Ваш выхад, Першая Нацыянальная!

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

4 кастрычніка пастаноўкай “Набука” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь адкрыецца фінальны этап правядзення Нацыянальнай тэатральнай прэміі краіны.

 

Прэс-канферэнцыя з удзелам міністра культуры краіны Паўла Латушкі, зладжаная ў сценах Вялікага 29 верасня, расставіла кропкі над "і" напярэдадні правядзення знакавай для ўсёй тэатральнай грамадскасці падзеі.

Распачнецца фінальны этап, уласна, з цырымоніі своеасаблівага адкрыцця на сцэне Вялікага тэатра, пад час якой будуць аб'яўлены намінацыі і фіналісты Нацыянальнай тэатральнай прэміі. На сцэнах розных сталічных тэатраў цягам сямі дзён пройдуць паказы 12 спектакляў-намінантаў. З іх Беларуская тэатральная акадэмія ў складзе 112 асоб - крытыкаў, рэжысёраў, акцёраў, сцэнографаў, кампазітараў - вызначыць лепшых з лепшых. І 10 кастрычніка- на ўрачыстасцях закрыцця прэміі - імёны пераможцаў будуць названы.

 "Да апошняга дня ніхто не будзе ведаць вынікаў,- зазначыў міністр культуры. - Бо вызначэнне пераможцаў шляхам галасавання журы адбудзецца толькі напрыканцы конкурснага тыдня".

 Рэжысёр урачыстай цырымоніі адкрыцця форуму - Валянціна Еранькова, вядомая па сваіх пастаноўках у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага. Вядучай жа адкрыцця мерапрыемства стане актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Зелянкоўская. Вядома, што яна паўстане на імпрэзе ў вобразах Анастасіі Слуцкай і Чорнай Панны Нясвіжа.

Пад час прэс-канферэнцыі былі агучаны і пажаданні па ўдасканаленні механізма вылучэння на конкурс спектакляў-намінантаў. Так, старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў Рычард Смольскі адзначыў, што не ўсе тэатры ўдумліва паставіліся да пытання выбару кандыдатаў на саісканне прэміі. У дадзеным кантэксце быў узгаданы вопыт Усерасійскай тэатральнай прэміі "Залатая маска", калі экспертная камісія сама выбірае вартыя, з яе пункта погляду, пастаноўкі і глядзіць іх "у прамым эфіры", а не ў запісе, як тое давялося зрабіць беларускім спецыялістам. На гэта галоўны рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Міхаіл Панджавідзэ адказаў: без заяўкі ад тэатра на ўдзел у прэміі эксперты "Залатой маскі" самі на спектакль не прыедуць. Таму ініцыятыва тэатра - рэч непазбежная. Ды ўсё ж патрабаванне "жывых" праглядаў пастановак падалося прафесіяналам заўвагай слушнай.

 Прайшло абмеркаванне, на якім была выказана прапанова аб стварэнні асобнай намінацыі для музычных тэатраў. "Баюся, тут мы можам сутыкнуцца з такой сітуацыяй, што ёсць два прэтэндэнты, і абодва- нашы", - зазначыў Міхаіл Панджавідзэ.

У адказ на заўвагі ў дачыненні да Першай Нацыянальнай, міністр культуры краіны папрасіў пачакаць з ацэнкамі, зрабіўшы акцэнт на факце з'яўлення падобнай ініцыятывы, якая ў далейшым, безумоўна, будзе шукаць свой аптымальны фармат.

 - Зразумела, многае становіцца бачным, і механізм прэміі мае ўдасканальвацца, - выказаў сваё меркаванне "К" мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка. - Аднак тое, што прэмія для нашай тэатральнай прасторы неабходная - бясспрэчна! Цягам дваццаці гадоў кожны варыўся ва ўласным соку. І тое, што гэтая ініцыятыва спрабуе абудзіць асяродак, прымушае даведацца, хто што робіць і як, вельмі важна для тэатра...

Памер грашовых узнагарод, якія атрымаюць пераможцы, арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

Нагадаем, заснавальнікамі Нацыянальнай тэатральнай прэміі з'яўляюцца Міністэрства культуры краіны, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў, Беларускі саюз кампазітараў і Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў.