Колькі песень "пацягне" БелАЗ?

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

“...Акорд” праз лічбы і аналітыку

/i/content/pi/cult/344/6415/8-2.jpg

Брэнд Жодзіна ў вытворчасці - БелАЗ, які вырабляе самыя магутныя ў свеце самазвалы. Брэнд горада і завода ў культуры - Рэспубліканскі конкурс эстрадных выканаўцаў "Белазаўскі акорд", які сёлета адбыўся ўжо дзясяты раз.

На мове лічбаў - гэта больш за 500 удзельнікаў, каля 150 фіналістаў. Сярод іх - нямала тых, хто потым рушыў на Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, на "Славянскі базар у Віцебску" ды іншыя прэстыжныя форумы, а галоўнае - абраў эстраду сваёй прафесіяй, хаця спачатку, здаралася, спевы былі толькі хобі.

"Белазаўскі акорд-2012" мае быць яшчэ больш гучным. Другі тур на ім, як і на азначаных вышэй "эталонных" у нашай краіне конкурсах, плануецца правесці з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. Малады маэстра сёлета ўпершыню ўдзельнічаў у працы журы (разам з Ірынай Дарафеевай, Алегам Елісеенкавым, Аляксандрай Кірсанавай, старшынёй журы Эдуардам Зарыцкім ды іншымі) і быў вельмі ўражаны ўзроўнем конкурсу - як арганізацыйным, так і ўласна выканальніцкім.

 Маленькая дэталь: сёлета хіба адзін канкурсант крыху "не дацягваў" да агульнай, вельмі высокай, планкі. Як высветлілася, ён трапіў у фінал з так званага рэзерву, замяніўшы больш моцнага ўдзельніка, які захварэў. Ці ж гэта не доказ правільнасці конкурснага адбору, што ажыццяўляюць арганізатары? Дый выбіраць ім ёсць з чаго. Нягледзячы на тое, што сёлета жодзінскаму конкурсу папярэднічаў маладзечанскі, Нацыянальны, заявак назбіралася - больш за 60. У фінал жа трапілі- 16: 12 салістаў і 4 вакальныя ансамблі, з іх адзін- расійскі (замежныя ўдзельнікі бываюць у Жодзіне штогод, і ўсе яны падпарадкоўваюцца галоўнай конкурснай умове- спяваюць нашы песні па-беларуску).

Сумеснае спаборніцтва спевакоў і гуртоў было "пазычана" ў "Новай хвалі". Дырэктар Палаца культуры БелАЗа Генадзь Смольскі, які ў свой час выступіў ініцыятарам заснавання "...Акорда" і застаецца яго галоўнай "рухаючай сілай", імкнецца ўкараніць у сваім дзецішчы ўсё самае лепшае і перадавое, што выкарыстоўваецца ў сусветнай конкурснай практыцы. Тут нікога не здзівіш ні конкурсным сайтам (у адрозненне ад некаторых іншых форумаў, інфармацыя на ім абнаўляецца своечасова), ні конкурснымі буклетамі, ні відэавізітоўкамі, якія бываюць на спаборніцтвах кшталту "Славянскага базару..." ці "Еўрабачання", ні выпускам кампакт-дыскаў з запісамі конкурсных выступленняў (спачатку ў аўдыя-, а цяпер і ў відэафармаце), ні пільнай увагай да пераможцаў мінулых гадоў (да штогадовых запрашэнняў кагосьці з іх у гасцявую праграму сёлета далучыўся асобны гала-канцэрт адкрыцця, цалкам складзены з выступленняў колішніх "выхаванцаў"), ні ўвогуле ўвагай да конкурсу з боку першых кіраўнікоў завода і горада (нягледзячы на мноства іншых святочных дзей, прымеркаваных да Дня машынабудаўніка, на канцэртах "...Акорда" прысутнічалі генеральны дырэктар БелАЗа Пётр Пархомчык і старшыня Жодзінскага гарвыканкама Міхаіл Амельянчук). Сёлетнім новаўвядзеннем сталі не толькі тры дні свята замест двух, але і памятныя статуэткі, што ўручаліся лаўрэатам у дадатак да дыпломаў і каштоўных прызоў.

 Пры ўсім гэтым, арганізатары застаюцца занепакоены: што б такое прыдумаць надалей, асабліва для "раскруткі" пераможцаў? Бо ў самім Жодзіне - іх ведаюць. А дзе яшчэ? На жаль, тэлебачанне пакуль "Белазаўскі акорд" ніколі і не трансліравала. А між тым, палац правёў капрамонт, набыў новае гукавое і светлавое абсталяванне. Весці конкурс запрашаюць Ларысу Грыбалёву, Дзядзю Ваню, лідара "Драздоў" Віталя Карпанава, Мілану і іншых папулярных артыстаў і медыйных персон (сёлета не толькі склала ім добрую канкурэнцыю, але і нават пераўзышла іх у адточанасці размоўных "імправізацый" маладая, завадная дэбютантка канферансу Галіна Смольская). Чаго арганізатарам папраўдзе бракуе, дык гэта - больш актыўнага піяру свайго конкурсу. Ён таго заслугоўвае ўжо хаця б тым, што гарманічна спалучае дзве высокія мэты, якія працуюць на імідж усёй краіны: "Белазаўскі акорд" крэатыўна прасоўвае вытворчую марку і робіць значны ўнёсак у нацыянальную культуру. Гэты конкурс, у рэшце рэшт,- цудоўны прыклад таго, як вытворчасць падтрымлівае культуру./i/content/pi/cult/344/6415/8-1.jpg

Сёлета не было такога абсалютна "стопрацэнтнага", аднолькава відавочнага для спецыялістаў і шырокай публікі лідара, якім летась стала Соніка (яе цяперашнія гасцявыя выступленні на "Белазаўскім акордзе" ўспрымаліся, дарэчы, своеасаблівым майстар-класам для ўдзельнікаў - тым больш, што за гэты год ейнае майстэрства толькі ўзрасло). Гран-пры атрымала амаль нікому раней не вядомая мінчанка Настасся Шаверанка. Разнастайнасцю стыляў - ад тонкага блюза да цяжкага рока - вельмі ўразіла ўладальніца Другой прэміі Настасся Філіпава, малодшая сястра рамансавай спявачкі Марыны Філіпавай. Яшчэ адна Другая прэмія, памножаная на Прыз глядацкіх сімпатый, дасталася гамяльчанцы Вераніцы Чарняўскай з народнай манерай спеваў. З ансамбляў прафесійна мацнейшым, з самай сур'ёзнай, надзвычай складанай праграмай быў, безумоўна, арт-гурт "Гармонія" Мінскага каледжа мастацтваў. Але недастаткова дбайнае выкананне настолькі сапсавала ўражанне, што калектыў быў уганараваны ўсяго толькі спецыяльным прызам, а свае магчымасці прадэманстраваў напоўніцу хіба на заключным гала-канцэрце, ужо пасля ўзнагароджання. Расійскі ж "Накцюрн" з Жалезнагорска здолеў максімальна "сабрацца" і за "Купалінку" ў сваёй уласнай аранжыроўцы a cappella атрымаў Першую прэмію. А вось найлепшай песняй "Белазаўскага акорда-2011" быў прызнаны... конкурсны гімн, створаны сынам і бацькам Карызнамі яшчэ ў 2004-м.

Тым самым конкурс выявіў адну з асноўных праблем у развіцці айчыннай эстрады - недахоп новых добрых беларускамоўных песень. І адначасова вызначыў шлях, на якім нашы спевакі змогуць знайсці сваю адметнасць. Практычна ўсе канкурсанты куды лепш спявалі беларускія песні, чым замежныя. І менавіта ў іх, а не ў іншым рэпертуары выяўлялі куды больш сваёй індывідуальнасці!

Новыя добрыя песні павінны не толькі даваць выканаўцам штуршок да конкурсных перамог, але і стымуляваць далейшы творчы рост спевакоў ды калектываў. Праўда, самі лаўрэаты не заўсёды імкнуцца скараць далейшыя вяршыні. Некаторыя ва ўсіх канцэртах умудраліся спяваць усё тыя ж песні, з якімі калісьці перамаглі. Няўжо за пяцьсем гадоў не знайшлі нічога лепшага? Ці папросту не шукалі?

Праз год, калі будучыя канкурсанты павінны будуць выступіць з Прэзідэнцкім аркестрам, гэтая праблема можа ўзмацніцца. Значыць, вырашаць яе трэба сёння! І не забываць: добрых песень зашмат не бывае.

Фота аўтара

На здымках: удзельнікі "Белазаўскага акорда";

Настасся Шаверанка (Гран-пры).

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"