Майстар гратэску і гіпербалы

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” прадставіў рэтраспекцыю сваіх твораў беларускі жывапісец Уладзімір Ткачоў. Экспазіцыя прысвечана 60-гадоваму юбілею майстра і 35-годдзю творчай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/130/643/Tkachou.jpg 
 У.Ткачоў. “Мадонна Мінская”.
У.Ткачоў імкнецца сінтэзаваць у жывапісных палотнах разнастайныя мастацкія накірункі, у тым ліку імпрэсіянізм і сюррэалізм, але асноўным для яго застаецца рэалістычнае бачанне рэчаіснасці.
Гэтаму паспрыяла і тое, што свой творчы шлях ён пачынаў як мастак-манументаліст. Набытак тых гадоў — габелены і вітражы — развіў прасторавае мысленне, удасканаліў фармальную кампазіцыю, навучыў бачыць галоўнае і пазбягаць дробных дэталей.
Сёння ён працуе ў асноўным як станкавіст, піша пейзажы, партрэты, нацюрморты, звяртаецца да сюжэтна-тэматычных карцін. Любіць гратэск, гіпербалу, гумар, драматычныя калізіі, якія выяўляюць рысы характараў герояў. Сам ён зазначае, што “сумных жанраў няма, проста да адных цягне мацней, чым да другіх...”.
Ва ўсіх яго работах галоўнае месца займае чалавек. Невыпадкова мастак любіць паўтараць, што ў яго разуменні чалавек вяршэнствуе на зямлі. Тым не менш, хіба што ў серыі беларускіх “Мадоннаў” можна знайсці прыгожыя жаночыя твары. У работах, прысвечаных Чарнобылю, праблемам экалогіі, яго хвалююць найперш праблемы дабра і зла, любові і нянавісці, вернасці і здрады.“Не ўсё на зямлі прыгожа, асабліва ў наш час, а мастак не можа быць абыякавым да праблем”, — лічыць У.Ткачоў. Таму ў рабоце “Прадчуванне”, прысвечанай чарнобыльскай трагедыі, цяжарная жанчына каля вакна так устрывожана ўглядаецца ўдалячынь...
Сёння жывапісец захоплены біблейскімі сюжэтамі, такімі, як “Тайная вячэра”, “Новая Галгофа”, “Вяртанне блуднага сына”...Над кожным палатном аўтар працуе доўга і карпатліва. Спачатку робіць малюнкі, дасканалыя і закончаныя графічныя работы (імі запоўнены ў мастака дзесяткі альбомаў) і толькі потым пераносіць сюжэты на палатно. Піша тэмперай і алеем. Бывае, кладзе ў аснову сюжэты карцін старых майстроў, трансфармуе іх, змяняе мастацкую накіраванасць. Бывае, піша некалькі варыянтаў аднаго і таго ж твора, дзе кожны наступны ўскладняецца асацыяцыямі і сімволікай і можа прэтэндаваць на самастойнасць.
Так адбылося з карцінай “Кардыналы”. Першы яе варыянт выкананы ў рэалістычнай манеры. Пазней аўтар намаляваў кардыналаў, жорсткіх і мэтанакіраваных, у кантрасце са жвавымі і няўрымслівымі птушкамі.
Усё гэта дадало рабоце большай гратэскавасці і алегарычнасці.

Людміла ПАШКОЎСКАЯ