Сім-сім, адкрый сімфонію!

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Калісьці слова “сімфонія” азначала ўсяго толькі “гучанне”. Потым — філасофскае асэнсаванне жыцця, стасункаў паміж чалавекам і светам. Нарэшце, яно стала азначаць яшчэ і кнігу — грунтоўнае навуковае даследаванне кандыдата мастацтвазнаўства Людмілы Волкавай “Гісторыя беларускай музыкі ХХ стагоддзя. Сімфонія”.

/i/content/pi/cult/344/6417/8-4.jpg

Чытаць яе можна па-рознаму. Музыказнаўцы звернуць увагу на дэталёва распрацаваныя тыпалогію, класіфікацыю, перыядызацыю, "раскладзеныя па палічках" вобразна-сэнсавыя сімфанічныя канцэпцыі і г. д. Можа, параўнаюць з аналітычным разглядам некаторых беларускіх сімфоній, зробленым амаль 40 гадоў таму Тамарай Дубковай. Дырыжоры і аркестранты знойдуць у новай кнізе багатую глебу для сваіх выканальніцкіх версій, для практычнага ўвасаблення раскрытых даследчыкам кампазітарскіх ідэй, часта не ўсвядомленых самімі аўтарамі сімфоній. Кампазітары, нават калі не заўважаць там сваіх прозвішчаў (ХХІ стагоддзе - тэма для асобнай гутаркі), змогуць упэўніцца, наколькі адпавядаюць іх цяперашнія памкненні стылёва-драматургічным кірункам часу. І- натхняцца на новыя партытуры!

Аматары ж прачытаюць кнігу, як займальны музычны аповед. А самае галоўнае - ва ўсіх узнікне непераадольнае жаданне тыя сімфоніі паслухаць! І ўжо адно гэта - цудоўны ўнёсак Л.Волкавай у справу папулярызацыі нашай нацыянальнай культуры. Тым больш, што беларуская музыка разглядаецца не адасоблена, а ў шырокім кантэксце мастацтва іншых краін. Кніга ўжо трапіла ў вядучыя музычныя ўстановы замежжа, разышлася і па нашых бібліятэках.

На здымку: Людміла Волкава.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"