Рэтра на вагу золата

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

3 — 9 кастрычніка Магілёўшчына прымае гасцей і ўдзельнікаў Міжнароднага музычнага фестывалю “Залаты шлягер”. Хаця ў цэнтры свята застаюцца, безумоўна, эстрадныя і рамансавыя хіты мінулых гадоў, сёлета яно вылучаецца як ніколі шырокім ахопам не толькі стыляў, але і відаў мастацтваў.

 

Тут і кіно, памножанае на творчую сустрэчу з яго стваральнікамі ("Белыя Росы"), і тэатр - драматычны, лялечны, музычны, ажно да салістаў і нават спектакляў Вялікага тэатра Беларусі (аднаактовыя балеты "Шапэніяна" і "Кармэн-сюіта"), і жывапіс (адкрыццё выніковай выстаўкі ХVI Міжнароднага пленэру), і фольк у яго розных праявах (выстаўка народных строяў Магілёўшчыны ў Музеі этнаграфіі, сольнік Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі ў Быхаве), і "Магілёўскі кірмаш" з дэгустацыяй славянскіх прысмакаў. Ну, а песні ды рамансы будуць ліцца і ў лепшых канцэртных залах абласнога цэнтра ды іншых гарадоў, і на вуліцах, і над самім Дняпром, дзе пабудавана плавучая веранда. "...Шлягер" будзе "шукаць таленты" на маладзёжным шоу, прапаноўваць лацінаамерыканскія рытмы (з удзелам венесуэльскага дырыжора Х.Э. Марцінеса), фестывальную дыскатэку ды "Рэтравечарыну", разважаць пад час "круглага стала" "Роля рэтрамузыкі ў сучасным музычным мастацтве". А галоўнае - з гонарам абвяшчаць на заключным канцэрце: "Магілёўшчына - зямля талентаў!".