Вера на драўлянай дошцы

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Вочы чалавечыя здольныя распавесці пра тое, чаго не можа выказаць голас. Нешта цалкам асабістае, што прагне пакінуць пасля сябе душа. Асабліва, калі гэта душа не грэшніка — святога. У позірку вачэй служак Божых — сапраўдны скарб духоўны. Скарб вякоў, які данеслі да нас абразы. Яго адрасуюць наведвальнікам два музеі — Нацыянальны мастацкі музей РБ і Веткаўскі музей народнай творчасці ў сумесным праекце “Скарбы стражытнага мастацтва. Абразы, кнігі, мастацкае ліццё ХІІ — ХХ стст.”.

 /i/content/pi/cult/130/644/Ikony1.jpg
 Ля іконы “Маці Божая Знаменне”. (Канец XIX ст.)

Выстаўка пад такой назвай адкрылася ў НММ і будзе доўжыцца два месяцы — з 3 верасня па 5 лістапада. На адкрыцці дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў зазначыў, што сумесны праект, “па-мастацку дастойны”, рыхтаваўся два гады. Ён прадстаўляе каля 200 найбольш рэдкіх і значных твораў старажытнага мастацтва. У першую чаргу гэта — іконы, літыя абразкі, графічныя прамалёўкі (узоры для стварэння ікон), металічныя чаканныя аправы абразоў і дэкаратыўнае ўбранне рукапісных і друкаваных кніг ХVІІ— ХІХ стст. Экспазіцыя складаецца з фондавых каштоўнасцей абодвух музеяў і падзелена на некалькі тэматычных блокаў: “Крыжы”, “Іканаграфія Хрыста”, “Іканаграфія Маці Божай”, “Выбраныя святыя і лекары”, “Абразы і ківоты з уразнымі творамі меднага ліцця”. Гэта старажытныя помнікі ХІІ— ХVІІ стст. і стараверскія вырабы другой паловы ХVІІІ — ХХ стст. Большасць з прадстаўленых мастацкіх твораў былі канфіскаваны і трапілі ў музей акурат з мытняў Брэста, Смаргоні, Гродна. Іншыя добраахвотна прынеслі людзі — “апошнія прадстаўнікі стараверскай культуры”, як распавяла дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці Галіна Нячаева. Адзін з экспанатаў, які першым сустракае гасцей выстаўкі, работнікі музея знайшлі на парозе пакінутага жыхарамі дома на забруджанай Чарнобылем тэрыторыі. Гэта медная чырвоная ікона, але з пустымі чорнымі нішамі для ўстаўкі абразкоў — быццам пачарнела ад перажытога.
Цікавы і “Снежны складзень”: чатыры невялічкія літыя іконкі, счэпленыя разам,

 /i/content/pi/cult/130/644/Ikony2.jpg
 Аправы з Веткаўскага музея.

адлюстроўваюць асноўныя гадавыя царкоўныя святы. Такі складзень мог узяць з сабой купец ці, напрыклад, цясляр (а стараверы былі вельмі працавітыя!) і памаліцца ў любую хвіліну ўдалечыні ад дома. “А “Снежны” — таму, што, магчыма, снег на яго падаў, калі падарожны маліўся ў полі. Вось такая рамантычная назва,” — распавяла Галіна Рыгораўна.
Можна ўбачыць на выстаўцы і старажытныя ківоты — дошкі з месцам для ўстаўкі літога абразка. Калі ж абразок не ацалеў на драўлянай паверхні, то такі ківот не з’яўляецца рэлігійнай каштоўнасцю.Рарытэты — літыя іконы часоў Кіеўскай Русі “Святыя бяссрэбранікі Казьма і Даміян” і “Грамніцы”. Для вырабу такога тыпу абразоў старажытныя майстры выкарыстоўвалі ў асноўным медзь (адсюль і назва накірунку — меднае мастацкае ліццё). Але ў асобных выпадках ужываліся і свінец з волавам. Пазней (у ХІХ ст.) у аздабленне пачалі дадаваць эмаль (у тым ліку і каляровую).
Адметнай падзеяй выстаўкі стала прэзентацыя альбома-каталога “Абраз літы, старадаўні…”, выдадзенага пры фінансавай дапамозе Фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы культуры і мастацтва. У каталогу змешчаны ўсе медналітыя творы з фондаў музея — такім чынам ён дае найвыразнае ўяўленне пра меднае ліццё на беларускіх землях ХІІ — ХХ стст. Рэцэнзавалі выданне супрацоўнікі Музея Андрэя Рублёва з Масквы, якія таксама прысутнічалі на адкрыцці выстаўкі.… Тут можна ўбачыць веру. На старэнькай дошцы ці на выяве са звычайнай медзі. Тое, што так неабходна чалавеку ў наш час і чаго так не хапае. Прыходзьце на выстаўку — і, магчыма, здолееце адкрыць і для сябе якуюсь таямніцу — быццам невялічкі медналіты складзень для малітвы.

Таццяна МАЦЮШОНАК,
студэнтка факультэтажурналістыкі БДУ 
Ля іконы “Маці Божая Знаменне”. (Канец XIX ст.)
Аправы з Веткаўскага музея.