Няўжо патрабаванне — “фактычнае псаванне”?

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

або Канешне, усё залежыць ад таго, у чыіх руках дрыль...

/i/content/pi/cult/345/6439/4-1.jpg

Ці даступная музеям тэхналогія вылічэння падробак?

Музей - установа ўжо па вызначэнні кансерватыўная, але мала хто сумняваецца ў тым, што без дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу ёй сёння не абысціся. Хаця б нават у той самай справе кансервацыі. Навукова-практычны семінар "Актуальныя праблемы кансервацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў", праведзены Інстытутам культуры Беларусі 30 верасня, сабраў каля сотні спецыялістаў, якія прадстаўлялі не толькі "брэндавыя" рэспубліканскія музеі, але і невялічкія раённыя (агулам - 65 устаноў). Усе прысутныя здолелі пераканацца, што "ноу-хау" ў музейнай сферы для іх не проста карысныя - неабходныя! Яны з'яўляюцца панацэяй не толькі ад шашалю і плесні, але і ад іншых "паразітаў" - тых, хто выкарыстоўвае чужую славу, ствараючы падробкі пад творы вядомых мастакоў. Зрэшты, семінар не толькі прадэманстраваў высокі ўзровень айчынных музейных тэхналогій, але і засведчыў істотную праблему: скарыстацца "прасунутымі" напрацоўкамі ў поўнай меры могуць пакуль далёка не ўсе тыя ўстановы, якім яны патрэбны. У тым ліку - і з прычыны "нераскручанасці" гэтых "ноу-хау" ў музейных колах. Карэспандэнт "К" паспрабаваў намацаць тыя болевыя кропкі, якія сёння непакояць прафесіяналаў-музейшчыкаў, і разабрацца, чаму прагрэсіўныя тэхналогіі не заўсёды паўнавартасна ўліваюцца ў паўсядзённую практыку.

 Зрэшты, да нядаўняга часу крыніцай многіх праблем у музейнай сферы прафесіяналы лічылі адсутнасць той інстытуцыі, якая выступала б у ролі своеасаблівага метадычнага цэнтра, здатнага знайсці адказы на самыя розныя пытанні, часам - вельмі "вузкапрофільныя". Не было і пляцоўкі для абмену досведам: музейшчыкі альбо "варыліся ва ўласным соку", альбо маглі разлічваць толькі на асабістыя кантакты. Але адносна нядаўна такая ўстанова з'явілася.

 - Наш інстытут і павінен стаць гэткім "казаном" для абмену досведам, - адзначыў рэктар установы Іван Крук.-Такія семінары мы плануем ладзіць рэгулярна, і я перакананы, што кожная з гэтых сустрэч дазволіць нам зрабіць крок наперад у вырашэнні праблем музейнай сферы...

Семінар стаў адным з першых праектаў у галіне метадычнага навучання музейных кадраў, арганізаваных аддзелам навуковаметадычнага забеспячэння развіцця музейнай дзейнасці Інбелкульта і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Як адзначыла начальнік аддзела Ірына Лапцёнак, адметнасцю такіх семінараў павінен стаць іх навукова-практычны характар, комплекснасць, а мэтай - далучэнне слухачоў да апошніх дасягненняў айчыннай навукі і адметных распрацовак у галіне развіцця музейнай справы за мяжой.

Пажыральнікі культурных каштоўнасцей/i/content/pi/cult/345/6439/4-2.jpg

 Слова "біяцыды" гучыць пагрозліва. Але калі ведаць, які тып жывых арганізмаў прызначаны забіваць гэтыя адмысловыя хімічныя прэпараты, успрыняцце яго адразу змяняецца. Бо плесневыя грыбы здатныя дарэшты зніштожыць каштоўныя экспанаты, з'ядаючы іх у літаральным сэнсе слова. Больш за тое: яны могуць быць небяспечнымі і для чалавека, працягваючы жыццё ўнутры яго арганізма. І таму вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Ірына Ганчарова заклікае музейшчыкаў аб'явіць ім татальную вайну.

Па словах спецыяліста, поўнасцю засцерагчы музейныя калекцыі ад біяпашкоджанняў бадай немагчыма: для гэтага давялося б стварыць папраўдзе стэрыльныя ўмовы. Тым больш, нават адна пора плесневага грыба з часам можа стаць прычынай "пандэміі". Адпаведна, да вайны з гэтымі мікраарганізмамі мусіць быць гатовы кожны музей. І рана ці позна яна здарыцца.

Але праблема нярэдка палягае не толькі ў бяздзейнасці супрацоўнікаў канкрэтнай музейнай установы, але і ў дзеяннях. Часцяком - няправільных. Біёлагі настойліва не раяць музейшчыкам займацца саматужным "лячэннем". Бо перш чым "прапісваць лекі", прынцыпова важна паставіць правільны "дыягназ", даведаўшыся, які менавіта тып біяарганізмаў напаў на экспанат. У тым выпадку, калі хімпрэпараты прымяняюцца ўсляпую, эфект можа быць супрацьлеглы чаканаму.

Зразумела, правесці такія даследаванні сваімі сіламі раённы ці нават абласны музей не здолее: для гэтага патрэбна адмысловая лабараторыя і "вузкія" спецыялісты. У Інстытуце мікрабіялогіі абодва гэтыя складнікі ёсць. Таму, як запэўніла Ірына Ганчарова, праблема-вырашальная:

- У прынцыпе, пробы можна дасылаць у нашу лабараторыю нават па пошце: узяць звычайную ватную палачку, загарнуць яе ў адпрасаваную паперку, пакласці ў канверт... Наколькі мне вядома, за мяжой гэта ўжо практыкуецца...

З залы ў час семінара пасля апошняй фразы адразу ж прагучалі натуральныя ў дадзеным выпадку пытанні: куды звяртацца са сваімі пробамі? Але, як выявілася, рэальны (у фінансавым вымярэнні) механізм супрацоўніцтва музейшчыкаў і мікрабіёлагаў пакуль не ўсталяваны, бо, паводле дзеючай сістэмы, ніякіх зніжак на паслугі в ы с о к а к в а л і ф ік а в а н ы х спецыялістаў Акадэміі навук для музейных устаноў не прадугледжана. Аднак на агульных умовах любы музей можа правесці неабходны аналіз, заключыўшы адпаведную дамову з Інстытутам мікрабіялогіі. Іншая справа - брак інфармацыі пра падобную магчымасць...

- Спадзяюся, у бліжэйшы час спецыялісты розных напрамкаў пачнуць вырашаць праблемы комплексна, - адзначыла Ірына Ганчарова.-Не толькі на ўзроўні асабістых кантактаў, але і менавіта як зладжаная сістэма...

Загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Галіна Гайдукова акцэнтуе ўвагу яшчэ на адным шкодніку ў справе захавання культурных каштоўнасцей- шашалі.

- Чарнабуры вусаты жучок, меншы за галоўку запалкі, падаецца зусім бяскрыўднай істотай,- адзначыла яна на пачатку выступлення. - І многія музейныя супрацоўнікі не звяртаюць увагі (або, будзем шчырымі, лічаць за лепшае не звяртаць увагу) на тыя маленькія дзірачкі, што з'яўляюцца, скажам, на іконе ці іншым драўляным экспанаце. Але варта памятаць: шашаль здатны ператварыць у друз не толькі асобны прадмет, але і цэлыя дамы: адна лічынка прарабляе хады даўжынёй да 50 сантыметраў!..

Прадухіліць такі сумны варыянт развіцця падзей могуць толькі няспынныя прафілактычныя захады. Перадусім - рэгулярны агляд музейных прадметаў, які павінен ажыццяўляць захавальнік фондаў або рэстаўратар, асабліва ў цёплую пару года. Пік небяспекі выпадае на май - чэрвень. У гэтыя месяцы Галіна Гайдукова рэкамендуе праводзіць агляд штодзённа. Пільную ўвагу належыць надаваць новым экспанатам, якія часам трапляюць у фонды непасрэдна з бабульчыных гарышчаў.

- Нельга забывацца і на такое зусім простае прафілактычнае мерапрыемства, як абарона фортак у памяшканні марляй або сеткай з дробнымі вочкамі,- дадала спецыяліст.

Несумненна, да яе парад варта прыслухацца ўсім, хто адказны за ўтрыманне музеяў і музейных куткоў (апошнія сёння можна сустрэць ледзь не ў кожным СДК або Доме рамёстваў).

 Балазе прадметы традыцыйнага сялянскага побыту, якія там звычайна размешчаны,- ідэальны пасілак для шашаля.

У тым выпадку, калі экспанат усё ж быў заражаны, і на ім выявіліся характэрныя лётныя адтуліны, ён патрабуе неадкладнага "лячэння". Яно можа быць вельмі складаным: некаторыя з парод шашаля нават больш жывучыя, чым тараканы. Тым больш, набыць адмысловыя хімічныя рэчывы для музейнага супрацоўніка- не абы-якая праблема. Прычым, як адзначыла Галіна Гайдукова, праблема тая зазвычай ускладаецца на плечы самога супрацоўніка.

Менавіта таму Галіна Гайдукова прапаноўвае стварыць у краіне хаця б адну краму, што спецыялізуецца на рэстаўрацыйных матэрыялах.

Складанасці закупкі патрэбных у музейнай справе хімрэактываў абумоўлены яшчэ і тым, што многія з іх вырабляюцца толькі за мяжой, не маючы аналагаў на Беларусі. А пад час семінара выявіўся і яшчэ адзін аспект праблемы: сёння захавальнік фондаў альбо рэстаўратар не можа свабодна набыць не толькі якісь унікальны прэпарат, але і звычайны спірт. Яго закупка вымагае мноства фармальнасцей.

Таму рэстаўратар з Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Вячаслаў Пчэльнікаў шчыра прызнаўся, што ў д а д з е н ы м выпадку ён вымушаны шукаць уласныя "крыніцы". Спецыяліст займаецца аднаўленнем гістарычнай зброі, а без згаданага рэчыва ў такой справе ніяк не абысціся.

Ірына Лапцёнак патлумачыла механізм станоўчага вырашэння пытання з набыццём матэрыялаў, неабходных у рабоце рэстаўратара. Патрэбна зрабіць разлік, напісаць абгрунтаванне і загадзя падаць заўку на наступны каляндарны год у Міністэрства культуры. Для тых музеяў, якія сур'ёзна займаюцца планаваннем, гэтае пытанне, на думку спецыялістаў, востра не стаіць. Цяжка не пагадзіцца і з тым, што, нягледзячы на паўнавартасную дзяржаўную падтрымку ў стварэнні экспазіцый і выставак, рамонтных работах, сам музей таксама павінен вылучаць пэўныя пазабюджэтныя сродкі. У тым ліку - і на набыццё матэрыялаў, расходаванне якіх не заўжды можна пралічыць да мілілітра.

 Ружжо з музея не стрэліць

 Натуральна, агнястрэльная зброя- вельмі спецыфічная частка музейных калекцый. Пры ўсім сваім мемарыяльным, гістарычным, мастацкім значэнні, яна, у той самы час, застаецца... зброяй. Адпаведна, яе сучаснае выкарыстанне патэнцыйна небяспечнае. Перасцярогі ў нечым матываваныя: як пісаў класік, часам стрэліць можа нават незараджаная стрэльба...

Кажучы аб рэстаўрацыі музейнай зброі, Вячаслаў Пчэльнікаў закрануў і тэму прадухілення яе выкарыстання. Паводле інструкцыі Міністэрства культуры краіны, гістарычная зброя з (у гэтую катэгорыю трапляюць вырабы 1900 - 1945 гг.) з музейных фондаў павінна быць прыведзена ў небаяздольны стан. Прадугледжаны і адмысловыя метады, адносна бяскрыўдныя для экспаната: свідраванне адтуліны дыяметрам не менш за 5 мм у казённай частцы або спільванне байка. Але... Як распавёў Вячаслаў Пчэльнікаў, на практыцы іх прымяненне нярэдка прыводзіць да сапраўднага варварства ў дачыненні да музейнага прадмета.

- У нашых музеях можна ўбачыць унікальныя ўзоры зброі, якія былі папросту знявечаны. Часта музейшчыкі даюць дрыль у рукі чалавеку, якому абсалютна без розніцы, дзе свідраваць: хай наўпрост па кляйме альбо інкрустацыі, - з абурэннем адзначыў рэстаўратар. - Таму ў мяне ёсць вялікая просьба да музейных супрацоўнікаў: пакажыце рабочаму пальцам тое месца, дзе рабіць адтуліну, парупіўшыся, каб яна была незаўважная і не псавала ўражання ад прадмета...

Адна з удзельніц семінара падзялілася сваёй праблемай. Каб зрабіць бяспечным паляўнічае ружжо пачатку ХХ стагоддзя, супрацоўнікі міліцыі прымушаюць музейшчыкаў не толькі прасвідраваць адтуліны і спілаваць баёк, але і заліць ствол свінцом ды працяць яго жалезным штыром. Гэта куды больш, чым вымагае згаданая інструкцыя, што, на думку Вячаслава Пчэльнікава, сведчыць пра недастатковую ўзгодненасць патрабаванняў розных інстанцый.

Рэстаўратар выказаў спадзяванне на тое, што з часам практыка захоўвання зброі ў музеях кардынальна зменіцца. Патэнцыйную небяспеку ўдасца ліквідаваць за кошт стварэння адмысловых умоў захоўвання, а не праз фактычнае псаванне экспанатаў. Тым больш, што пазбаўленне музейнай зброі магчымасці страляць- не самае лепшае выйсце. Яно робіць немагчымым яе далейшае вывучэнне спецыялістамі ў вобласці балістыкі.

Увогуле, заглыбляецца ў глыбіню пытання Ірына Лапцёнак, гэтая праблема неаднойчы ўзнімалася і раней. Міністэрства культуры Беларусі неаднойчы рабіла захады па яе вырашэнні, звяртаючыся ў Міністэрства абароны краіны. Сёння ж кантроль выканання інструкцыі застаецца за дырэктарамі і галоўнымі захавальнікамі фондаў музеяў.

Зрэшты, куды большую грамадскую небяспеку, на думку Вячаслава Пчэльнікава, можа ўяўляць не зброя, а боепрыпасы - тыя гранаты, міны, снарады, якія таксама нярэдка можна сустрэць у экспазіцыях або фондасховішчах беларускіх музеяў. Стопрацэнтную гарантыю іх небаяздольнасці могуць даць толькі кваліфікаваныя спецыялісты зусім не музейнага профілю.

- Часцей за ўсё музейшчыкі звяртаюцца ў бліжэйшы ваенкамат,- адзначыў Вячаслаў Пчэльнікаў. - Але, як паказвае досвед, не ўсе людзі ў пагонах добра абазнаныя ў дадзенай праблематыцы. Таму лепш за ўсё звяртацца непасрэдна ў Дзяржаўны экспертны крыміналістычны цэнтр МУС Рэспублікі Беларусь, дзе працуюць спецыялісты, якія ці не штодня маюць справу з такімі прадметамі, як боепрыпасы, і таму могуць зрабіць кваліфікаванае заключэнне...

Вячаслаў Пчэльнікаў закрануў і іншую праблему - гэтым разам вырашальную на ўзроўні саміх музеяў:

- Вельмі часта ў экспазіцыях даводзіцца бачыць зброю, якая не адпавядае прадстаўленаму перыяду альбо сабраная з розных фрагментаў і дэталей, прычым розніца ў часе, здараецца, дасягае стагоддзя. Раней такое магло лёгка сысці з рук, але сёння наведвальнікі сталі куды больш абазнанымі і таму звяртаюць на гэта ўвагу ды адрасуюць даглядчыкам залаў непрыемныя пытанні.

Лазар цэліць па падробках

Як адзначыў рэстаўратар, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны гатовы выконваць ролю своеасаблівага кансультацыйнага цэнтра ў такой спецыфічнай нішы, як захаванне і рэстаўрацыя музейнай зброі. З гэтым не паспрачаешся. Як і з тым, што падобную функцыю ў іншай нішы- твораў мастацтва- здатны прыняць Нацыянальны мастацкі музей. Стварэнне падобных цэнтраў мае надзвычайную важнасць- у большасці рэгіянальных музеяў пасада рэстаўратара нават адсутнічае ў штатным раскладзе, чаго не скажаш пра тую ж зброю і творы мастацтва, якія патрабуюць рэстраўрацыі.

Загадчык сектара фізіка-хімічных даследаванняў аддзела рэстаўрацыйных майстэрняў Нацыянальнага мастацкага Кацярына Русакова апісвае "гуманныя" метады даследавання мастацкага твора- тыя, што не прыводзяць да нанясення яму фізічнай шкоды, непазбежнай пры ўзяцці проб. Балазе сучасныя тэхналогіі гэта дазваляюць. Дарэчы, "цвіком праграмы" семінара стала дэманстрацыя ў дзеянні ўнікальнай прылады- лазарнага спектрометра, створанага ў Інстытуце фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У фае Інстытута культуры адбылося сапраўднае "навуковае шоу", на якое пры жаданні можна і прадаваць білецікі. Літаральна за некалькі хвілін лазар "распавёў", якімі фарбамі напісаны размешчаны ў тым самым фае партрэт беларускага першадрукара, не зрабіўшы гэтаму твору мастацтва абсалютна ніякай шкоды.

Лазарная гармата наскрозь працінае пігментныя слаі карціны, даходзячы ажно да грунту, і на экране ноўтбука, забяспечанага адмысловай базай даных, адразу ж з'яўляецца інфармацыя аб выкарыстаных мастаком фарбах. Іх даціроўка часам дазваляе выявіць фальшыўку амаль імгненна.

Так здарылася ў свой час з карцінай, што прыпісвалася рускаму мастаку Сцяпану Галакціёнаву (1778 - 1854 гг.). Безэмацыйны лазар знайшоў на палатне тытанавыя бялілы, якія пачалі выпускацца толькі ў ХХ стагоддзі. Куды складанейшую задачу прапанаваў навукоўцам невядомы падробшчык твора Тыцыяна. Амаль усе фарбы адпавядалі часу жыцця знакамітага венецыянца. За выключэннем хіба адной- кобальту сіняга, які з'явіўся толькі ў ХІХ стагоддзі. Адпаведна, гэтую вельмі старую падробку ўжо саму па сабе выпадае лічыць творам мастацтва.

Як распавяла Ірына Лапцёнак, стварэнне ўнікальнай прылады пачалося ў 2003 годзе ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук. Удзельнікам семінара быў прадэманстраваны лазарны спектрометр ужо другога пакалення- апошняе слова тэхнікі. Кіраўнік рабочай групы доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Райкоў без лішняй сціпласці адзначыў: "У свеце ёсць адзінкавыя аналагі падобных прылад, але менавіта гэтая-ўнікальная!"

Лазарны спектрометр быў задзейнічаны пры экспертызе і мікрааналізе ўжо больш як сотні твораў выяўленчага мастацтва. Ён паспеў папрацаваць у Нацыянальным мастацкім музеі, зусім нядаўна "да костак" працяў вернутую ў Нясвіж булаву Радзівілаў... Як распавёў Сяргей Райкоў, заказы нярэдка паступаюць і ад прыватных асоб, у тым ліку і замежнікаў.

 Адпаведна, можна цалкам пагадзіцца з думкай Ірыны Лапцёнак: інавацыя ўжо спраўдзіла сябе, і цяпер гаворка павінна весціся пра яе шырокае ўкараненне ў музейную практыку.

Праблема экспертызы твораў мастацтва ў наш час хвалюе музейшчыкаў нежартоўна: сусветны арт-рынак літаральна перанасычаны якаснымі падробкамі, якія немагчыма адрозніць няўзброеным вокам ад аўтарскіх арыгіналаў. Згадайма, што паратройка гучных скандалаў на гэты конт мелі месца ўжо і на Беларусі.

Зрэшты, гэта толькі адзін аспект праблемы атрыбуцыі. У айчынных музеях (асабліва рэгіянальных) нярэдка даводзілася бачыць "неапазнаныя" пакуль артэфакты. Больш-менш дакладна вырашыць пытанне іх аўтарства або хаця б часу стварэння самі супрацоўнікі музеяў не здатныя.

Як адзначыла Кацярына Русакова, універсальнага метаду атрыбуцыі мастацкага твора, безадмоўнага "на ўсе выпадкі жыцця", чалавецтва пакуль не вынайшла. І таму навукоўцы вымушаны звяртацца да карпатлівых комплексных аналізаў. Спектрометр таксама не з'яўляецца ўніверсальнай панацэяй, але... Неаспрэчна, ён здатны праліць святло на многія таямніцы. І да таго ж, валодае ўнікальнай адметнасцю - партатыўнасцю: прылада лёгка змяшчаецца ў багажніку легкавіка, і гэтая акалічнасць вельмі важная ў тых выпадках, калі даставіць прадмет на экспертызу ў стацыянарную лабараторыю вельмі праблематычна або нават немагчыма.

Апошняе датычыцца, прыкладам, фрэсак. Плён працы беларускіх навукоўцаў ужо паспеў паўдзельнічаць у даследаванні роспісаў Архікатэдры Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, сцен Сафійскага сабора ў Полацку. На чарзе-і кіеўская Сафія. Лазар здатны выявіць старадаўнія фрэскі пад тымі роспісамі, што з'явіліся зверху іх пазней, не зрабіўшы ніякай шкоды самім роспісам. Раней даследчыкі пра такую магчымасць маглі толькі марыць.

Да таго ж, лазарны спектрометр можа выкарыстоўвацца не толькі пры атрыбуцыі, але таксама і пры рэстаўрацыі твораў мастацтва (у тым ліку і для іх ачысткі). І не толькі твораў мастацтва, але і архітэктурных помнікаў, на сценах якіх таксама назапасіліся пласты часу.

 ...Уражаныя музейшчыкі пыталіся, ці могуць яны скарыстацца тымі выгодамі, што дае гэтая навінка. Як выявілася, экспертыза каштуе зусім несімвалічную суму. І для тых жа раённых музеяў яна можа быць "непад'ёмнай".

■ ■ ■

Як адзначыла Ірына Лапцёнак, семінар здолеў акрэсліць найважнейшыя задачы на бліжэйшы час. Сярод іх- правядзенне метадычнага навучання музейных кадраў па спецыяльнай праграме, наладжванне дыялога паміж музейшчыкамі-практыкамі, рэстаўратарамі і спецыялістамі розных навуковых дысцыплін, выпрацоўка прапаноў па асобных практычных аспектах дзейнасці музеяў у галіне кансеравацыі і рэстаўрацыі музейных прадметаў.

Натуральна, акрэсліць праблему браку каардынацыі паміж рознымі зацікаўленымі суб'ектамі - тымі ж "вытворцамі" музейных тэхналогій і карыстальнікамі апошніх - куды прасцей, чым вызначыць адназначныя шляхі яе вырашэння. Тое ж самае тычыцца і схем перадачы досведу: як "зверху ўніз", з цэнтра ў рэгіёны, так і на парытэтных асновах. На думку Ірыны Лапцёнак, падобныя прапановы з боку музейнай супольнасці павінны быць узважанымі ды абдуманымі. І каб вынайсці тыя механізмы, якія задаволілі б усіх, патрэбна шырокая дыскусія.

Але самае важнае тое, што яна пачалася. Першы крок па стварэнні зладжанай сістэмы, здатнай з часам ахапіць нават музейчыкі ў самых аддаленых ад сталіцы райцэнтрах, ужо быў зроблены.

...На думку Івана Крука, музей не толькі захоўвае гісторыю, але і сведчыць пра сучаснасць. Гэта сінтэз той эпохі, у якую ўзнік пэўны артэфакт, і энергетыкі нашых сучаснікаў, скіраванай на яго захаванне.