Сем білетаў на "Верасень"

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

"Аўтаномная", канцэптуальная або...?

/i/content/pi/cult/344/6420/10-3.jpgУ Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва" - чарговая буйная выстаўка. Гэтым разам творчае аб'яднанне "Верасень" Беларускага саюза мастакоў святкуе сваё 22годдзе! Дата, як бачыце, не зусім круглая, але для 25 мастакоў гэтай суполкі сабрацца разам - заўсёды свята.

Ды і нагода адразу адзначыць некалькі дат творцаў. На жаль, ужо няма ў жывых і Пятра Лысенкі, і Мікалая Казлова - для іх работ арганізатары экспазіцыі зрабілі спецыяльныя міні-аддзелы. Таксама "аўтаномна" /i/content/pi/cult/344/6420/10-2.jpgпрадстаўляе свой творчы даробак таленавітая сям'я Паплаўскіх: Георгій і Наталля сёлета адсвяткавалі свае юбілеі. Некалькімі работамі прадстаўлены і іншыя юбіляры- жывапісец, графік, аўтар сцэнічных касцюмаў для папулярных музычных ансамбляў Тамара Чарнышова і бліскучы ілюстратар Наталля Сустава.

Няма сэнсу аналізаваць выставачныя творы, бо ў экспазіцыі - шмат ужо вядомых гледачу работ, а з новых можна адзначыць толькі некаторыя, і тыя створаны маладымі мастакамі - у прыватнасці, Наталляй Марчанка, Лізаветай Пашчасцевай, Ілонай Касабука і Вікай БелавусавайКірыенка. Канешне ж, найбольш прывабным мне падаўся акварэльны жывапіс "вераснёўцаў". Тут сваё майстэрства прадэманстравалі Яўген Жылін, Мікалай Рыжыкаў, Таццяна Царова, Лідзія Ліхадзед, Яўген Саковіч, Віктар Кліменка. Сваю арыгінальную серыю з васьмі псіхалагічных партрэтных малюнкаў "Эмоцыі" прадставіў Сяргей Волкаў. Добра выглядаюць творы "старых знаёмых" Кацярыны Паплаўскай, Юрыя Зайцава, Уладзіміра Шнарэвіча, Міхаіла Моўчана, а таксама - Ірыны Лобан, Вячаслава Пашчасцева, Мікалая Сенькіна. Словам, на выстаўцы можна як бы адным разам пабачыць пэўны спектр сучасных мастацкіх стыляў, кірункаў, густаў і жанраў выяўленчай творчасці. І тады стане больш-менш зразумела, куды сёння ідзе "Верасень". Канешне, тут, як і ва ўсялякай экспазіцыі, ёсць розныя творы. І калі я знайду, скажам, са ста работ хаця б дзясятак тых, якія крануць маю душу і розум, ужо не змагу сказаць: маўляў, выстаўка, даруйце, не адбылася...

 Але пры больш блізкім знаёмстве з цяпераш/i/content/pi/cult/344/6420/10-1.jpgняй экспазіцыяй мне усё ж падаецца, што яе арганізатары нешта не дапрацавалі. Творы сабраны выпадкова: ад кожнага аўтара - "па здольнасцях"; дакладнай канцэптуальнай арыенціроўкі тут няма; зусім мала "эксперыментальных", "узрыўных" работ, наконт якіх можна было б паспрачацца, хаця ведаю, што ў майстэрнях некаторых "вераснёўцаў" падобныя творы ёсць. Складаецца ўражанне, нібыта частка мастакоў прымала ўдзел у гэтай акцыі не вельмі ахвотна. Тым больш, у апошнія гады цікавасць да такіх вялікіх экспазіцый (ды і персанальных таксама) з боку наведвальнікаў спала.

У пятніцу, 23 верасня, у другой палове дня, я правёў на гэтай выстаўцы каля дзвюх гадзін- і ніводнага гледача там не пабачыў... Калі бліжэй да вечара выходзіў з залы, спытаўся ў касіра, колькі ж білетаў было прададзена на дадзеную экспазіцыю цягам дня. У адказ пачуў: "Сем". Што тут сказаць? Я шмат пісаў і гаварыў пра гэтую найважнейшую праблему нашага мастацкага жыцця. Усе- і мастакі, і крытыкі, і чыноўнікі- пагаджаліся (а як тут не пагадзіцца?), але... Што будзе далей у гэтых адносінах, і як жа, у рэшце рэшт, разбурыць сцяну паміж мастаком і гледачом?..

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"