На хутары Збляны, што на Лідчыне, цягам доўгага часу працуе аўтэнтычны фальклорны калектыў.
Хутар Збляны - невялікае паселішча, якому не так даўно споўнілася сто гадоў. Тут пражывае каля двух дзясяткаў чалавек, і амаль кожны - адданы музыцы і танцам.
Аўтэнтычны калектыў створаны намаганнямі загадчыка Прырэцкага сельскага клуба Галіны Едкі, у зону абслугоўвання якога ўваходзіць таксама і хутар Збляны. У складзе калектыву на сёння- Рэгіна Лаўнік, Клаўдзія Лакцевіч, Міхаіл Кельнік, Марыя Урбановіч, Станіслава Паповіч, Ганна Майніч і Кацярына Калашнікава.
Ансамбль застаецца запатрабаваны ў жыхароў раёна і вобласці: пастаянна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах, дэманструе сваё майстэрства на абласных фестывалях фальклору, а таксама займеў гонар прадстаўляць Лідчыну на леташніх рэспубліканскіх "Дажынках".
Па словах начальніка аддзела культуры райвыканкама Уладзіміра Самсонава, магчыма, у хуткім часе на базе хутара Збляны паўстане аграэкасядзіба, і аўтэнтычны калектыў паселішча, натуральна, будзе задзейнічаны пры абслугоўванні турыстаў.
Юрась ГАРЧАК