Вада і скала. І скрозь скалу

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

“Па слядах” Суціна і “няўлоўнасць” Франсуазы

/i/content/pi/cult/344/6421/10-4.jpg

 

Менавіта так можна назваць выстаўку твораў таленавітай французскай мастачкі Франсуазы Лімузі. Экспазіцыя працуе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, хаця на афішах яна значыцца проста як "Вада і скала". Да гэтага выстаўку, арганізаваную Пасольствам Францыі ў Беларусі, з вялікай цікавасцю агледзелі віцябчане і гамяльчане.

Дзяцінства Франсуаза Лімузі правяла на зямлі яе продкаў - на сонечным поўдні Францыі. I, мабыць, святло, цеплыня прыроды і душэўнасць людзей, якія тады акружалі будучую творцу, праз гады стала ў ейным жывапісе пуцяводнай зоркай для выяўлення ўласных пачуццяў і роздумаў пра тое, што ёсць Прыгажосць і Дабрыня ў навакольным свеце, якую ролю адыгрываюць ў жывапіснай пластыцы форма, колер, прастора, энергетыка лініі і плямы, і наогул, што дае выяўленчая творчасць для жанчыны, якая цягам вось ужо 15 гадоў няспынна падарожнічае па свеце ў пошуках новых уражанняў і душэўных стымулаў для таго, каб свае эмоцыі візуальна перадаць удзячнаму гледачу...

Вось што кажа пра сябе спадарыня Лімузі: "Я не належу да акадэмічнай школы. З вялікай увагай стаўлюся да цікавага і загадкавага працэсу сузірання, а таксама да пачуццёвай прыцягальнай сілы прыроды - палёў, дрэў, гор, неба, рэк, азёр, снегу, ручаін - ва ўсе часы года і на ўсіх кантынентах. У мяне свае, вельмі асабістыя, адносіны з колерам і формамі".

Скажу, што ўласна жывапісам Франсуаза занялася даволі позна: да гэтага дзесяць гадоў была камедыйнай актрысай. Але сустрэча з такімі педагогамі па выяўленчым мастацтве, як Мешак, Марцін Жэліс, Ісак Селнік'ер, вызначыла яе далейшы лёс. Дапамагло і скрупулёзнае вывучэнне творчых "сакрэтаў" Сезана, Маціса і Дэрэна, мастакоў Парыжскай школы, але ўласны шлях да сябе, мяркуючы па сённяшняй экспазіцыі, яна знайшла даволі хутка. Усе гэтыя "рознакаляровыя" нарвежскія азёры, "няўлоўныя" вобразы французскіх гор і пагорачкаў, берагоў і сцяжынак, блакітных нябёс і зялёных дрэў, лясоў і бясконцых дарог - усё гэта яна, мастачка, якая палюбіла нашу Беларусь. "Мой прыезд у вашу краіну, каб паказаць уласныя творы, мне падаецца больш чым натуральным..." I прыгадала, што менавіта тут, у Беларусі, нарадзіліся вялікія мастакі свету - Марк Шагал і Хаім Суцін: "І вось, я прыехала па іх "слядах" на іхнюю радзіму, каб прывезці з сабой самыя сяброўскія пачуцці да вас..."

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"