Канцэпцыі інвестыцый па web-адрасе

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Еўрапейскі бізнес-план і экапраекты Дрыбіншчыны

/i/content/pi/cult/344/6429/12-2.jpg

 

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"

Новы этап развіцця сяла: самадастатковасць аддзела культуры

Загаловак і падзагаловак гэтага артыкула ненаўмысна падказаў намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Дзмітрый Пімашэнка. Valenak.by - назва будучага сайта пра асноўны культурны брэнд раёна. Два гады таму промысел займеў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, а летась пакет адпаведных дакументаў быў аформлены для ўключэння ў рэпрэзентатыўны Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Апрача самога прадстаўніцтва, ёсць і канкрэтны план дзеянняў: атрымаць ад шапавальскага брэнда не толькі маральныя дывідэнды. Валёнкі, шапкі-магеркі, рукавіцы, а з нядаўняга часу - і лапці, лялькіабярэгі, зробленыя мясцовымі майстрамі, карыстаюцца усё большым попытам. Як аказалася, з гэтай нагоды ў аддзеле культуры Дрыбінскага райвыканкама распрацавана канцэпцыя турыстычнага праекта "У госці да дрыбінскіх шапавалаў". Яна накіравана на развіццё, захаванне і перадачу наступным пакаленням тэхналогіі традыцыйнага рамяства. Праектам зацікавілася адна з буйных прыватных турыстычных фірм. Па словах старшыні Дрыбінскага райвыканкама Пятра Панасюгі, вынік дзяржаўнапрыватнага супрацоўніцтва - стварэнне ўнікальнай культурнатурыстычнай раённай інфраструктуры, што не мае аналагаў не толькі на Беларусі, але і ў замежжы.

Народ пытаецца і прапануе

"Спадзеў - на інвестараў"

Усе пытанні і прапановы жыхароў райцэнтра і раёна тычыліся менавіта культурна-турыстычнага складніка сацыяльна-эканамічнага развіцця Дрыбіншчыны.

 Жанна Масалава, намеснік дырэктара Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея:

- Маем, сапраўды, унікальную спадчыну. Між тым, шапавальства ў мінулым стагоддзі знаходзілася на мяжы знікнення. У 1995-м адкрыўся наш музей, і яго дырэктар Алена Рабкавец стварыла картатэку майстроў (на сёння гэта 27 шапавалаў), наладзіла з імі творчыя стасункі. Пачалося вывучэнне гісторыі і тэхналогіі рамяства. Цяпер пры музеі дзейнічаюць народнае аматарскае аб'яднанне "Шапавал", дзіцячы гурток "Катрушнік"... Але, на мой погляд, наспела неабходнасць стварэння асобнага музея шапавальства. А на гэта, па падліках, патрэбна не менш за 2 мільярды рублёў. Словам, спадзеў- толькі на інвестараў...

Ларыса Заклікоўская, дырэктар Раённага дома рамёстваў, аграгарадок "Кароўчына":

- Займаемся лапцепляценнем, вырабам традыцыйнай славянскай лялькі і кошыкаў, а камп'ютарнай тэхнікі не маем. А яна, як вы разумееце, патрэбная для пошукаў метадычных матэрыялаў, для творчых стасункаў з беларускімі і замежнымі калегамі...

Ганна, студэнтка з гарпасёлка Дрыбін:

- У нашым музеі ёсць пакой, дзе можна набыць сувеніры, валёнкі, кошыкі, модныя каралі, створаныя па валюшнай тэхналогіі... Але пакой - маленькі, і выбар - гэткі ж. Карацей, патрэбна ў гарпасёлку фірмовая сувенірная крама, якая, на мой погляд, толькі дадасць нам прэстыжу...

 Ва ўстановах культуры раёна ёсць пэўныя праблемы з выкананнем плана па аказанні платных паслуг, існуе кадравае пытанне, у зародкавым стане знаходзіцца культурнае забеспячэнне турыстычных маршрутаў. Пра ўсё гэта і адбылася гаворка з намеснікам старшыні Дрыбінскага райвыканкама Дзмітрыем ПІМАШЭНКАМ і начальнікам мясцовага аддзела культуры Інай БАЛАЎНЁВАЙ. Фармат райвыканкамаўскай "лятучкі" з "К" дазволіў закрануць і іншыя, не менш важныя, аспекты развіцця галіны культуры раёна.

Яўген РАГІН:

- Раён унікальны тым, што колькі гадоў таму ён, як самы экалагічна чысты на Беларусі край, быў утвораны для пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Шмат тут архітэктурных цікавостак - касцёл Святога Казіміра і сядзіба пана Спыткова ў Расне, Спаса-Пакроўская і Троіцкая цэрквы ў Кішчыцах і Чэрнеўцы, - а таксама прыродных помнікаў. Словам, турыстычных маршрутаў хапае, ды адпаведнай інфраструктуры пакуль няма ў поўным аб'ёме... А ў тым, што яна неабходная, ніхто ўжо, напэўна, не сумняваецца, бо не меншую цікавасць выклікае і новая турыстычная канцэпцыя "У госці да дрыбінскіх шапавалаў". Дарэчы, пры якіх абставінах яна ўзнікла?

Іна БАЛАЎНЁВА:

 - Калі выязджалі на VІ Міжнародны фестываль "Фальклор без межаў", што праходзіць у вёсцы Тышкавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, сустрэліся з кіраўніком прыватнай турыстычнай фірмы. Яна вельмі зацікавілася нашым шапавальствам. Сёлета мы таксама канструктыўна абмяркоўвалі будучае супрацоўніцтва.

 Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Гэтая фірма аказала нам дапамогу ў выпрацоўцы сістэмнага падыходу ў прасоўванні шапавальства як турыстычнага прадукту, за што мы вельмі ўдзячныя... Тым, хто цікавіцца традыцыйнай культурнай спадчынай, мы жадаем прадэманстраваць усе стадыі стварэння валёнак, магерак, рукавіц. У перспектыве любы ахвотны можа паназіраць не толькі за працай майстра, але і за гадоўляй, стрыжкай авечак, з воўны якіх і ўзнікаюць дрыбінскія цуды. І працэс абяцае быць інтэрактыўным.

Іна БАЛАЎНЁВА: /i/content/pi/cult/344/6429/12-3.jpg

- Так і ўзнікла наша канцэпцыя. А ўкладанні патрэбны - мільярдныя.

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- На базе адной з нашых гаспадарак можна стварыць ферму па гадоўлі авечак. Спатрэбіцца ўзвядзенне і абсталяванне майстэрні-шапавальні. Не абысціся без сувенірнага салона-крамы і Музея шапавальскага мастацтва.

Яўген РАГІН:

- Натуральна, каб штосьці атрымаць, спачатку трэба ўкласці. Асноўная мэта праекта - захаванне і рэтрансляцыя названага майстэрства. Але і ягоная самаакупнасць - задача не з апошніх. Ведаю, што аздобленыя ўзорам валёнкі каштуюць больш за 300 тысяч рублёў. На паліцах музейнай сувенірнай крамы не залежваецца і "Катрушніцкі лемезень" (слоўнік патаемнай шапавальскай мовы, створаны мясцовымі бібліятэкарамі). Словам, усё, звязанае з гэтым рамяством, літаральна штодня набывае усё большую папулярнасць. Яшчэ адзін рэзерв для стабільнага выканання плана пазабюджэтнай дзейнасці?

 Іна БАЛАЎНЁВА:

- Прынамсі, стратным шапавальства ніколі не будзе. Нават калі ўлічыць тое, што майстры цяпер набываюць гатовую, ужо расчасаную, воўну, самыя танныя валёнкі каштуюць 200 тысяч рублёў.

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Так, план па аказанні платных паслуг насельніцтву пакуль не выконваецца. Але тут, я ўпэўнены, аддзелу культуры трэба большы акцэнт рабіць на правядзенне традыцыйных форм працы: канцэртаў, музейных выставак. Ад шапавальства немагчыма чакаць хуткай аддачы.

 Яўген РАГІН:

- Але ж мы кажам зараз пра перспектыву. Хоць і цяпер да вас едуць турысты з канкрэтнай мэтай: пазнаёміцца з шапавальствам...

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- І не толькі з ім. У Кароўчыне на падставе мясцовых традыцый вырабляюцца лапці, традыцыйныя абрадавыя лялькі, слава пра якія ўжо выйшла за межы раёна... Калі не браць пад увагу эканамічны складнік дзейнасці аддзела культуры, думаю, яна заслугоўвае самай станоўчай ацэнкі. Прыярытэт для работнікаў культуры - захаванне традыцый, падтрымка талентаў... У нас два калектывы атрымалі нядаўна званне "народны". Правялі першае Свята народнай творчасці "Дрыбінскія таржкі", якое набудзе статус абласнога. Наступнае свята мае прайсці ў жніўні 2012 года. Карацей, дынаміка назіраецца станоўчая. Раён ужо трывала асацыіруецца з нашымі культурнымі брэндамі.

/i/content/pi/cult/344/6429/12-1.jpgЯўген РАГІН:

 - З гэтай нагоды, ці задавальняе вас прэзентатыўнасць сённяшняга райвыканкамаўскага сайта?

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - Хацелася б, каб аддзел займеў свой сайт. Паколькі гаворку вяду пра станоўчую дынаміку развіцця нашай культуры, пра з'яўленне новых і цікавых для інвестараў праектаў, дык і сайт хацелася б бачыць асобным рэсурсам - больш рэкламным, адрасным і прафесійным. Для гэтага таксама, натуральна, патрэбны грошы, якія ў райбюджэце на бягучы год не закладзены. Патрэбна матэрыяльная падтрымка абласнога ўпраўлення культуры.

Яўген РАГІН:

 - Сапраўды, яркіх і змястоўных сайтаў, якія годна прэзентавалі б нашы аддзелы культуры, я ў Сеціве, на вялікі жаль, не сустракаў. Чаму б вам не стаць першымі?

 Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - Прынамсі, я гэтага вельмі жадаў бы. Нават і назву прыдумаў: www.valenak.by. На сайце павінна быць падрабязная інфармацыя пра нашы канцэпцыі і праекты ў сферы культуры, пра нашых майстроў і самадзейныя калектывы...

Яўген РАГІН:

- І пра інавацыі - абавязкова, бо іншым разам асноўная праблема нашых работнікаў культуры, як падаецца, - хранічны недахоп навінак ці абноўленых традыцый кшталту вашага "Катрушніцкага лемезеня"...

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - Ну, ёсць і ў нас работнікі, што зорак з неба не хапаюць...

Іна БАЛАЎНЁВА:

- Гэта, як правіла, спецыялісты са састарэлымі поглядамі на прафесію. І непасрэдны абавязак шасці метадыстаў РЦК - "разварушыць" такую свядомасць. Дарэчы, у нас 15 завочнікаў з ліку работнікаў сферы. А год таму да нас прыязджалі начальнікі аддзелаў культуры з Брэстчыны.

Яўген РАГІН:

- Мы сёння наведалі СК аграгарадка "Цёмны Лес". Кіраўнік установы Валянціна Гоманава таксама спраўляецца з планам, бо на платнай аснове пастаянна гастралюе народны ансамбль "Журавінка", а ёсць яшчэ і выязная канцэртная брыгада "Весялуха", што бясплатна абслугоўвае раз у месяц, а то і часцей, 12 аддаленых вёсак, дзе нават па два жыхары засталося. Той дадатны прыклад, калі і пазабюджэтная скарбонка папаўняецца, і дабрачынныя акцыі ладзяцца...

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - Лічу, што менавіта такая практыка і дадае аўтарытэту нашаму аддзелу культуры.

Іна БАЛАЎНЁВА:

- Калі доўжыць гаворку пра пазабюджэтную перспектыву, дык не магу не падкрэсліць, што шапавальства - генеральны напрамак дзейнасці, своеасаблівы стрыжань, патрабаванням якога павінны падпарадкоўвацца іншыя ўстановы, што ўваходзяць у наш турмаршрут. Да прыкладу, ужо сёння СДК у Кароўчыне прапаноўвае за плату навучанне бытавым танцам, удзел у "шапавальскай" гульнёвай праграме. Пра магчымасці ж Кароўчынскага РДР вы ўжо ведаеце.

Яўген РАГІН:

- Чаму іншыя "не дацягваюць" да гэткага ж крэатыўнага ўзроўню? Мо справа ў тым, што няма ў раёне метадычнага цэнтра, а толькі аддзел пры Раённым цэнтры культуры?

Іна БАЛАЎНЁВА:

- Шэсць метадыстаў, на мой погляд, якасна спраўляюцца з метадычным забеспячэннем і гарпасёлка, і сяла.

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Навучанне спецыялістаў сферы культуры праводзіцца штомесяц. Метадычныя дні пастаянна ладзяцца і ў ЦБС, і ў Цэнтралізаванай клубнай сістэме.

Яўген РАГІН:

- А сацыялагічныя даследаванні, маніторынгі рабілі, каб высветліць, ці задаволены якасцю мерапрыемстваў вашы спажыўцы культуры?

Іна БАЛАЎНЁВА:

- Рабілі апытанні жыхароў пасля нашых мерапрыемстваў.

Яўген РАГІН:

- Вам пашанцавала, што ў Магілёве дзейнічае магутны па творчых магчымасцях абласны метадцэнтр. Прынамсі, недахопу ў прафесійнай метадычнай падтрымцы ў вас быць не павінна...

 Іна БАЛАЎНЁВА:

 - Так, усе метадычныя распрацоўкі заснаваны на мясцовым матэрыяле. Творчыя стасункі з іншымі абласцямі - рэгулярныя і выніковыя.

Яўген РАГІН:

- Я быў уражаны вашай камфартабельнай гасцініцай. У гарпасёлку з турыстычнай інфраструктурай усё як мае быць. А на сяле? Наколькі ведаю, у раёне не першы год дзейнічаюць аграэкасядзібы. Якія канкрэтныя творча-эканамічныя кантакты з імі наладжаны?

 Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - У нас афіцыйна зарэгістравана 14 аграсядзіб. Ёсць раённы савет па развіцці агратурызму, старшынёй якога з'яўляюся я.

Яўген РАГІН:

 - Дзмітрый Леанідавіч, як аддзел культуры тут павінен супрацоўнічаць з прыватнікамі? Мы шмат пра гэта кажам цягам апошніх гадоў, а ці багата маем канкрэтных пераканаўчых прыкладаў? Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Гэта, па сутнасці, адзіны блок паслуг для турыста.

Іна БАЛАЎНЁВА:

 - Лічу, мы можам і павінны зацікавіць турыста. Да прыкладу, - мастацка-прамысловымі адметнасцямі аграгарадка "Кароўчына". Маю на ўвазе і лапці, і ляльку, і бытавы танец. Словам, экскурсія па вёсцы па замове любога турыста можа доўжыцца працяглы час. Гэтак збольшага і атрымліваецца. Такім чынам, прыклады былі, ёсць і будуць. І маштабы падобнай дзейнасці штодня павялічваюцца. Прынамсі, для гэтага і заняліся распрацоўкай канцэпцыі папулярызацыі шапавальства.

Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Калі атрымаем фінансаванне на рэалізацыю шапавальскага праекта, калі створым адпаведную базу і турыстычную інфраструктуру, я буду ставіць перад аддзелам культуры канкрэтную задачу: нястомна і сістэмна зарабляць грошы і паступова, але мэтанакіравана выходзіць на самаакупнасць...

Яўген РАГІН:

- А не баіцеся, што прыватная турфірма, якая вас прафінансуе, большую частку будучага "шапавальскага" прыбытку пакіне за сабой?

 Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

- Пастараемся, каб гэта была ўзаемакарысная справа, заснаваная на прынцыпах менавіта дзелавога дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Іна БАЛАЎНЁВА:

- На мой погляд, мы за апошнія гады многае зрабілі ў кірунку іміджавай брэндаўтваральнасці раёна. І здаваць пазіцыі не збіраемся.

Яўген РАГІН:

- Яшчэ адзін ваш "дамарослы" крэатыў - лапцепляценне. Валёнкі - абутак зімовы, лапці - летні. Усё ж: як збіраецеся Еўропу абуваць?

 Дзмітрый ПІМАШЭНКА:

 - Сядзець на месцы і, як у нас кажуць, бібікі біць не выпадае. Валёнкі, лапці, лялька - чарговай прыступкай для іх прасоўвання стала свята "Дрыбінскія таржкі", яшчэ адна прыступка - канцэпцыя праекта "У госці да дрыбінскіх шапавалаў". Урэшце, расіяне ўжо ў чэргі выстройваюцца па нашы валёнкі. А "раскруцімся", дык і Еўропа па-за ўвагай не застанецца.

Дэталь да агульнай карціны

Апякунскі савет для "Забавы" і не толькі

Цягам амаль шасці гадоў пры Дрыбінскай дзіцячай школе мастацтваў дзейнічае апякунскі савет, створаны па ініцыятыве кіраўніцтва аддзела культуры. У савеце - бацькі дзяцей, што займаюцца на розных аддзяленнях ДШМ. За гады дзейнасці саветам сабрана больш за 30 мільёнаў рублёў.

Грошы выкарыстаны на выраб сцэнічных касцюмаў для творчых калектываў установы. Адзін з іх - узорны аматарскі харэаграфічны калектыў "Забава", што за гады існавання паспеў стаць адным з самых папулярных ансамбляў Дрыбіншчыны.

Па словах начальніка аддзела культуры Іны Балаўнёвай, праблем у вышукванні сродкаў савет не адчувае. Сапраўды, хто з бацькоў адмовіцца падтрымаць матэрыяльна сваіх дзяце/i/content/pi/cult/344/6429/12-4.jpgй, што выходзяць на сцэну ў дзясятках харэаграфічных нумароў, кожны з якіх патрабуе адметнага сцэнічнага строю?..

Што ратуе ад хвароб?

Музей традыцыйнай славянскай лялькі існуе ў вёсцы Стрэнькі Рагачоўскага раёна. Падобная структура ствараецца і ў Дрыбінскім раённым доме рамёстваў, што месціцца ў аграгарадку "Кароўчына".

Кіраўнік установы Ларыса Заклікоўская пачынае справу ледзь не з нуля: наладжвае стасункі з Рагачоўшчынай, ладзіць экспедыцыі па Дрыбіншчыне, размаўляе з бабулямі, узнаўляе выгляд самых розных абрадавых лялек, якія ўжо пачалі карыстацца немалым попытам у турыстаў.

Гэткім жа шляхам Ларыса Сямёнаўна вышуквала асабістую творчую "нішу" і ў лапцепляценні. Цяпер у калекцыі РДР - дзясяткі разнавіднасцей гэтага старадаўняга абутку, які поруч з валёнкамі становіцца для раёна брэндаўтваральным.

Зрэшты, і валёнкі, і лапці - абутак не проста зручны і "экалагічны", ён яшчэ, як сцвярджаюць спецыялісты, і ад шматлікіх хвароб ратуе. Так што турыстычны попыт тут проста гарантаваны.

наш спецыяльны карэспандэнт.

 Мінск - Дрыбінскі раён - Мінск

Фота аўтара  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"