Неарэнесанс, народжаны ў Пінску

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Іван Жалтоўскі і ягоная “любоў на ўсё жыццё”

/i/content/pi/cult/344/6428/15-2.jpg

Чалавек унікальнай эрудыцыі і ўнутранай культуры, знаўца і выдатны інтэрпрэтатар класічнай спадчыны, Іван Уладзіслававіч Жалтоўскі займае асаблівае месца сярод рускіх і савецкіх архітэктараў ХХ ст. І не толькі таму, што гэтае імя асацыіруецца з такім мастацкім уяўленнем, як "неакласіка", дакладней, "сталінская неакласіка", хаця гэта, на мой погляд, не зусім правільна. Бо яшчэ "да Сталіна" І.Жалтоўскі здабыў сабе славу архітэктара, не падобнага ні на каго. Ды і акадэмікам Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў ён стаў за восем гадоў да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

З яго "неарэнесанснай школы" выйшлі ягоныя вучні- М.Паруснікаў і М.Баршч, якія пасля Вялікай Айчыннай паспяхова працавалі над праектам адраджэння разбуранага Мінска, удзельнічалі ў стварэнні цяперашняга праспекта Незалежнасці. Гэтую магістраль можна лічыць апошнім бліскучым неакласічным ансамблем у еўрапейскай архітэктуры.

Сам М.Паруснікаў стаў аўтарам праектаў будынкаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі (цяпер - КДБ і МУС), Дзяржаўнага банка і двух дамоў на перакрыжаванні праспекта з вуліцай Энгельса. Сам жа І.Жалтоўскі ў 1944 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, а ў 1947-м быў абраны ганаровым акадэмікам Акадэміі навук БССР.

А яшчэ гэты чалавек зацікавіў мяне тым, што ён нарадзіўся ў павятовым горадзе Мінскай губерні- Пінску, у сям'і беднага беларускага шляхціча-каталіка. І менавіта адтуль, з Пінска, пачаўся яго доўгі і вельмі няпросты шлях на вяршыню архітэктурнага Алімпа.

Пасля яго смерці маскоўскі Ермалаеўскі завулак на Патрыяршых быў перайменаваны- у гонар майстра - у вуліцу Жалтоўскага, але ў сярэдзіне 90-х завулку была вернута яго гістарычная назва. Затое на радзіме архітэктара, у Паўночным мікрараёне Пінска, з'явіўся новы цудоўны праспект імя І.У. Жалтоўскага, а на будынку колішняй гімназіі, дзе ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка. Але, тым не менш, імя гэтае ў Беларусі яшчэ мала ведаюць, хаця ў савецкі час (асабліва- ў 1930-я) яно перадавалася з вуснаў у вусны аматараў архітэктуры. Налета, 27 лістапада, споўніцца 145 гадоў з дня нараджэння Івана Уладзіслававіча./i/content/pi/cult/344/6428/15-3.jpg

 Пра ягонае дзяцінства нічога не вядома. Сам ён пра гэты перыяд чамусьці ўспамінаў не пакінуў, хаця вельмі добра валодаў пяром. У яго спадчыне захавалася шмат бліскучых навуковых артыкулаў, якія друкаваліся ў 1930-я - 1950-я гады ў розных спецыялізаваных часопісах. Вядома толькі, што ён пачаў вельмі рана маляваць, але з-за недахопу грошай бацькі не маглі запрашаць хатняга настаўніка, хоць гэта і лічылася нормай у шляхецкіх сем'ях. Але - не бяда! Іван, без усякіх пратэжэ, паступіў на пачатку 80-х гадоў ХІХ ст. у асноўны клас Пінскага рэальнага вучылішча, якое яшчэ нядаўна мела статус дваранскай гімназіі.

 З вучылішча Іван выйшаў з залатым медалём. Хто яго падштурхнуў ехаць у Санкт-Пецярбург - невядома. Але ў 1887 г. ён - ужо студэнт архітэктурнага аддзялення Акадэміі мастацтваў. Спачатку ён трапіў у майстэрню акадэміка Антонія Тамішка, таго самага, што спраектаваў знакаміты комплекс турэмных будынкаў - "Кресты". Вучоба ішла ў першыя часы цяжка, бо бацькі не маглі матэрыяльна дапамагчы сыну. І тады нястомны юнак стаў падпрацоўваць у якасці памочніка, а дакладней - чорнарабочага, у вядомых пецярбургскіх архітэктараў.

Паралельна ён наведваў майстэрню акадэміка Роберта Марфельда, таксама вядомага архітэктара, аўтара цікавага праекта Музея антрапалогіі ў Мытным завулку. Менавіта Марфельд і даручыў свайму вучню зрабіць першы самастойны праект даходнага дома. Пазней гэты будынак быў узведзены на грошы прамыслоўца А.Сіпягіна. А потым Жалтоўскі стаў усё часцей атрымліваць добрыя, хаця і невялічкія, праектныя заказы. Малады архітэктар займаўся і іншымі справамі: сачыў за ходам правядзення будаўнічых ды аддзелачных работ і нават, нягледзячы на малады ўзрост, кіраваў перабудовай інтэр'ера палаца графа Юсупава.

 На апошнім курсе акадэміі Жалтоўскага запрасілі на працу ў архітэктурны аддзел Міністэрства шляхоў зносін, дзе юнак праектуе чыгуначныя станцыі і іншыя вытворчыя аб'екты. У 1895 г. Жалтоўскі атрымаў адразу дзве ўзнагароды: Першую прэмію- за праект помніка архітэктару К.Тону - і залаты медаль французскай (!) Акадэміі архітэктуры - за праект помніка заснавальніку гамеапатыі А.Ганеману.

Словам, з'явіліся грошы ў кішэні студэнта, і цяпер можна было пападарожнічаць па белым свеце. Летам, канешне ж, у дні канікул. Спачатку Жалтоўскі махнуў на рускую Поўнач, бліжэй да Пецярбурга, потым - трошкі падыхаў свежым паветрам Германіі і Англіі. Разам з сябрам Ігнаціем Нівінскім дабраўся і да Італіі. Тут ён па вушы ўлюбіўся... у гэтую краіну, дакладней, у яе архітэктуру, а яшчэ дакладней - у шэдэўры Паладыа, геніяльнага наватара Позняга Рэнесанса. Гэтую любоў Жалтоўскі пранёс праз усё сваё жыццё. І за яе пазней ён неаднойчы атрымліваў "наганяі" ад сваіх праціўнікаў, якія абвінавачвалі яго ў імітацыі архітэктуры італьянца.

У 1897 г. за дыпломны праект-эскіз даходнага дома Іван атрымаў сярэбраны медаль і званне архітэктара-мастака. Здавалася б, Пецярбург гатовы прыняць яго ветліва, сардэчна, радасна: такія таленавітыя выпускнікі Акадэміі "на дарозе не валяюцца". Але чамусьці месца на берагах Нявы яму не знайшлося, і творца, каб утрымліваць сям'ю, пагадзіўся заняць месца гарадскога архітэктара ў Іркуцку. Па дарозе спыніўся на дзянёк у Маскве ў доме свайго сябра скульптара Мікалая Андрэева. І вось гэты Андрэеў, будучы аўтар помніка М.Гогалю ў Маскве, наступным днём пайшоў да кіраўніцтва Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча і сказаў, што лепшую кандыдатуру на пасаду кіраўніка класа архітэктурнага малявання вучылішчу не знайсці. Так Іван Жалтоўскі атабарыўся ў Маскве - назаўсёды, гэта значыць, амаль на 60 гадоў, не лічачы трохгадовага прабывання ў Італіі ў 1920-я. І апошні прытулак ён знайшоў таксама ў Маскве, на Новадзявочых могілках...

Першы буйны маскоўскі заказ на праектаванне будынка Скакавога таварыства Жалтоўскі атрымаў у 1901 годзе (наколькі я ведаю, гэтую пабудову давялі да ладу толькі ў 1951-м). Удзельнічае ён і ў праектаванні гатэля "Метраполь", які, праўда, згарэў яшчэ да адкрыцця. Потым архітэктар будуе для гандлёвага прадпрымальніка Гаўрылы Тарасава сядзібу на вуліцы Спірыдонаўка ў форме "Палаца Цьенэ" Паладыа з г. Вінчэнца (цяпер там - Інстытут Афрыкі).

 І пайшло-паехала... У 1909 г. Іван Уладзіслававіч за бліскучае выкананне ідэй класічнай спадчыны ў сучаснай архітэктуры атрымлівае званне акадэміка. І праектуе, праектуе, праектуе, не спыняючыся ні на адзін дзень: будынкі ў Маскве і Падмаскоўі, удзел у стварэнні Музея прыгожых мастацтваў, для якога робіць чарцёж параднай лесвіцы, што вядзе да стылабата (пярэдняй каланады), і шмат чаго іншага. У той жа час выкладае ў Строганаўцы, дзе арганізуе школу-майстэрню, заснаваную, зноў жа, на стылістыцы італьянскай архітэктуры Рэнесанса.

І тут прыйшоў 1917 год. Рэвалюцыя. Іван Жалтоўскі прыняў яе без усякіх ваганняў і сумневаў, хаця палітыка як такая яго зусім не хвалявала. Добра ведаючы Жалтоўскага, наркам асветы А.Луначарскі 19 чэрвеня 1919-га напісаў Леніну ліст з Петраграда: "Дарагі Уладзімір Ільіч! Горача рэкамендую Вам ці не самага выдатнага рускага архітэктара, які набыў усерасійскае і еўрапейскае імя, - грамадзяніна Жалтоўскага. Акрамя свайго вялікага мастацкага таленту і выдатных ведаў, ён вылучаецца яшчэ і глыбокай лаяльнасцю ў стаўленні да Савецкай улады". Правадыр рэвалюцыі на гэты ліст адрэагаваў вельмі пазітыўна і хутка прыняў Жалтоўскага ў Крамлі. З таго часу абодва архітэктары - "рэвалюцыі" і "будаўніцтва" - сустракаліся неаднойчы...

Уражвае актыўнасць Жалтоўскага ў гады Грамадзянскай вайны і пасля яе заканчэння. Ён узначальвае архітэктурны пададдзел Наркамата асветы, кіруе архітэктурна-планіровачнай майстэрняй, аднаўленнем фундамента Вялікага тэатра, працуе прафесарам Дзяржаўных свабодных мастацкіх майстэрняў. Выкладчык ён быў выдатны. Ягоныя вучні ўзгадваюць: "Выхоўваючы архітэктараў, Жалтоўскі пастаянна ўсяляе ў іх думку аб тым, што архітэктура- гэта не папяровая фарматворчасць, а мастацтва будаўніцтва. Ён патрабуе ад сваіх вучняў глыбокага пранікнення ва ўсе дэталі будаўнічай справы, рэкамендуе ім вывучаць... кладку фундаментаў, каменячосныя, цяслярскія, сталярныя, тынкавальныя і ляпныя работы".

/i/content/pi/cult/344/6428/15-1.jpgАле галоўнай усё ж застаецца практыка. Ён распрацоўвае праект перапланіроўкі Масквы і праект генеральнага плана і шэрагу павільёнаў І Усерасійскай сельскагаспадарчай і саматужна-прамысловай выстаўкі, якая адкрылася 19 жніўня 1923-га.

А на пачатку гэтага ж года, па парадзе Луначарскага, Жалтоўскі едзе ў працяглую творчую камандзіроўку ў Італію.

Наогул, "італьянскі перыяд" Жалтоўскага выклікае шмат пытанняў, на якія і сёння няма дакладных адказаў. Што ўсё ж гэта было: сапраўдная камандзіроўка ці спроба эміграцыі?

Так, фармальна ён "быў камандзіраваны Акадэмічным цэнтрам Наркамата асветы для навуковых работ па архітэктуры". Аднак пра мэты гэтай паездкі амаль нічога не вядома. Магчыма, Жалтоўскі жадаў з'ехаць назаўсёды, як гэта здарылася з Шаляпіным, Грыгор'евым, Фешыным, а аформленая "камандзіроўка" дазваляла легальна выехаць з СССР і не спальваць канчаткова масты ў выпадку змянення палітычнай сітуацыі. На гэтую думку наводзіць наступны факт. Перад ад'ездам Жалтоўскі з'яўляўся сапраўдным членам Расійскай акадэміі мастацкіх навук (РАМН) і кіраўніком яе архітэктурнай секцыі. А калі ў снежні 1926 г. вярнуўся ў Маскву, то быў зацверджаны... членам-карэспандэнтам гэтай акадэміі. Значыць, перад ад'ездам у Італію ён быў выключаны з ліку акадэмікаў ці выйшаў з іх шэрагу сам. Магчыма, гэты ад'езд быў звязаны з прафесійным канфліктам на пачатку 20-х паміж "неакласікам" Жалтоўскім і прадстаўнікамі "новай архітэктуры", у выніку якога пераможцамі часова аказаліся "рэвалюцыянеры". Бо пасля ад'езду Жалтоўскага склад архітэктурнай падсекцыі акадэміі прынцыпова змяніўся. Сапраўднымі яе членамі сталі якраз прадстаўнікі "левай" архітэктуры, будучыя канструктывісты Л.Веснік, М.Гінзбург, К.Мельнікаў, А.Пастэрнак - заўзятыя праціўнікі "класіка эклектызму" Жалтоўскага.

Дык што ж рабіў Іван Уладзіслававіч тры гады ў Італіі? Займаўся абмерамі рэнесансных збудаванняў, штосьці маляваў, вывучаў у бібліятэках і архівах рукапісы Паладыа і перакладаў іх: ён вельмі добра ведаў італьянскую мову. А як з практыкай? Дзесьці згадваецца, што ў Італіі Жалтоўскі спраектаваў Савецкі павільён для Міланскай сельскагаспадарчай выстаўкі, але ніхто гэты праект не бачыў нават на фота ці на малюнку. І ўвогуле, "ці быў хлопчык"?

Затое ёсць іншы факт. Жалтоўскаму прапаноўвалі застацца ў Італіі ў якасці выкладчыка архітэктуры. Але ён адмовіўся, бо, нібыта, быў верны слову, якое ў 1921 г. даў Леніну ў час асабістай гутаркі. На пытанне правадыра: "Чаму, насуперак значнай частцы інтэлігенцыі, вы не эмігрыравалі?" - Жалтоўскі прызнаўся, што ён "вельмі далёкі ад палітыкі, і застаўся на радзіме па матывах не палітычных, а творчых". Справа ў тым, працягваў архітэктар, што на Захадзе панаваў канструктывізм, і, пры ўсёй павазе да Карбюзье, ён прынцыпова не можа будаваць так, а для яго не будаваць - значыць не жыць. Ён упэўнены, што па-сапраўднаму тварыць можна толькі на роднай глебе, таму і не з'ехаў, верыў у шанц, што як архітэктар на сваёй зямлі яшчэ спатрэбіцца. Ці адбылася такая размова з Леніным, таксама дакладна не вядома: сведкаў няма.

 Але, як бы там ні было, Жалткоўскі вярнуўся на радзіму. Мая версія такая. Савецкаму ўраду нейкімі намаганнямі і абяцаннямі добрых заказаў удалося выцягнуць архітэктара з Італіі, як гэта здарылася, скажам, з Горкім. І, магчыма, адным з такіх першых заказаў-прынад быў той самы дзіўны павільён СССР у Мілане. Адразу пасля вяртання Жалтоўскі, сапраўды, атрымаў буйныя заказы на Дом Саветаў у Махачкале, будынак Дзяржаўнага банка ў Маскве і тэкстыльную фабрыку. У апошнім сааўтарам быў той самы Міхаіл Паруснікаў, адзін з будучых аўтараў праекта пасляваеннага адраджэння галоўнай магістралі Мінска і будынка Дзяржаўнага банка ў нашай сталіцы.

 І ўсё ж пытанне застаецца: хто ж дакладна быў заступнікам, апекуном Жалтоўскага ў гэтыя гады?..

 (Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"