Інтэрактыўная школа

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Навіны беларусаў свету

/i/content/pi/cult/344/6426/14-4.jpg

Беларусы Малдовы распачалі актыўную працу пасля летняга адпачынку. У Кішынёве адкрыла свае дзверы нядзельная школа, дзе нашы землякі вывучаюць гісторыю і культуру этнічнай радзімы, беларускую мову.

 Заняткі, дзякуючы падтрымцы з боку Дэпартамента міжэтнічных адносін Малдовы, будуць праходзіць у памяшканні бюро ведамства раз на два тыдні па дзве лекцыйныя гадзіны. Узроставы цэнз для наведвання школы адсутнічае - нават дарослыя, што прыводзяць сюды дзетак, з вялікім задавальненнем далучаюцца да навучання.

Асаблівую ўвагу падтрымцы заняткаў у нядзельнай школе надае Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова і асабіста консул Валерый Сысоеў. Таму і наш першы ўрок адбыўся на тэрыторыі консульства ва ўтульнай хатняй абстаноўцы. На ім дзецi даведалiся пра вытокi беларускага пісьменства і друку, а таксама пра гісторыю Мінска. Несумненна, яшчэ трэба ўдасканальваць тэорыю і методыку выкладання ў нядзельнай школе. Але ўжо і сёння можна сказаць, што навучанне не будзе сумным. Першая частка ўрока грунтуецца на тэарытычных звестках пра канкрэтны гістарычны перыяд, падзеі, знакавых асоб, а другая - інтэрактыўная. Мяркуем на базе класа стварыць і дзіцяча-маладзёжны творчы калектыў.

Многія беларусы Малдовы мараць пра тое, каб іх дзеці ці ўнукі вярнуліся на этнічную радзіму. Моладзь жа асабліва зацікаўлена пытаннем паступлення ў ВНУ Беларусі, паколькі якасць айчыннай адукацыі цэніцца за мяжой. Таму, вядома ж, мэта нядзельнай школы - абудзіць карэньчыкі беларускага ў новым пакаленні нашых суайчыннікаў з Малдовы.

 Ганна МАЗУР Кішынёў

На здымку: на першым уроку нядзельнай школы.