся я). Удзельнікі якраз і будуць маляваць помнікі нашай архітэктурнай спадчыны, якія знаходзяцца не навідавоку, але без іх мы не мелі б сёння вельмі важных рэчаў. Я лічу такія мерапрыемствы найлепшым сродкам для ўзняцця культурнага мыслення ў цэлым і архітэктурнага - у прыватнасці.

- Якія беларускія помнікі архітэктуры, на ваш погляд, самыя недаацэненыя?

 - Заўсёды актуальнае пытанне, бо буйныя аб'екты кшталту Мірскага замка або Палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы маюць добрых "адвакатаў" у асобе дзяржавы, а менш буйныя часта знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Узяць той жа Мір- зараз мяне клапоціць стан яго пабудоў, сярод якіх шмат цікавых помнікаў гісторыі беларускага і яўрэйскага народаў. Многія з іх рызыкуюць страціць гістарычнае аблічча, а разам з ім шмат губляе сам Мірскі замак. Лічу, не трэба баяцца пакінуць побач з помнікам сусветнага ўзроўню простыя сялянскія хаты!

- Беларускія землі заўжды былі ўключаны ў агульнаеўрапейскі архітэктурны кантэкст. А які стыль, на ваш погляд, з'яўляецца самым "беларускім" у кантэксце свету?

 - Я ўпэўнена, што Беларусь яшчэ скажа сваё значнае слова ў сусветнай архітэктуры. Наш асабісты - беларускі - стыль яшчэ наперадзе. Цяпер ідуць яго пошукі, і час росквіту айчыннай архітэктурнай школы наблізіцца хутчэй, чым мы думаем...

Фота Юрыя ІВАНОВА