“Сны Замкавай гары”

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Фантазія, натхнёная Навагрудкам

/i/content/pi/cult/344/6418/9-1.jpg

6 кастрычніка ў рамках Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета адбудзецца сусветная прэм'ера сімфанічнага твора беларускага кампазітара. Падобныя ўпрыгожанні фестывальнага брэнда нашай сучаснай музыкай сталі на форуме добрай традыцыяй. Гэтым разам свой музычны замак на фестывальнай гары збудуюць малады кампазітар Канстанцін Яськоў і лаўрэат міжнародных конкурсаў, заўзяты папулярызатар нацыянальнай класікі Вераніка Прадзед, якая будзе саліраваць у канцэртнай фантазіі "Сны Замкавай гары".

 - Прапанова напісаць твор менавіта для цымбалаў з аркестрам, - распавёў К.Яськоў, - зыходзіла ад арганізатараў Фестывалю Башмета. Вялікую ролю, безумоўна, адыграў і народны артыст Беларусі, знаны маэстра Аляксандр Анісімаў. Ён зацікаўлена ставіцца да ўсяго, што з'яўляецца з-пад пяра нашых творцаў, і ўмее стварыць на прэм'еры папраўдзе святочную атмасферу: заўсёды аншлаг, яшчэ да першых гукаў выканання - быццам нейкае прадчуванне цуду, які вось-вось здарыцца. Дый Вераніка - яна ўжо сама па сабе сапраўдны цуд нашай нацыянальнай культуры! Спачатку я задумаў трохчасткавы Канцэрт для цымбалаў з аркестрам. І назву паэтычную прыдумаў: "Сны беларускай зямлі". Маўляў, першай часткай стануць "Сны Замкавай гары". У другой пойдзе размова пра сны Белавежскай (ці, можа, Налібоцкай) пушчы. А ў трэцяй частцы на першы план выйдуць нашы рэкі ды азёры. Але потым, вядома, пачатковая задума развівалася, удакладнялася. Мне падалося, што лепш абраць адначасткавы твор, але пашырыць яго дадатковым музычным матэрыялам, паглыбіць саму ідэю. Таму спыніўся на збіральным вобразе беларускіх замкаў і палацаў. Нашы лясы ды азёры, усё, што звязана з прыродай, - ужо "раскручаны" брэнд Беларусі. Але ж у нас ёсць і свая багатая гісторыя! Невыпадкова цяпер мы так імкнёмся ўзняць пласты нашай замкава-палацавай культуры, адрадзіць былыя сядзібы і іншыя архітэктурныя помнікі даўніны. Асабіста мне гэтая тэма вельмі блізкая яшчэ і таму, што я родам з Гродна, дзе, мабыць, больш, чым у іншых рэгіёнах, захаваліся еўрапейска-шляхецкія прыкметы гарадскога асяроддзя. Каб натхніцца, улетку яшчэ раз свядома аб'ехаў Мір, Нясвіж. Але ж колькі такіх рарытэтаў яшчэ ў руінах! Той жа Навагрудскі замак, які, пэўна, і стаў галоўным "прататыпам" маёй Замкавай гары. Гэтым творам мне хацелася дастукацца да сэрцаў усіх беларусаў, бо захаванне гістарычнай памяці - не толькі дзяржаўная справа, але і гонар кожнага.

- Ваша музыка таксама, без аніякага перабольшання, еўрапейская. Пра тое сведчыць ваш удзел у многіх замежных праектах і тамтэйшае прызнанне вашых авангардных твораў...

- Партытурай "Сны Замкавай гары" я, здаецца, крыху адыходжу ад сваёй ранейшай стылістыкі і пачынаю новы перыяд творчасці. Я імкнуўся зрабіць сваю фантазію як мага больш дэмакратычнай, зразумелай самай шырокай публіцы. Своеасаблівым арыенцірам для мяне стала колішняя "Сюіта ў старадаўнім стылі" прызнанага майстра Віктара Войціка, па класе якога я скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру пры ёй. Яго трактоўка беларускіх цымбалаў як носьбіта не толькі народнай, але і старадаўняй шляхецкай культуры аказалася для мяне найбольш блізкай. У "Снах..." я звярнуўся да стылізацыі старадаўняй музыкі, выкарыстаў элементы рамантызму і так званай тэхнікі посткампазіцыі. Полістылістыка стала і тэмай маёй кандыдацкай дысертацыіі, над якой я зараз працую пад кіраўніцтвам прафесара Калерыі Сцепанцэвіч - вядомай знаўцы беларускай музыкі, якая прысвяціла яе вывучэнню і папулярызацыі ўсё сваё жыццё.

- Працаваць над новым творам, - дадала цымбалістка В.Прадзед, - было надзвычай цікава. Бо ў ім мне бачыцца амаль нейкі оперна-балетна-тэатралізаваны разгорт з відэапраекцыямі, камп'ютарнай графікай - сапраўднае гістарычнае фэнтэзі! Спачатку - быццам нейкае ўзвышша з абрысамі разбураных муроў, схаванае ў туманным сне. Але ўзнімаецца вецер, разганяе зачараваны туман - і мы трапляем у Вялікае Княства Літоўскае, у часы Магдэбургскага права: тут і гандаль, і рыцарскія паядынкі, і войны з тэўтонцамі... Раптам уся раскоша знікае, зноў схаваная туманам, - і застаецца толькі адзінокая цымбальная настальгія. Дык, можа, той туман і ёсць сон? А ўсё астатняе - наша гістарычная рэальнасць, якую мы павінны аднавіць і беражліва перадаць сваім нашчадкам? Кожны, безумоўна, убачыць свае відарысы. Для мяне гэта - замак Тышкевічаў у Лагойску і тамтэйшы старадаўні парк - вялізны, таямнічы. Я любіла там бавіць час, прыязджаючы да сваякоў па матчынай лініі. І, вядома, не здагадвалася, што буду думкамі вяртацца ў тыя мясціны, выступаючы з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі. У вечар прэм'еры за дырыжорскім пультам будзе Андрэс Мустонен з Эстоніі. А з нашым цудоўным аркестрам я грала ўжо неаднойчы. Не толькі ў нас, але і ў Варшаве, і ў Маскве, у Калоннай зале Дома саюзаў. Дадзены твор таксама хочацца паказаць не толькі на нашай філарманічнай сцэне, але і ў замежжы.

 На здымку: кампазітар Канстанцін Яськоў.


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"