Жыгімонт з Дудзічаў

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Ад “гульні ў скрыпачку” да рэйнскага трыумфу

/i/content/pi/cult/344/6424/14-2.jpg

 У гісторыі беларускай культуры ёсць нямала імёнаў выбітных дзеячаў - паэтаў, пісьменнікаў, асветнікаў, мастакоў, музыкаў,- якія складаюць славу і гонар нацыі. Сярод іх адно з самых ганаровых месцаў па праве належыць скрыпачу і кампазітару Міхаілу Ельскаму (180годдзе з дня нараджэння яго будзе сёлета шырока адзначацца). Ён - яшчэ адзін прадстаўнік слыннай фаміліі, пра якую "К" неаднаразова пісала апошнім часам./i/content/pi/cult/344/6424/14-1.jpg

 Міхаіл-Ксаверый-Жыгімонт Ельскі з'явіўся на свет у родавым маёнтку Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай губерні 5 кастрычніка 1831 г. Іншая дата - 8 кастрычніка, якая атрымала шырокае распаўсюджанне ў разнастайных навуковых выданнях, даведніках і энцыклапедыях, адносіцца да дня яго хрышчэння.

Незвычайная музычная адоранасць хлопчыка выявілася вельмі рана. Яму было ўсяго тры гады, калі ён пачаў "гуляць у скрыпачку". Адзін з сяброў бацькі, які звярнуў увагу на гэтае захапленне, падарыў яму мініяцюрны інструмент.

Ельскаму ішоў чатырнаццаты год, калі яго разам з братам Аляксандрам адправілі на вучобу ў нямецкую гімназію ў Лаздзенен, дзе Міхаіл адразу ж вылучыўся сярод аднагодкаў сваім музычным талентам. Настаўнікам музыкі ў гімназіі там працаваў прафесійны скрыпач Г.Эндам. Паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю ён прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх канцэртах Лаздзенена.

 Пры ўсіх плюсах навучання, у гэтай нямецкай гімназіі быў адзін сур'ёзны мінус. Яна размяшчалася досыць далёка ад Дудзічаў, і працяглае знаходжанне ўдалечыні ад бацькоў не спрыяла захаванню душэўнага камфорту юнака. А таму летам 1847 г., пад час правядзення канікулаў у Дудзічах, было прынята рашэнне перавесці Міхаіла ў Мінскую гімназію.

Перыяд навучання ў Мінску быў непрацяглым. Галоўным, чым запомніліся гады ў мінскай гімназіі, стала тое, што з гэтага часу пачалася вучоба Міхаіла ў таленавітага педагога, скрыпача і кампазітара Канстанціна Кжыжаноўскага - адной з найбольш яркіх фігур у музычным свеце Мінска таго часу. Ён з самага пачатку зразумеў, што Міхаіл валодае выдатным талентам, і для яго ўдасканалення неабходны педагог больш высокага ўзроўню, чым ён сам...

Неўзабаве Ельскі паступае ў Віленскі дваранскі інстытут. У той перыяд у гэтай навучальнай установе побач з вопытнымі выкладчыкамі асноўных гімназічных дысцыплін працавалі такія выдатныя асобы, як жывапісец Канут Русецкі, спявак Ахілес Банольдзі, паэт Антон Адынец, гісторык Аляксандр Здановіч. Не менш яркім быў і вучнёўскі склад інстытута. Пасля яго заканчэння Ельскі па патрабаванні бацькі паступае на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта.

Аснову скрыпічнага рэпертуару Міхаіла ў той перыяд складалі класічныя творы. Але разам з імі амаль ва ўсіх канцэртах гучалі і ягоныя ўласныя работы. Кіеўскай публіцы і асабліва -універсітэцкім сябрам Ельскага шчыра падабалася яго творчасць. Менавіта па іх парадзе ён упершыню задумаўся пра выданне сваіх твораў. Да ранніх опусаў, складзеных у Мінску і Вільні, ён далучыў колькі п'ес, напісаных у Кіеве, і выправіўся на пошукі выдаўца. І ўжо ў 1852 годзе ў Кіеве выйшлі ў свет "Скрыпічныя мініяцюры".

Дакладная дата вяртання Міхаіла з Кіева ў Дудзічы пакуль невядомая. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў 1854-м і звязана было з хваробай бацькі. Надаючы дастатковую колькасць часу жыццю маёнтка, Ельскі ніколі не забываўся на музыку. У лютым 1861 г. М.Ельскі разам са сваім братам Іосіфам выправіўся ў першае артыстычнае падарожжа за мяжу. Галоўнымі мэтамі яго паездкі былі Германія і Францыя, але па дарозе меліся быць працяглыя прыпынкі ў Варшаве, Кракаве і Уроцлаве. Цікава, што апошні горад у гэтым падарожжы Міхаіла займаў асаблівае месца. Перш за ўсё таму, што тут задоўга да прыезду мінскага скрыпача быў анансаваны яго канцэрт, прызначаны на 11 сакавіка 1861-га. Ельскі сур'ёзна рыхтаваўся да гэтага выступлення: для яго было надзвычай важна "абкатаць" сваю канцэртную праграму ў прысутнасці кваліфікаваных слухачоў, ці, як тады казалі, "знаўцаў музыкі".

Канцэрт ва Уроцлаве прайшоў з вялікім поспехам. Музычны крытык К.Залеўскі назваў выступленне М.Ельскага "прыемным сюрпрызам", падкрэсліўшы, што "...спадар Ельскі, сярод іншых твораў, выконваў і свае, з якіх, у прыватнасці, Sonata quasi una Fantasia адзначана выдатным талентам кампазітара..."

З Уроцлава Ельскі накіраваўся ў Дрэздэн, дзе ён і да таго ўжо неаднойчы бываў, у тым ліку і ў той час, калі браў урокі ў знакамітага польскага скрыпача Караля Ліпіньскага. Гэтым разам шмат карысці і творчага задавальнення беларускі скрыпач атрымаў ад зносін з лепшымі музыкантамі Дрэздэнскай прыдворнай оперы - скрыпачом Францам Антонам Шубертам і віяланчэлістам Фрыдрыхам Груцмахерам. Пераправіўшыся праз Рэйн, Міхаіл неўзабаве апынуўся ў Страсбургу, але затрымаўся там ненадоўга, і практычна адразу ж выправіўся ў Парыж. А вярнуўшыся ў Дудзічы, Ельскі першым чынам узяўся за літаратурнае афармленне сваіх падарожных нататак, і ў чэрвені 1861 г. на старонках варшаўскага штотыднёвіка "Ruch Muzyczny" з'явілася першая частка ягоных "Успамінаў з падарожжа".

Важнымі падзеямі ў артыстычнай біяграфіі М.Ельскага сталі яго гастролі 1862га ў Кракаве. У навуковых выданнях паведамляецца пра некалькі ягоных выступленняў, аднак дакладныя звесткі маюцца толькі пра два канцэрты: у Саксонскай зале Каралеўскага замка і канцэртнай зале Кракаўскага тэхнічнага інстытута.

У сувязі з гэтым цікавае меркаванне вядомага польскага музыказнаўцы і гісторыка скрыпічнага мастацтва Юзэфа Рэйса. У сваёй брашуры "Музыка ў Кракаве ў XIX стагоддзі" ён падрабязна піша пра польскіх скрыпачоў, якія выступалі ў горадзе цягам стагоддзя, падкрэсліваючы, што "...было сярод іх шмат выдатных". Да выбітных выканаўцаў Ю.Рэйс аднёс Апалінарыя Концкага, Ісідара Лотэ, Густава Фрымана, Міхаіла Ельскага, Станіслава Табароўскага, Уладзіслава Горскага і Станіслава Барцэвіча.

Вядома, што Міхаіл быў нястомным збіральнікам і знаўцам беларускага фальклору. Дарэчы, пра збіральніцкую дзейнасць М.Ельскага ў сваіх публікацыях неаднаразова пісаў вядомы пісьменнік Баляслаў Прус. У прыватнасці, у сваім артыкуле "Музычныя адкрыцці спадара Ельскага пад Тыкоціне" ён паведамляў, што музыканту з Дудзічаў пашчасціла запісаць на Падляшшы вялікую колькасць унікальных мелодый, многія з якіх да гэтага часу былі невядомыя, нават у фундаментальных шматтомных працах Аскара Кольберга ні адна з іх не значылася. У сувязі з гэтым Б.Прус не без падстаў задаваўся пытаннем: "Чым жа займаецца наша Музычнае таварыства, чым займаюцца нашы даследчыкі, настаўнікі і аматары музыкі", калі "...пад адным Тыкоцінам заезджы госць знаходзіць цэлыя скарбы мелодый?"

На жаль, большасць фальклорных запісаў М.Ельскага не дайшла да нашага часу. Захавалася толькі адна яго праца - "Музыка і танцы беларусаў Міншчыны (Танцы народа Мінскай губерні)", арыгінал якой знаходзіцца ў рукапісным аддзеле бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта.

Развітая мастацкая інтуіцыя, шырокія веды, знаёмства з музычным жыццём Еўропы, блізкасць да мастацкіх колаў буйных еўрапейскіх культурных цэнтраў, нарэшце, нязгасная на працягу многіх гадоў любоў да мастацтва дазволілі скрыпачу з Дудзічаў стаць адной з першых знакавых фігур у гісторыі айчыннага музыказнаўства. Таксама Міхаіл Ельскі з'яўляецца аўтарам амаль ста музычных твораў. Сярод іх - два Скрыпічныя канцэрты, бліскучая Фантазія на арыгінальныя тэмы, Фантазія на тэмы польскіх народных мелодый, Саната-фантазія, Фантазія "Вясна", канцэртныя мазуркі, "Успамін пра Вільню", "Танец духаў" і велізарная колькасць скрыпічных і фартэпіянных мініяцюр.

 ...На жаль, пасля святкавання 50-годдзя творчай дзейнасці майстра, юбілейныя ўрачыстасці з нагоды якога прайшлі ў Дудзічах, стан здароўя кампазітара імкліва пагаршаўся. Напрыканцы студзеня 1904-га Міхаіл Ельскі пайшоў з жыцця. Пахаваны ён быў у фамільнай капліцы Уняхоўскіх у Русінавічах.

Аляксандр КАПІЛАЎ, кандыдат мастацтвазнаўства