Pre-бенефіс у палацы і цырку

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Сёння ў Мінску адкрываецца VI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Пад знакам гэтага свята пройдуць дзесяць кастрычніцкіх дзён.

 

Урачыстае адкрыццё - у цырку? Гэтая сенсацыя яшчэ напрыканцы лета заінтрыгавала прыхільнікаў музычнага мастацтва. Хтосьці горача вітаў новаўвядзенне, іншыя, наадварот, іранічна ўсміхаліся: маўляў, цырк, дый годзе! Але толькі тыя, хто трапіць на канцэрт "Музыка і цырк!", здолеюць вызначыць, наколькі натуральным аказаўся сінтэз відаў мастацтваў, прымеркаваны яшчэ да аднаго свята - Міжнароднага дня музыкі. У поўным сэнсе "цыркавым", дарэчы, павінна быць толькі другое аддзяленне. У першым Юрый Башмет са сваім чароўным альтом увасобіць рамантычнага героя-вандроўніка, саліруючы ў праграмна-канцэпцыйнай сімфоніі Г.Берліёза "Гарольд у Італіі". А пасля антракту акрабаты, гімнасты ды іншыя артысты не толькі Беларускага дзяржаўнага цырка, але і цыркаў іншых краін свету зробяць яшчэ больш відовішчнай балетную музыку П.Чайкоўскага: сюіты з "Лебядзінага возера", "Спячай прыгажуні" і "Шчаўкунка".

Не менш інтрыгуючымі абяцаюць быць і іншыя вечары. Заўтра - сольнік сусветна вядомага піяніста Мікалая Луганскага, зорка якога запалілася на Міжнародным конкурсе імя П.Чайкоўскага. Якімі атрымаюцца ў яго зусім розныя па фартэпіянных стылях Шапэн і Ліст? Каб аспрэчыць прыслоўе "панядзелак - дзень цяжкі", арганізатары запланавалі на яго цэлы "Парад зорак", пад час якога з аркестрам выступяць ажно чатыры знаныя салісты: расійскі піяніст Аляксандр Мельнікаў, добра вядомы па мінулых фестывалях Башмета італьянскі флейтыст Масіма Мярчэлі і двое нямецкіх музыкантаў - скрыпачка Аліса Маргуліс і альтыст Нільс Менкемеер.

У аўторак эстафету падхопіць камерны ансамбль "Салісты Масквы", з якім выступяць Юрый Башмет і (яшчэ адна штогодняя інтрыга!) лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер- мастацкі кіраўнік фестывалю. Яшчэ двое зорных беларускіх салістаў - скрыпачка Улада Беражная і цымбалістка Вераніка Прадзед - прадэманструюць сваё майстэрства ў чацвер, разам з цудоўным венгерскім скрыпачом Крыстафам Бараці.

Паводле традыцыі, гэтымі ж днямі пройдзе ІІІ Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД, закрыццё якой адбудзецца ў рамках фестывалю акурат праз тыдзень, у наступную суботу. Але галоўная фестывальная інтрыга грымне ў дзень закрыцця - 10 кастрычніка: у Палацы спорту выступіць культавы ўкраінскі рок-гурт "Акіян Эльзы"- разам з нашым філарманічным сімфанічным аркестрам. Дзякуючы частаму ўдзелу ў фестывальных канцэртах гэтага славутага калектыву, якому налета споўніцца 85 гадоў, сёлета ўвесь Фестываль Юрыя Башмета можна назваць гэткім шыкоўным перад'юбілейным бенефісам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.

Н.Б.