Гала “Галаграфіі”

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Як атрымаць патэнт на Папараць-кветку ў плазменным спектры?

/i/content/pi/cult/344/6411/6-1.jpg

У 1978 годзе ў Мінску адбылася Першая Усесаюзная выстаўка мастацкай галаграфіі. Гэта стала сапраўдным прызнаннем высокіх навуковых дасягненняў беларускіх фізікаў. А сярод творцаў адным з першых галаграфіяй зацікавіўся народны мастак Беларусі Уладзімір Стальмашонак. За дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, нацыянальная галаграфія значна ўзбагацілася і выйшла на сапраўдны міжнародны ўзровень. Як заканамерны вынік плённай працы айчынных вучоных - адкрыццё сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі першай у свеце Міжнароднай выстаўкі мастацкіх галаграм, якая прадставіць больш за 150 лепшых работ з 20 краін свету. Пра значэнне гэтай падзеі для айчыннай навукі і мастацтва, пра перспектывы дадзенай галіны найноўшых тэхналогій карэспандэнт "К" гутарыць са старшынёй аргкамітэта, адным з заснавальнікаў нацыянальнай мастацкай галаграфіі, старшынёй Праўлення ЗАТ "Галаграфічная індустрыя", утворанага на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Леанідам ТАНІНЫМ.

Беларуская "прапіска" галаграфічнага свету

 - Відавочна, выстаўка невыпадкова адкрываецца ў НАН Беларусі...

 - Так, бо гэтая навуковая ўстанова - так бы мовіць, alma mater для мяне і маіх калег. Мы ўдзячныя доктару фізікаматэматычных навук Аляксандру Рубанаву, што некалі згуртаваў нас вакол Лабараторыі аптычнай галаграфіі, якой кіраваў да сваіх апошніх дзён. Зрэшты, кожны з ягоных вучняў потым заснаваў свой напрамак навуковых даследаванняў... Поспехі нашай працы - відавочныя. Чаго варты толькі сам факт правядзення ў Мінску Першай Усесаюзнай выстаўкі галаграфіі, калі прыняць пад увагу, што ў 1970-х гэты кірунак актыўна развіваўся ў Маскве і Ленінградзе!.. Я на пачатку прафесійнай дзейнасці адразу заняўся мастацкай галаграфіяй. Разам з калегамі яшчэ ў 1970-х распрацавалі тэхналогію серыйнай вытворчасці галаграм. Менавіта беларускія фізікі выраблялі да XXII Алімпійскіх гульняў у Маскве дзясяткі тысяч фірменных значкоў з галаграфічным алімпійскім мішкам. Гэта быў першы прамысловы ўзор галаграфічнай прадукцыі ў СССР, на што маем спецыяльнае пасведчанне.

- Упершыню ў свеце праходзіць такая прадстаўнічая галаграфічная экспазіцыя. Гэта адзінкавая акцыя або пачатак добрай традыцыі?

- Сапраўды, у нашых залах суседнічаюць найлепшыя работы з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Канады, Кітая, Літвы, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Румыніі, ЗША, Турцыі, Украіны, Францыі, Швецыі і Японіі. Многія з замежных гасцей едуць у Мінск, у тым ліку, па вопыт арганізацыі маштабных галаграфічных выставак. У Беларусі ўвасобілася ў жыццё задумка, неабходнасць у якой наспела ва ўсім свеце. Упэўнены, сённяшнім вернісажам мы закладваем пачатак вялікага руху. Цяпер створаны міжнародны аргкамітэт, што мяркуе ладзіць выстаўку штогадова, змяняючы яе "прапіску". За аснову лагатыпа ўзята наша эмблема, на якой будзе пазначацца год і назва горада, што прымае экспазіцыю. Так, пасля "Мінска-2011" павінны з'явіцца, да прыкладу, "Афіны-2012", "Токіа-2013". Такім чынам, наша сталіца ўваходзіць у гісторыю як пачынальніца сусветнай выстаўкі мастацкай галаграфіі.

Скарбы ў хвалях

- Сярод экспанатаў беларускай часткі выстаўкі нямала "лазерных копій" нацыянальных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Галаграфічныя дасягненні становяцца падтрымкай для музейшчыкаў?

- Сапраўды, магчымасць зрабіць з дапамогай светлавых хваляў найдакладную копію твора мастацтва дапамагае знайсці новыя варыянты развіцця музейнай справы. Прыкладам, пры жаданні, любы горад ці вёска можа стварыць свой уласны Эрмітаж ці "філіял" Нацыянальнага мастацкага музея. Галаграфія дапамагае вырашыць пытанні, калі з прычыны тэхнічных праблем немагчыма выставіць у пэўнай галерэі ці музеі арыгіналы. Прынамсі, летась у нашым Нацыянальным павільёне на Сусветнай выстаўцы ў Шанхаі меркавалася прэзентаваць калекцыю беларускіх гісторыка-культурных каштоўнасцей ХІІ - ХІХ стагоддзяў са збору Нацыянальнага гістарычнага музея. Арыгіналы адправіць туды было б складана, ды і як у павільёне забяспечыць неабходныя ўмовы захоўвання, належную ахову? Было вырашана прадставіць у Кітаі галаграфічныя дублікаты. Серыя "Скарбы зямлі беларускай" карысталася неверагодным поспехам! Па выніках Сусветнай выстаўкі, за гэтую працу наша прадпрыемства "Магія святла" было адзначана Гандлёвапрамысловай палатай Беларусі і атрымала спецыяльны дыплом Савета Міністраў краіны.

Мастакі прасторы і святла

- Вы часта паўтараеце, што асабіста вам галаграфія бачыцца ў якасці новага віду мастацтва...

 - Дзякуючы ўнікальным магчымасцям лазараў, рэгіструючых сродкаў, на якіх запісваецца галаграма, мы можам ствараць сапраўдныя мастацкія вобразы. Тых, хто працуе ў вобласці арт-галаграмы, часта называюць мастакамі прасторы. Азначэнне, мяркую, блізкае да ісціны. У мяне ролю фарбы выконваюць лазары, мальберта- аптычны стол, куды манціруюцца ўсе неабходныя прыстасаванні, палатна - спецыяльныя палімеры, дзе запісваецца выява. Мастак дасягае неабходнага каларыстычнага выніку, змешваючы фарбы на палітры. Як фізік, які ведае пэўныя заканамернасці складання плазменных промняў, атрымліваю патрэбны колер, камбінуючы даўжыні хваляў лазераў. Калі ў мастака інтэнсіўнасць мазка залежыць ад моцы націску на пэндзаль, дык у мяне - ад дакладных маніпуляцый з такімі характарыстыкамі колеравых хваляў, як амплітуда, даўжыня, палярызацыя...

- Частка галаграфічных палотнаў набывае трукавыя эфекты...

- Канешне, веды пра фазы колеравых хваляў дапамагаюць стварыць аб'ём, надаць выяве глыбіню да некалькіх дзясяткаў метраў. А запіс працэсу палярызацыі дазваляе пабачыць гледачу прадмет не толькі ў статыцы, але і ў дынаміцы: прынамсі, як круцяцца прапелеры ў самалёта, адкрываецца марская ракавіна... Запатэнтаваў у шэрагу краін новы спосаб фарміравання выявы, што дазваляе атрымліваць галаграму, у якой скамбінаваны плоскія і аб'ёмныя вобразы. Пры звычайным асвятленні бачны звычайны малюнак, пры спецыяльным - у яго "вырастае" аб'ёмнае адлюстраванне. Гэтая тэхніка вельмі перспектыўная для выкарыстання ў архітэктурнай практыцы, калі спачатку неабходна разгледзець, скажам, запланаваны мікрараён ці асобны дом у плане, а пасля - у аб'ёме. Тут вывяраецца і прасторавае адчуванне, і нават можна, паварочваючы лямпачку, адсачыць, як рухаюцца сонца і цені. Цікавыя магчымасці адкрываюцца і для ўласна арт-галаграмы.

- Якія яшчэ сусветныя тэндэнцыі падаюцца вам найбольш перспектыўнымі?

 - Развіццё галаграфіі ў першую чаргу залежыць ад узроўню тэхнічнага абсталявання. Увесь гэты час удасканальваліся магчымасці манахромнай выявы. І толькі некалькі гадоў таму ў навуковай прасторы з'явіліся палімеры, на якія магчыма запісаць каляровы вобраз. Пакуль тыя субстраты - эксперыментальныя. Але трэба зазначыць, што я і мае калегі ўжо сёння распрацоўваем перспектыўны кірунак каляровай галаграфіі. Для гэтага быў заснаваны сумесны беларуска-канадскі праект. Як бачыце, мы не толькі ў чаканні таго, што галаграма хутка зробіць якасны скачок, а гатовы адразу да ўкаранення новых тэхналогій у практыку. У свеце набірае абароты і лічбавая галаграфія, якая пішацца ў спецыяльнай сінтэзаванай праграме. Яна відовішчная, уражвае сваёй маштабнасцю і, мяркую, зойме сваю нішу ў кінавытворчасці ды рэкламе. Але, на маю думку, яна прайграе аналагавай у колераперадачы і дакладнасці.

- Тэхналогіі, дзе неабходна задзейнічаць вялікую колькасць высакаякаснага абсталявання, вядома, не танныя...

 - Зразумела, каб развіваць напрамак мастацкай галаграфіі, патрэбны значныя грашовыя ўкладанні. У фінансавым плане больш прыбыткова займацца развіццём тэхналогіі аптычнага кадзіравання інфармацыі (акцызныя і кантрольныя маркі, самаразбуральныя пломбы і г. д.) Менавіта яны паўсюдна- на пярэднім рубяжы навуковых дасягненняў. У многіх краінах СНД гэтыя дзве галаграфічныя індустрыі існуюць паасобку, што не заўсёды добра адбіваецца на арт-напрамку. Прыкладам, у Расіі яму не хапае фінансавання, з-за чаго краіна страціла шмат добрых спецыялістаў... Мы пайшлі па іншым шляху. Маючы моцную каманду, шматлікія патэнты і заказы ў ахоўнай індустрыі, укладваем частку атрыманых ад яе даходаў у мастацкі напрамак. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што айчынная мастацкая галаграма не горшая за творы вядучых сусветных кампаній.

Жывапіс з лазарнай "разыначкай"

 - Якіх вынікаў вы чакаеце ад "Галаграфіі-2011"?

- Спадзяюся, дадзеная выстаўка дасць новы якасны штуршок у развіцці айчыннай галаграфіі. Арт-галаграфія- гэта творчасць, заснаваная на судакрананні жывапісу і фізікі. Яна можа адкрыць новыя плыні для традыцыйнага мастацтва. Нездарма адным з першых да гэтага прыёму звярнуўся Сальвадор Далі.

- Ці былі спробы ствараць лазарныя вобразы разам з айчыннымі творцамі?

- Калісьці супрацоўнічалі з выпускнікамі колішняга Тэатральна-мастацкага інстытута. Сярод твораў, што дэманструюць дасягненні сплаву традыцыйнага мастацтва і найноўшых тэхналогій, - выдатная арт-галаграма "Канфакальныя лыжкі". Неаднойчы чуў ад масцітых творцаў, што ў новым мастацкім кірунку закладзены добрыя камбінаваныя паліграфічныя і галаграфічныя магчымасці кампазіцыі. Хочацца, каб наша выстаўка натхніла айчынных мастакоў на сумесную з фізікамі творчасць. Я чакаю сустрэчы з таленавітымі майстрамі, разам з якімі мы зможам дадаць новых адценняў у палітру нацыянальнага мастацтва. Ёсць у мяне яшчэ адна запаветная мара. Калісьці разам з народным мастаком Беларусі Уладзімірам Стальмашонкам мы разважалі над тым, каб стварыць галаграфічную кампазіцыю з загадкавай Папараць-кветкай. Тэхналогія галаграфіі дазваляе амаль бязмежны палёт фантазіі, каб стварыць сапраўды фантастычную кветку. Магчыма, пасля выстаўкі хтосьці з мастакоў захоча вярнуцца да гэтай ідэі, каб з дапамогай найноўшых тэхналогій увасобіць у жыццё сімвал шчасця і кахання?..

 Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"