“Белая вежа-2007”: яднанне класікі і крэатыву

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Старэйшы Міжнародны тэатральны фестываль нашай краіны “Белая вежа” дванаццаты раз прайшоў з 8 па 14 верасня на гасціннай Берасцейскай зямлі. Ужо традыцыйна горад над Бугам вітаў драматычныя і лялечныя тэатральныя калектывы, гэтым разам — з 23 краін свету, кампетэнтнае журы на чале з актрысай Таццянай Дзербянёвай-Якабсен (Данія) вызначала лепшых з лепшых, а шматлікія гледачы са шчырай удзячнасцю віталі ўсіх без выключэння акцёраў, якія ў гэтай фестывальнай віхуры выходзілі на тэатральныя падмосткі, каб паказаць сваё майстэрства, талент, творчыя здабыткі.

У лідэрах — класіка
Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка даслаў на адрас удзельнікаў і гасцей фестывалю прывітальны ліст і кветкі, а старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар з фестывальнай сцэны падкрэсліў, што на сённяшні дзень “Белая вежа” стала не проста
 /i/content/pi/cult/130/642/Belaya vezha2.jpg
 Сяргей Пяткевіч у ролі Дон Жуана. “Дон Жуан” (Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі).
беларускім тэатральным фестывалем, а — культурнай падзеяй міжнароднага маштабу, збіраючы ў Брэсце тэатральныя калектывы літаральна з усіх куточкаў свету.
І сапраўды, калі на пачатку станаўлення фестывалю шмат гаварылася пра неабходнасць пошуку “тэатральнай ідэі”, якая сцэментуе і арганізуе, “прыдасць форму і змест” “Белай вежы”, дык сёння відавочна, што сам факт правядзення ў нашым прыгранічным Брэсце буйнога тэатральнага фестывалю з’яўляецца не проста ідэяй, а своеасаблівым “прадуцэнтам” новых тэатральных пачынанняў ва ўсёй краіне. Самае першае з гэткіх пачынанняў мы пабачылі ў першы ж дзень фестывалю, падчас яго адкрыцця: масавае тэатралізаванае відовішча-шэсце па вуліцы Леніна, арганізаванае па ўсіх “правілах” вулічнага тэатра. Яго прадставілі гасцям і ўдзельнікам фестывалю брэсцкія акцёры-аматары. А між тым, традыцыі і прынцыпы вулічных прадстаўленняў, практычна невядомыя ў сучаснай айчыннай тэатральнай практыцы, “паказалі” беларусам акурат дзякуючы “Белай вежы”: спачатку — ля сцен вежы Камянецкай, а потым — дзякуючы запрашэнню на фестываль канкрэтных калектываў, якія працуюць менавіта ў жанры вулічнага тэатра. Дзякуючы ім, дарэчы, можна было на ўласныя вочы ўбачыць, што фестываль аб’ядноўвае гараджан мацней, чым якія-кольвек сацыяльнапалітычныя партыі і ідэі: шчыльныя шэрагі брэстаўчан вакол адкрытай пляцоўкі на плошчы Леніна ў час паказаў вулічных спектакляў не здольны быў “прарэдзіць” нават дождж!
Своеасаблівым “рэзанансам” гэтага стаўся і той факт, што ўпершыню ў гісторыі фестывалю Гран-пры сярод драматычных тэатраў дастаўся менавіта вулічнаму спектаклю — “Вішнёваму саду” паводле А.Чэхава, прывезенаму на фестываль Львоўскім тэатрам “Уваскрэсенне”. Рэжысёр спектакля Яраслаў Федарышын пайшоў на смелы тэатральны эксперымент, вывеўшы дзеянне, у якім зазвычай прыцягваюць увагу менавіта нюансы ўнутранага жыцця герояў, знакамітыя чэхаўскія падтэксты, на плошчу — на “шырокі прастор” і “лобнае месца” адначасова. І ў гэтых новых прапануемых абставінах, нетрадыцыйных для твора, добра вядомая нам гісторыя продажу вішнёвага саду сталася
 /i/content/pi/cult/130/642/Belaya vezha3.jpg

 Сцэна са спектакля "Вішнёвы сад" (Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне", Украіна).

не проста гісторыяй пагібелі “старога свету” перад наступленнем свету новага, але і балючай стратай былых ілюзій, і спробай высакароднага, прыгожага ўзнясення над побытавымі праблемамі і клопатамі, адчайным, феерычным, амаль карнавальным развітаннем з тым, што было люба і дорага сэрцу, і, адначасова, — актам ахвярнага і ачышчальнага самаспалення...
І яшчэ адзін спектакль, паказаны ў конкурснай праграме, “абавязаны” сваім жыццём менавіта “Белай вежы”,— “Забава” Мінскага абласнога драматычнага тэатра (г. Маладзечна), створаны сумесна з Польскім інстытутам у Мінску.Ідэя яго пастаноўкі ўзнікла менавіта пасля таго, як некалькі гадоў таму ў Брэсце гэтую малавядомую на Беларусі п’есу класіка польскага абсурдызму Славаміра Мрожака ў яркай, гратэскавай манеры сыгралі венгерскія артысты. Між тым, у рэжысуры Ігара Блінкова маладзечанская “Забава” — спектакль цалкам самастойны, і працэс пошуку “халяўнай забавы” на трох (Алег Чэчанеў, Андрыян Барткевіч і Аляксандр Пашкевіч) узнімаецца ад простых высвятленняў узаемаадносін да таго, хто ж чые чаканні падмануў, і выглядае, хутчэй, як інтэлектуальнае асэнсаванне законаў свету.
Выснова, якую рэжысёр разам з акцёрамі робіць у фінале спектакля, гучыць, на першы погляд, дзіўна, але надзвычай актуальна для нашага тэхнагеннакампютэрызаванага часу: “Усё варта рабіць па-сапраўднаму, жыць, а не імітаваць жыццё, гуляючы і забаўляючыся яго стандартнымі “мадэлямі”, — сцвярджаюць героі спектакля.
Пра “жыццё на сцэне” ў рамках фестывалю можна было б гаварыць шмат.
Сёлетняя “Белая вежа” падарыла гледачам шэраг яркіх, запамінальных акцёрскіх работ, дзе жыццё персанажаў, пры ўсёй знешняй тэатральнасці, адгукалася ў глядзельнай зале сваёй надзвычайнай праўдзівасцю, шчырасцю, а акцёрскае існаванне выклікала гледачоў на адкрыты кантакт. Сярод гэткіх “перлін” акцёрскай ігры варта назваць Аргана Расціслава Янкоўскага (“Прытворна хворы” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага), які скарыў фестывальную публіку сваёй дабрадушнасцю і... прагай любові з боку сваіх блізкіх. У выкананні Янкоўскага гэты класічны мальераўскі персанаж цалкам пазбаўлены ўсялякай сатырычнасці, галоўная рыса яго характару, якую акцёр праводзіць праз увесь спектакль, — надзвычайная прастадушнасць, такая “немагчымая” ў нашым свеце, і з гэтай прычыны такая абаяльная і прывабная. Сярод актрыс безумоўным “лідэрам” стала Ніёле Нармантайтэ ў ролі Марыі Калас (“Майстар-клас” Незалежнага тэатра, Вільнюс, Літва), чый непасрэдны дыялог з глядзельнай залай на працягу літаральна ўсяго спектакля стварыў дадатковае драматычнае “абрамленне” для гісторыі знакамітай спявачкі ў час, калі яна ўжо страціла свой цудоўны голас. Сапраўдным майстар-класам сталася не толькі арганічнасць яе сцэнічнага існавання і тая акалічнасць, што пра оперную спявачку актрыса распавядае, не прыбягаючы да ўласнага вакалу (хаця ў Літве Ніёле Нармантайтэ вядомая, да ўсяго, і як цудоўная выканаўца шансона), але і высокі ўзровень сцэнічнай культуры, павагі да сваіх герояў-асоб, што заглыбляе нас, гледачоў, у самыя нетры тэатральных таямніц.
Дарэчы, тэма паважлівага стаўлення да гледачоў, што з’яўляецца адным з важнейшых складнікаў тэатральнага спектакля, магчыма, не менш значным, чым арыгінальнасць і глыбіня рэжысёрскага прачытання п’есы, паўставала падчас “Белай вежы” не аднойчы. “Справакаваў” яе Цэнтр драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам А.Казанцава і М.Рошчына (Масква, Расія), які прывёз на фестываль адну са сваіх “свежых” прэм’ерных пастановак — спектакль “Нінчына зямля. Чужыя” па п’есе сучаснага ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт. Кранальная сама па сабе гісторыя глухой украінскай вёсачкі, дзе таксама жывуць людзі, якія жадаюць простага чалавечага шчасця, была, аднак, расказана нам “праз прызму” стойкага самагоннага чаду і ўстойлівых “украінскіх стэрэатыпаў-уяўленняў”, кшталту бесшабашных пышнагрудых вясковых жанчын, нецэнзурных “ідыяматычных выразаў” з прэтэнзіяй на каларытнасць і музычнага
 /i/content/pi/cult/130/642/Belaya vezha4.jpg
 Ганна Ардава ў ролі Нінкі. “Нінчына зямля. Чужыя” (Цэнтр драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам М.Рошчына і А.Казанцава). 
суправаджэння музыкай культавага гурта “Воплі Відаплясава”. Але ігра Ганны Ардавай — выканаўцы галоўнай ролі вясковай “каралевы самагону” Нінкі — ратавала спектакль ад павярхоўнасці ўспрыняцця, якая звычайна і ўзнікае ў “чужых”, тых, хто назірае за той ці іншай сітуацыяй “з боку”, з пазіцый сталічных людзей, што бачаць вясковае жыццё адно толькі “праездам”. Гераіня Ардавай — няскладная, “дошкападобная” жанчына, якая больш за ўсё ў жыцці прагне звыклага жаночага шчасця і, заручыўшы яго ў асобе заезджага Славіка, здольная аддаць за гэтае шчасце ўсё самае дарагое ў сваім жыцці: новы дом, радню-сябровак, свой няхітры самагонны “бізнес”...
У той жа час трапятліва-паважлівае стаўленне да сцэнічнай культуры прадэманстраваў падчас фестывалю спектакль “З-за гонару” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Г.Сундукяна (Ерэван, Арменія). Найперш дзякуючы таму, што рэжысёр спектакля Вагэ Шахвердзян распавёў нам не проста “пазнавальную” сёння гісторыю сям’і, галава якой здабыў багацце і дабрабыт дзякуючы гандлю нафтапрадуктамі, а ўзняў пытанні маральнасці, паклаўшы на розныя шалі вагаў грошы і гонар сям’і, западозранай у фінансавым злачынстве і здрадніцтве перад памяццю лепшага сябра. Выканаўца галоўнай ролі Армен Маруцян раскрывае ў сваім вобразе амаль шэкспіраўскія глыбіні: яго Бацьку немагчыма ні адназначна абвінаваціць у злачынстве і пасмяротнай здрадзе сябру, ні, у той жа час, апраўдаць — сведчанні злачынства праз многія гады ўсё ж выплываюць. І надзвычай важна, што на фоне сучаснага жыццёвага прагматызму рэжысёр усё ж прыводзіць нас да думкі, што важныя не толькі мэты, якімі кіруецца чалавек, але і “формы іх рэалізацыі” — тое, што і вызначае чалавечую годнасць. А гэта, аказваецца, зусім не грошы...
Дарэчы, як было заўважана падчас фестывальных абмеркаванняў, тэатральная эстэтыка армянскага тэатра дзіўным чынам “нагадала” знакавыя спектаклі апошніх часоў нашага Купалаўскага тэатра, хаця гаварыць пра творчыя стасункі паміж гэтымі тэатрамі не выпадае. Тым больш, што і “Сымон-музыка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які адкрываў драматычную фестывальную праграму, яшчэ раз давёў, што сучасны глядач сумуе па сур’ёзным сцэнічным прачытанні класікі. Але прачытанне гэтае мусіць быць не надумана-авангардным, а, у першую чаргу, удумлівым і вобразна-метафарычным. Такім, якое б “здзірала” з твораў хрэстаматыйна-школьныя “наросты” і вяртала нам таго ж Якуба Коласа ў сваім існым выглядзе, з тымі сэнсамі, якія імкнуўся данесці да нас сам аўтар.
Яшчэ больш сцвердзіў у гэтай думцы і спектакль “Жаніцьба” Рыжскага рускага тэатра імя Чэхава. Прачытанне гэтага класічнага гогалеўскага твора ў рэжысёрскім рашэнні Міхаіла Бычкова вызначаецца знарочыстай адсутнасцю “вынаходніцтваў”. Здаецца, рэжысёр цалкам “растварыўся” ў аўтарскім тэксце, і гэткі “нямодны” сёння падыход да п’есы (куды часцей пастаноўшчыкі лічаць для сябе прыярытэтным “выпінанне” ўласнага “Я” і дэкларацыю сваіх “правоў” на пераасэнсаванне і перапісванне класікі) надаў рыжскай “Жаніцьбе” лірычнасці і паэтычнай чысціні. Перад намі паўстаў спектакль не пра дзіўныя, бесцырымонныя і “антыгуманныя” норавы гогалеўскага часу, а пра важнасць у любой справе не толькі канчатковай мэты, але і вернасці разумным звычаям і традыцыям, правераным стагоддзямі: пра тое, як людская саманадзейнасць здольная загубіць нават самыя разумныя і чыстыя памкненні.
Дарэчы, тэма традыцый і сучаснасці прагучала і ў спектаклі “Пяць жонак Хаджы Насрэдзіна” Таджыкскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Маякоўскага (Душанбэ, Таджыкістан), які сёлета ўпершыню завітаў на “Белую вежу”. Знаны літаральна ва ўсім азіяцкім рэгіёне культурны герой Хаджа Насрэдзін — своеасаблівы “аналаг” нашага Несцеркі — паўстаў у спектаклі не проста “шматвекавым” фальклорным персанажам, а героем, які менавіта сёння, “тут і зараз” асэнсоўвае нацыянальную класіку. Нягледзячы на традыцыйны сюжэт, пастаноўка, насычаная, з аднаго боку, тэатральнымі традыцыямі і прыёмамі, уласцівымі таджыкскаму тэатру з даўніх часоў, у той жа час падае нам тэму мнагажонства і “жаночую рэвалюцыю”, якая ўзнікае на гэтай глебе, не проста як рэгіянальную “разыначку”, а нашмат шырэй— як разважанні над сучаснымі гендэрнымі праблемамі, характэрнымі не толькі для еўрапейскага рэгіёна, але і для мусульманскага свету таксама. Як выглядаюць сёння сучасныя мужчына і жанчына і наколькі яны адпавядаюць самі сабе, свайму спрадвечнаму жыццёваму прызначэнню?
Сёлетняя “Белая вежа”, як, бадай, ніколі раней, высвеціла адну прыемную акалічнасць: аказваецца, тэатральнае мастацтва насамрэч здольнае аб’яднаць людзей самага рознага ўзросту, сацыяльнай прыналежнасці і статуса, нарэшце, культурнай “насычанасці”. Безумоўна, вядома гэта не ад учора, але адна справа — гаварыць, і зусім іншая — бачыць на ўласныя вочы, як у адзіным парыве дораць артыстам свае апладысменты і тэатральныя “гурманы”, на чыім рахунку сотні прагледжаных спектакляў, і гледачы, якія з заміраннем дыхання “адкрывалі” для сябе сюжэтныя перыпетыі п’ес Мальера, Гогаля, Коласа. Думаецца, гэты творчы “дэмакратызм” і з’яўляецца галоўнай адметнасцю “Белай вежы”, якая штогод вабіць у Брэст тэатральныя калектывы самых розных краін і кантынентаў. 

Пра што можна размаўляць з гледачамі?
Лялечная праграма “Белай вежы” заўсёды вылучалася сваёй размаітасцю. Але сёлета яе “насычанасць” цікавымі творчымі работамі прыемна здзіўляла нават “старажылаў” фестывалю. Звярнула на сябе ўвагу і практычная адсутнасць у фестывальнай афішы “казачных” спектакляў у іх традыцыйным успрыняцці, калі нам распавядаюцца знаныя праз гады і дзесяцігоддзі казкі. Галоўны ўпор арганізатары праграмы зрабілі на спектаклі, дзе галоўным прынцыпам з’яўляецца кантакт лялечнікаў з гледачамі. І такі курс паказаў сваю слушнасць, запатрабаванасць, а да ўсяго — і рознаварыянтнасць арганізацыі падобных “кантактаў”.
Самым першым “кантактам” — актрысы з самой сабой — стаўся монаспектакль “Інтымнасць” Тэатра фігур Ірыс Майнхард (Ленінген-Шлатшталь, Германія), у якім галоўная гераіня разам з гледачом спрабуе зразумець, што ж уяўляе сабою чалавек. Дзе знаходзіцца яго галоўны “рухавік”? Што вызначае яго эмоцыі, учынкі? “Падарожнічаючы” з дапамогай відэапраекцыйных тэхналогій па ўласным целе, яна так і не знаходзіць якога-небудзь адзінага адказу на ўласныя пытанні, але — змушае гледачоў прыгледзецца да саміх сябе, падумаць над сваімі словамі, рашэннямі, учынкамі...
Праблему сацыяльнай існасці чалавека ў сучасным грамадстве ўзняў спектакль “Стан” кампаніі Джыма Барнарда (Амстэрдам, Галандыя). Адрасаваны, у першую чаргу, моладзі, падлеткам, у асобе свайго героя — Стана, які вечна незадаволены жыцём і людзьмі, спектакль гаворыць пра галоўную праблему сучаснага грамадства — няўпэўненасць ва ўласнай вартасці, у сваіх жыццёвых перакананнях і элементарнае “рабства” перад комплексам непаўнавартаснасці, навязаным агрэсіўным соцыумам. Але ж для таго, каб перастварыць навакольны свет, варта перш-наперш перагледзець уласнае стаўленне да жыцця.
Безумоўна, шмат спектакляў фестывальнай праграмы было адрасавана маленькім гледачам. Але ж практыка паказала, што нават пазначаны ў праграмцы ўзроставы “адрас” спектакляў зусім не азначае яго “вузкай спецыялізацыі”. Гэта пацвердзіў і спектакль “Карыус і Бактус” Тэатра лялькі і акцёра (Ломжа, Польшча), у якім дзяцей самым дасціпным чынам вучылі, навошта і як правільна чысціць зубы; і “Чух, чух, чух...” Талінскага дзяржаўнага тэатра лялек (Талін, Эстонія), падчас якога разам з 2-3-гадовымі малечамі мы “падарожнічалі” па вясковым падворку і знаёміліся з яго насельнікамі; і “Освальд і Вялікая малпа” Тэатральнай групы “Баціда” (Кобенхаўн, Данія), які распавёў дзецям пра галоўныя “прынцыпы” сяброўства, якое не церпіць зласлівасці і сквапнасці.
Традыцыйна англійскія лялечнікі, якія прадстаўляюць на “Белай вежы” сваё майстэрства, звяртаюць на сябе ўвагу нечаканым, часта зусім “нелагодным” рашэннем спектакляў.
 /i/content/pi/cult/130/642/Belaya vezha1.jpg
 Сцэна са спектакля “Там, далёка...” (тэатр “Байкамела”, Белград, Сербія).
Варта ўзгадаць і паказаныя некалькі гадоў таму “Прыгоды Панча”, якія, дарэчы, атрымалі Гран-пры фестывалю сярод тэатраў лялек, — там “брат” Пятрушкі Панч выглядаў героем бесцырымонным і даволі цынічным, з прыкметамі “садысцкага” складу характару. А сёлетні “Кракадзіл па мянушцы Крык” Ідалрыч Тэатр Ротто (Хасцінгс, Велікабрытанія) уразіў “вынаходніцтвам” галоўнай гераіні спектакля — добрай і клапатлівай мамы Даратэі, якая мусіла прыйсці на дапамогу сваім дзецям, праглынутым кракадзілам. Актрыса цудоўна праводзіць сцэну “нарады” адносна таго, як вызваліць маленькіх браціка і сястрычку з кракадзілавай пашчы, атрымліваючы з залы самыя розныя парады, але спыняецца яна на прыгатаванні “вулканічнага рагу”. З’еўшы яго, кракадзіл у той жа самы момант атрымлівае... нястраўнасць, дзякуючы чаму з рэшткамі ежы “вызваляюцца” і праглынутыя дзеці.
Важнай заслугай лялечнай праграмы фестывалю з’яўляецца тое, што дзякуючы ёй паступова разбураюцца стандартныя грамадскія стэрэатыпы ўспрыняцця тэатра лялек як мастацтва выключна “казачна-сюжэтнага”, адрасаванага адно дзецям. Маўляў, лялечны тэатр — гэта ўсяго толькі першая прыступка да “сур’ёзнага” драматычнага тэатра. Між тым, арганізатары “Белай вежы” не стамляюцца даводзіць, што тэатру лялек падуладныя не толькі дзіцячыя гісторыі, але і сур’ёзная сусветная класіка. І робяць гэта паспяхова: у сёлетняй праграме фестывалю былі прадстаўлены ажно тры спектаклі, створаныя на падставе літаратурнай класікі, — “Гісторыя аднаго горада” М.Салтыкова-Шчадрына Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (Мінск, Беларусь), “Дзяцінства Мікіты” паводле А.Платонава Омскага дзяржаўнага тэатра лялькі, акцёра, маскі “Арлекін” (Омск, Расія) і “Месяц Сальеры” Брэсцкага абласнога тэатра лялек. Усе тры, кожны — па-свойму, не проста сталі “візуальнай ілюстрацыяй” сваіх літаратурных першаасноў. Рэжысёры, па сутнасці, “матэрыялізавалі” і “ажывілі” тыя вобразы, што ўзнікаюць пры згадцы таго ці іншага твора, і, разам з тым, — яшчэ раз нагадалі нам, гледачам, што і чалавек таксама з’яўляецца лялькай, часам, як у Платонава, — маленькай і безабароннай, а часам, як у Салтыкова-Шчадрына, — недалёкай, дурнаватай, смешнай, а часам — нават і агрэсіўнай у сваёй абмежаванасці.
 /i/content/pi/cult/130/642/Belaya vezha5.jpg
А вось Гран-пры сярод тэатраў лялек сёлета па праве атрымаў спектакль “Месяц Сальеры”.
І гэты поспех бачыцца своеасаблівым этапным знакам творчага росту тэатра, які, дарэчы, не так даўно дадаў да сваёй назвы ганаровы статус “Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь”. Творчае супрацоўніцтва брэсцкіх лялечнікаў з Раманам Кудашовым, знаным у сучаснай тэатральнай прасторы расійскім рэжысёрам сёлетняга спектакля-пераможцы, пачалося менавіта на “Белай вежы”. Некалькі гадоў таму ў фестывальнай праграме прыняў удзел яго дыпломны спектакль “Патудань”. Завязаліся творчыя кантакты, якія і выліліся ў сумесную пастаноўку на брэсцкай сцэне. І яна, дарэчы, яшчэ раз прадэманстравала гледачам бясспрэчны, хоць і “нямодны” факт: творчы ўзровень сапраўднага мастацтва не залежыць ад яго геаграфічнага месцазнаходжання, а ў большай ступені — ад жадання, таленту і натхнення творцаў. А гэтага на “Белай вежы” ў Брэсце хапае на ўсіх!

Таццяна КОМАНАВА 

Гран-пры фестывалю за лепшы спектакль сярод тэатраў драмы — “Вішнёвы сад” Львоўскага тэатра “Уваскрэсенне” (Львоў, Украіна);
Гран-пры фестывалю за лепшы спектакль сярод тэатраў лялек — “Месяц Сальеры” Брэсцкага абласнога тэатра лялек (Брэст, Беларусь).
Дыпломы:“Лепшы драматычны акцёр” — Расціслаў Янкоўскі за ролю Аргана ў спектаклі “Прытворна хворы” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага;
“Лепшая драматычная актрыса” — Ніёле Нармантайтэ за ролю Марыі Калас у спектаклі “Майстар-клас” Незалежнага тэатра (Вільнюс, Літва);
“За захаванне і развіццё традыцый класікі ў сучасным тэатры” — “З-за гонару” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Г.Сундукяна (Ерэван, Арменія);
“За сучаснае прачытанне нацыянальнай класікі”— “Сымон-музыка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы (Мінск, Беларусь);
Спецыяльны дыплом журы фестывалю
“За актыўную падтрымку маладой драматургіі” — Цэнтр драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам М.Рошчына і А.Казанцава;
Спецыяльны прыз журы фестывалю “За трагікамічную трактоўку”— Міхаіл Бураўкоў за ролю Жэвакіна ў спектаклі “Жаніцьба” Рыжскага рускага тэатра імя М.Чэхава (Рыга, Латвія);
“За лепшы творчы эксперымент сярод тэатраў лялек” — “Інтымнасць” Тэатра фігур Ірыс Майнхард (Ленінген-Шлатшталь, Германія);
Дыплом ГА “Беларускага цэнтра УНІМА” і журы “За высокае выканаўчае майстэрства і ансамблевасць” — спектакль “Освальд і Вялікая малпа” Тэатральнай групы “Баціда” (Кобенхаўн, Данія);
“За высокую культуру спектакля для дзяцей малодшага ўзросту”— “Чух,чух, чух...” Эстонскага дзяржаўнага тэатра лялек (Талін, Эстонія);
“За яркае ўвасабленне вобраза праз пластыку” — Хрысціна Гаўрылюк за ролю Букі ў спектаклі “Бука” Львоўскага абласнога тэатра лялек (Львоў, Украіна);
“За высокае выканаўчае майстэрства і артыстычны ансамбль” — Беата Антанюк, Томаш Рынкоўскі, Здзіслаў Рэй у спектаклі “Карыус і Бактус” Тэатра лялькі і акцёра (Ломжа, Польшча).

Віншуем!