Ураджэнец Мінска, ён з 1992 г. жыве і працуе ў Іерусаліме, дзе адкрыў студыю ландшафтнай скульптуры. Сяргееў - аўтар некалькіх тэматычных скульптурных паркаў, дзе арганічна спалучаюцца гукавыя, колеравыя і светлавыя эфекты: Парку гукаў, Парку навукі, Парку адчуванняў, Парку Анёлаў... Рознакаляровыя скульптуры (з металу, бетону, смальты) арганічна ўпісваюцца ў гарадскі парк ці прамысловую зону, гарманічна дапаўняюць ландшафт альбо рамантызуюць урбаністычны пейзаж.
Сёння больш за 80 буйнамаштабных твораў Р.Сяргеева ўпрыгожваюць паркі, музеі, галерэі і прыватныя калекцыі ЗША, Англіі, Германіі, Ізраіля, а яго кампазіцыя "Іерусалімскі леў" устаноўлена ў Этнаграфічным музеі Санкт-Пецярбурга.
Сам Сяргееў кажа, што не прэтэндуе на лаўры вялікага іспанскага архітэктара Антоніа Гаўдзі, але аднойчы ўбачаная ім скульптура майстра - бетонны кракадзіл, які быў пакрыты керамічнай каляровай пліткай, - скарыла яго і дала ключ да поспеху.
Выстаўка арганізавана Ізраільскім культурным цэнтрам пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь.