Стаўшы "паўналетнім", "Лістапад" набыў новую "сям'ю": у бягучым годзе кінафорум праводзіць Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў. "У нас ужо ўсё гатова да сустрэчы з гасцямі, удзельнікамі і гледачамі. Гэтымі днямі адбываюцца апошнія ўдасканаленні, удакладняюцца некаторыя арганізацыйныя моманты. Ужо ў сярэдзіне кастрычніка мы будзем гатовы падрабязна распавесці прыхільнікам мінскага кінафоруму аб усіх праграмах і мерапрыемствах фестывальнага тыдня",- паведаміў карэспандэнту "К" дырэктар праграмы ігравога кіно Ігар Сукманаў.
На сённяшні дзень, нагадаем, дакладна вядома, што адным з адметных праектаў стане мінская сесія Міжнароднай адукацыйнай праграмы "Драгон Форум". А ў дзень адкрыцця "Лістапада" стартуе і яго малодшы брат - конкурс фільмаў для дзяцей і юнацтва "Лістападзік". Селекцыйная камісія адабрала ў афіцыйную праграму прызёраў і ўдзельнікаў прэстыжных дзіцячых міжнародных фестываляў.