Знакаміты ансамбль "Лірыца" Гомельскай абласной філармоніі вярнуўся з гастрольнага турнэ па Італіі і Германіі. І прывёз не толькі прыемныя ўспаміны пра захапленне слухачоў, але і новыя канцэртныя праекты.
- На нашых выступленнях, - распавёў кіраўнік калектыву Трафім АНЦІПАЎ, - пабывалі каля 40 замежных прадзюсараў. Яны вельмі зацікавіліся і самім ансамблем, і нашымі народнымі інструментамі (гэта, нагадаю, мадэрнізаваныя беларускія цымбалы, баян і балалайка-кантрабас). І, галоўнае, усе былі зачараваны амаль зусім не вядомай ім беларускай музыкай. Большасць твораў, якія мы выконвалі, сталі для замежнікаў сапраўдным адкрыццём. Уразіла іх і папулярная музыка ў нашых незвычайных аранжыроўках. Так што прапаноў мы атрымалі- шмат.
- А ў якіх залах адбываліся цяперашнія выступленні?
- У самых розных. Адпаведна складалася і праграма. Бо калі мы гралі на цэнтральнай плошчы горада, дзе збіралася некалькі тысяч слухачоў, дык імкнуліся наблізіць канцэрт да музычна-тэатралізаванага шоу (у высокім сэнсе слова), звярталіся да больш забаўляльных твораў. Калі ж выступалі ў касцёлах, дык і музыку абіралі больш акадэмічную. А рэпертуар у нас настолькі ўсеабдымны, што можам задаволіць самыя вытанчаныя густы.
- Самым запамінальным сталася...
- ...Нават не экскурсія па Рыме, а наш канцэрт у горадзе Аквіле. Мы выступалі ў касцёле, купал якога быў у свой час разбураны ў выніку землятрусу. Мы прысвяцілі свой канцэрт яго ахвярам. І ў час выканання аднекуль зверху ўпаў кавалак каменя - нібыта хтосьці падаваў нам знак...
На здымку: "Лірыца".