Пад покрывам Пакроваў

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Сёння ў сталічным Палацы мастацтва адкрываецца VIII Духоўна-асветніцкая выстаўка “Пакроўскі кірмаш”.

 

Наведвальнікаў "Пакроўскага кірмашу" чакае насычаная праграма. Цягам васьмі дзён яны змогуць азнаёміцца з выстаўкай карцін Уладзіміра Чарнышова, Асацыяцыі глухіх мастакоў "Арта", іканапіснай і залаташвейнай майстэрняў барысаўскага прыхода храма Дзмітрыя Данскога, фатаграфій "Божы свет" Сяргея Міхайлава.

Аматарам дакументальнага кіно ў канферэнц-зале будзе прапанаваны прагляд стужак, якія маюць галоўныя ўзнагароды найбуйнейшых праваслаўных кінафестываляў.

Захавана і традыцыя правядзення дабрачынных праектаў. Кульмінацыяй жа форуму стане ўзнагароджанне шматдзетных маці ордэнам прападобнай Ефрасінні Полацкай, якое адбудзецца напярэдадні свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы- 13 кастрычніка.

Акурат на Пакровы два дзесяцігоддзі таму нарадзілася газета "Культура". Пра шлях і здабыткі нашага выдання мы абавязкова згадаем у наступным нумары, які выйдзе 15 кастрычніка.