Дзень, які сабраў прафесіяналаў

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

У сталіцы ўчора адбыліся ўрачыстасці з нагоды свята работнікаў культуры

/i/content/pi/cult/345/6437/3-2.jpg

7 кастрычніка ў сталічным Доме кіно прайшлі ўрачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры. Гэтае свята, як і штогод, адбывалася ў шыкоўным аксамітным атачэнні залатой восені. Святочны настрой стварала і выстаўкапрэзентацыя праектаў, якія ўвасабляюцца Міністэрствам культуры Беларусі. На пасяджэнні быў зачытаны прывітальны адрас Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, падпісаны віцэпрэм'ерам Анатолем Тозікам. "Вашы прафесійныя дасягненні садзейнічаюць адраджэнню духоўнай спадчыны, сцвярджэнню культурнай самабытнасці народа, умацаванню аўтарытэту Беларусі ў сусветнай супольнасці", - зазначаецца, у прыватнасці, у адрасе.

Паважаныя сябры!

Сардэчна віншую вас з прафесійным святам - Днём работнікаў культуры!

Наша краіна па праве ганарыцца разнастайнасцю і самабытнасцю культурнай прасторы. Сёння развіццё культуры з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.

Дзякуючы вашай паўсядзённай працы захоўваюцца і прымнажаюцца духоўныя багацці і традыцыі нашага грамадства. Вопыт, веды і талент работнікаў культуры забяспечваюць надзейную сувязь паміж пакаленнямі і садзейнічаюць развіццю новых магчымасцей для культурнага дыялога.

Ваш паўсядзённы ўклад у захаванне культурнай спадчыны, развіццё народнай творчасці, узбагачэнне мастацкага здабытку нашай краіны сапраўды неацэнны, заслугоўвае прызнання і пашаны.

 Асаблівую падзяку выказваю ветэранам культуры за бязмежную адданасць сваёй справе, за славу, якую яны прынеслі роднай краіне.

"...Ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху..." - менавіта словамі Уладзіміра Караткевіча можна выказаць саму сутнасць працы работнікаў нашай сферы. І "трывожнае сэрца", пра якое пісаў Максім Багдановіч, - гэта таксама адна з характарыстык работніка культуры - таленавітага, крэатыўнага, ашчаднага захавальніка спадчыны нашай зямлі і заўжды адкрытага да новага высокага прафесіянала.

Паважаныя работнікі культуры, жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці.

З удзячнасцю і вялікай павагай - міністр культуры Павел ЛАТУШКА

/i/content/pi/cult/345/6437/3-4.jpgУ сваім дакладзе асноўныя кірункі развіцця айчыннай культуры акрэсліў міністр Павел Латушка. Кіраўнік Міністэрства культуры закцэнтаваў увагу прысутных на тых найважнейшых падзеях і дасягненнях, якімі вылучалася сфера цягам года. Таксама міністр звярнуўся да прысутных са шчырымі словамі віншаванняў, прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання работнікаў культуры.

 Наогул жа, фае Дома кіно стала месцам сустрэчы калег і сяброў з усёй рэспублікі. Букеты, усмешкі, словы віншаванняў... І зусім не выпадкова адной з самых частых фраз, што чулі нашы карэспандэнты, стала наступная: "Я наведваю святкаванні ў сталіцы ўжо не першы год! А вы?" Зрэшты, усё заканамерна: урачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры - сапраўды сустрэча лепшых з лепшых.

Унурыўшыся ў атмасферу прафесіяналізму і абмену вопытам (на дзіва, нават у падобнай абстаноўцы работнікі культуры працягвалі працаваць!), нашы карэспандэнты папрасілі падзяліцца прадстаўнікоў дэлегацый сваім настроем, а самае важнае - здзейсненымі і будучымі праектамі.

- Віншую работнікаў культуры вобласці і ўсёй краіны з надыходзячым святам!- пачаў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. - І гэтае віншаванне - ад шчырага сэрца, бо зроблена, сапраўды, вельмі шмат. Адным з галоўных нашых творчых набыткаў бягучага года, як лічу, з'яўляецца тое, што Гродзенскі абласны драматычны тэатр атрымаў званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь". Не меншым дасягненнем з'яўляецца і ўзнаўленне гістарычных помнікаў, якімі спрадвек славіцца Гродзеншчына. Змяняецца аблічча радзімы Міхала Клеафаса Агінскага - Залессе. Пад пільнай нашай увагай - і Навагрудак. Налета маем намер заняцца кансервацыяй Гальшанскага і Крэўскага замкаў.

/i/content/pi/cult/345/6437/3-1.jpg- Канешне, ва ўсіх свае прыярытэты, але для нас, скажам, важным было за гады рэалізацыі Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла забяспечыць камплектаванне і пераабсталяванне ўстаноў,- кажа дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна.- У выніку камп'ютарызаваны ўсе 203 бібліятэкі, чытачоў глыбінкі абслугоўваюць 16 бібліобусаў, дзейнічае два дзясяткі цэнтраў прававой інфармацыі... Летась правялі конкурс "Інтэрактыўны свет для кожнага", скіраваны на тое, каб усе нашы супрацоўнікі ўпэўнена валодалі камп'ютарнай тэхнікай. Сёлета ж, згодна з Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, мы працягваем удасканаленне бібліятэчнай справы.

- На мой погляд, - дадае Алена Барадзейка, дырэктар Лепельскага раённага дома рамёстваў,- вынік нашай дзейнасці - неблагі. Дзве ткачыхі - Ніна Кудзіна і Наталля Петухова - сталі народнымі майстрамі Беларусі. Маштабна прайшоў традыцыйны рэгіянальны конкурс "Матчыны кросны", арганізатарам якога з'яўляецца наш Дом рамёстваў. У ім бралі ўдзел не толькі нашы ткачыхі, але і майстрыхі з сямі раёнаў Віцебшчыны. Значыць, аўтарытэт нашай установы - расце.

- Так, была ў нас сёлета цікавая падзея! - дзеліцца святочным настроем намеснік дырэктара Бярэзінскага раённага дома культуры Ганна Ждановіч. - Зладзілі злёты ўсіх турыстычных клубаў раёна ў вёсцы Чыжаха - там, дзе ўстаноўлены знак "Цэнтр Еўропы". Плануем праводзіць падобнае мерапрыемства штогод. Карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць работнікаў сферы культуры са святам і пажадаць ім усяго найлепшага!

- Калі казаць пра нашу самую значную сёлетнюю акцыю, дык гэта традыцыйны Дзень птушак, які мы ладзім цягам вось ужо васьмі гадоў. Мерапрыемства праходзіць сумесна з абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Цягам акцыі праводзім у музеі шматлікія конкурсы, гульні на экалагічную тэматыку, арганізуем шматлікія выстаўкі, прысвечаныя прыродзе... А ўсіх пераможцаў конкурсу пасля вязём на экскурсію ў Белавежскую пушчу,- дадае яшчэ адзін штрых да панарамы святочнага дня загадчык сектара "Прырода і экалогія" Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Наталля Мурыгіна.

Не маглі не пацікавіцца планамі на самы бліжэйшы час і ў начальніка аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Кацярыны Дзегцяровай. Пагатоў, менавіта праект "Гомель - Культурная сталіца Беларусі і Садружнасці" прэзентаваўся з нагоды свята./i/content/pi/cult/345/6437/3-3.jpg

 - Нядаўна ў Гомелі з поспехам прайшлі Дні культуры Венесуэлы, а крыху раней у нас пабывалі калектывы з Расіі і Грузіі. Бліжэйшым часам чакаем творчыя дэлегацыі з Малдовы і Казахстана. Карацей, штодня ў нас - вялікі аб'ём мерапрыемстваў, насычаная праграма, пастаянныя сустрэчы з незвычайнымі творцамі. Таму і мне, і работнікам сферы культуры Гомеля вельмі падабаецца працаваць над рэалізацыяй новых праектаў. Ад сваёй працы мы атрымліваем сапраўднае творчае задавальненне. Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую калег са святам!

А вось у вядучага майстра сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Таццяны Баўкалавай планы на Дзень работнікаў культуры змяніліся літаральна на нашых вачах:

- Патэлефанавалі, і вось збіраюся на здымачную пляцоўку! А свята, - усміхнулася наша суразмоўца, - павінна быць не адзін раз на год, а куды часцей. Калі ж сур'ёзна, дык артыстам дый усім дзеячам культуры вельмі важна ведаць, што іхняя праца не пакідае людзей абыякавымі, ва/i/content/pi/cult/345/6437/3-5.jpgжна адчуваць рэакцыю грамадства, бо тут вельмі шмат робіцца на энтузіязме. За апошні час вялізнае задавальненне атрымала, агучваючы на тэлебачанні "Рамэа і Джульету" Дзефірэлі. Дакрануцца да гэтай стужкі - сапраўдны гонар для артыста. Здымаюся ў некалькіх серыялах... Калі артыст запатрабаваны - шчаслівей за яго няма!

 Мы назіралі за глядзельнай залай Дома кіно пад час віншаванняў і ўзнагароджанняў, бачылі шчырыя ўсмешкі і радасць, чулі нямала добрых слоў. І, паверце, пабываўшы ўжо не на адным свяце работнікаў сферы культуры, падумалі: гэты дзень даўно ўжо выйшаў за рамкі выключна прафесійнага - ён стаў амаль сямейным: нагодай сабрацца разам, усёй вялікай сям'ёй.

Паважаныя сябры!

 Ад імя дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў - членаў Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе цёпла і шчыра віншую вас з прафесійным святам - Днём работнікаў культуры.

З гэтай нагоды дазвольце выказаць словы ўдзячнасці кожнаму, хто сваім талентам і карпатлівай працай сцвярджае спрадвечныя духоўныя каштоўнасці, прывівае прагу творчасці і любоў да мастацтва, захоўвае пераемнасць нацыянальных традыцый, спрыяе гарманічнаму развіццю беларускага грамадства.

 Няхай вашы творчыя дасягненні заўсёды знаходзяць гарачы водгук у сэрцах людзей, заахвочваюць іх да стваральнай дзейнасці і служаць маладым пакаленням невычэрпнай крыніцай спазнання свету.

Ад усяго сэрца жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і новых творчых поспехаў на карысць роднай Бацькаўшчыны.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ, старшыня камісіі

Паважаныя сябры і калегі!

Прыміце шчырыя віншаванні з Днём работнікаў культуры! Гэтае свята па праве лічаць сваім тыя, хто служыць справе захавання і развіцця багатай і самабытнай культуры Беларусі. А служэнне Яе Вялікасці Культуры - сапраўды святая справа. Менавіта Культура з'яўляецца душой, гордасцю і славай беларускага народа, аб'ядноўвае і ўзвышае нас, застаецца адвечнай каштоўнасцю.

Дзякуй вам за гэтае служэнне, талент, падзвіжніцтва, нязменнае імкненне да гармоніі і прыгажосці.

Асаблівая ўдзячнасць тым, чый актыўны ўдзел у справах нашага прафсаюза садзейнічае абароне законных інтарэсаў і правоў работнікаў культуры, дае магчымасць быць побач з імі як у радасці, так і ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Поспехаў і ўдачы вам у прафесійных і грамадскіх справах! Няхай у поўнай меры рэалізуюцца творчыя задумы і кожны з вашых талентаў, што накіраваны на дабро і стварэнне!

 Даўгалецця, моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту вам, вашым родным і блізкім!

Старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафса

 На здымках: кулуары Дома кіно.

Фота Юрыя ІВАНОВА