ПЫТАННЕ — АДКАЗ — КАМЕНТАРЫЙ

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

На пытанні па дзейнасці дзіцячых школ мастацтваў адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ.

 

 Пра найменне дзіцячых школ мастацтваў

 Згодна з артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі (далей - Кодэкс аб адукацыі), у статуце ўстановы адукацыі ўказваецца найменне ўстановы адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.

Артыкулам 50 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначана, што найменне юрыдычнай асобы павінна ўтрымліваць указанне на яго арганізацыйна-прававую форму, а таксама ўказанне на характар дзейнасці юрыдычнай асобы.

 Згодна з падпунктам 1.21 пункта 1 артыкула 1 Кодэкса аб адукацыі, пад ўстановай адукацыі маецца на ўвазе юрыдычная асоба ў арганізацыйна-прававой форме ўстановы, асноўнай функцыяй якой з'яўляецца ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці. Такім чынам, найменне школы мастацтваў павінна абавязкова змяшчаць указанне на тое, што гэта ўстанова адукацыі. Акрамя таго, найменне можа ўтрымліваць інфармацыю пра тое, што ўстанова адукацыі з'яўляецца дзяржаўнай. Згодна з падпунктам 1.5 пункта 1 пастановы Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2009 г. № 20 "Аб узгадненні найменняў юрыдычных асоб" (далей - пастанова № 20), установа можа мець спецыяльнае найменне - гэта значыць, частку наймення, якая ўтрымліваецца ў двукоссі, што індывідуалізуе юрыдычную асобу: найменне дзіцячай школы мастацтваў павінна дазваляць адрозніваць адну дзіцячую школу мастацтваў ад другой. Мяркуем, спецыяльнае найменне можа змяшчаць указанне на від ўстановы адукацыі - дзіцячая школа мастацтваў, - месца яе размяшчэння і, пры наяўнасці ў населеным пункце некалькіх школ мастацтваў, - нумарацыю. Напрыклад, "Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў" або "Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Дзіцячая школа мастацтваў г. Смаргоні", "Установа адукацыі "Дзіцячая школа мастацтваў № 1 г. Мінска", і г. д.

 Згодна з пастановай № 20, юрыдычная асоба можа мець скарочанае найменне, гэта значыць найменне, якое вызначаецца ў мэтах спрашчэння ўзаемаадносін паміж удзельнікамі грамадзянскага абароту ўласнікам маёмасці юрыдычнай асобы (заснавальнікамі, удзельнікамі) у заснавальных дакументах пры наяўнасці складанага і шматслоўнага поўнага наймення юрыдычнай асобы. Установы могуць ужываць у якасці скарочанага наймення абрэвіятуру поўнага наймення ў цэлым або скарачаць асобныя часткі наймення, уводзіць абрэвіятуру асобных частак наймення. Пры гэтым такое скарочанае найменне не павінна губляць сваёй інфарматыўнасці, гэта значыць павінна адлюстроўваць асноўны сэнс, закладзены ў поўным найменні. Прыклады скарочаных найменняў, зыходзячы з прыведзеных вышэй поўных найменняў: "Смаргонская дзіцячая школа мастацтваў" або "Дзіцячая школа мастацтваў г. Смаргоні", "Дзіцячая школа мастацтваў № 1 г. Мінска".

Пра паўнамоцтвы дзяржорганаў у адносінах да працы ДШМ

 Кампетэнцыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы адукацыі, у тым ліку ў адносінах да працы дзіцячай школы мастацтваў, вызначана артыкулам 110 і іншымі артыкуламі Кодэкса аб адукацыі, а кампетэнцыя мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у сферы адукацыі - артыкулам 111 і іншымі артыкуламі Кодэкса аб адукацыі. Кампетэнцыя ўпраўлення культуры, аддзела культуры вызначаецца ў адпаведным палажэнні, што зацвярджаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.

Звесткі, якія павінны быць у статуце ўстановы адукацыі, у тым ліку дзіцячай школы мастацтваў, вызначаны ў артыкуле 22 Кодэкса аб адукацыі. Згодна з падпунктам 2.11 пункта 2 названага артыкула, у статуце ўстановы адукацыі ўказваецца кампетэнцыя заснавальніка. Указанне ў статуце кампетэнцыі Міністэрства культуры, упраўлення культуры і аддзела культуры не патрабуецца.

 Пра кіраванне ДШМ і дэлегаванне асобных паўнамоцтваў

Парадак кіравання арганізацыямі, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай маёмасці, вызначаецца Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон).

Заснавальнікамі дзіцячых школ мастацтваў, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай маёмасці, з'яўляюцца мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы (выканкамы).

 Згодна з артыкулам 47 Закону, старшыня выканкама ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам:

прадстаўляе выканкам ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі;

здзяйсняе агульнае кіраўніцтва дзейнасцю арганізацый, маёмасць якіх знаходзіцца ў камунальнай уласнасці адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, прызначае на пасады, адхіляе ад працы і вызваляе ад пасад іх кіраўнікоў, заключае (працягвае, скасоўвае) з імі працоўныя дагаворы (кантракты), ужывае ў дачыненні да іх меры заахвочвання, дысцыплінарнага спагнання;

 дэлегуе свае асобныя паўнамоцтвы намеснікам старшыні, кіраўніку справамі выканкама, кіраўнікам структурных падраздзяленняў выканкама, надзеленых правамі юрыдычнай асобы.

 Такім чынам, старшыня выканкама можа дэлегаваць свае паўнамоцтвы па агульным кіраўніцтве дзейнасцю дзіцячых школ мастацтваў, а таксама па прызначэнні дырэктараў дзіцячых школ мастацтваў начальніку аддзела культуры. Мяркуем, што дэлегаванне паўнамоцтваў магчымае шляхам выдання распараджэння старшыні выканкама.

 Акрамя таго, функцыі па кіраванні дзіцячымі школамі мастацтваў могуць быць адлюстраваны ў Палажэнні аб аддзеле культуры.