Ад дынастыі Мін...

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

У Нацыянальным мастацкім музеі адбыўся святочны вернісаж “Кераміка і фарфор Кітая” са збору музея. Акцыя прымеркавана да Дзён культуры КНР у Беларусі, якія завершацца 2 кастрычніка.

/i/content/pi/cult/344/6400/2-1.jpg

На вернісажы прысутнічалі намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Лу Гуйчэн, першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і іншыя.

Больш за сто экспанатаў прадстаўлена ў музеі. Самая ранняя па часе стварэння група работ - фарфор і кераміка дынастыі Мін (ХІV - ХVІІ стст.), якія дэкарыраваны ў тэхніцы падглазурнага роспісу кобальтам.

А вось больш познія вырабы - часоў праўлення дынастыі Цын (ХVІІ- пач. ХХ стст.) - даюць магчымасць прасачыць эвалюцыю мастацкіх форм: ад прастаты да большай ускладненасці і дэкаратыўнасці. Творы ХХ ст., што ў сваёй аснове маюць вялікія традыцыі старажытнага кітайскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таксама ўражваюць разнастайнасцю форм, бліскучай фантазіяй і майстэрствам.

Гэтымі днямі ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася яшчэ адна цікавая выстаўка "Сучаснае кітайскае мастацтва валакна", таксама прымеркаваная да Дзён культуры КНР у Беларусі. Тэкстыльная тэхналогія зарадзілася ў Кітаі яшчэ ў часы неаліту, але традыцыі гэтага мастацтва і сёння не толькі паспяхова развіваюцца, але і набываюць новыя арыгінальныя формы і новы змест.

Аўтары твораў экспазіцыі - вядомыя мастакі, настаўнікі і студэнты вядучых мастацкіх навучальных устаноў. У сваіх выступленнях намеснік міністра культуры Беларусі Віктар Кураш і Саветнік па палітычных пытаннях Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Сунь Хунчжы падкрэслілі, што такі культурны абмен паміж нашымі краінамі садзейнічае лепшаму ўзаемаразуменню народаў.

Фота Юрыя ІВАНОВА На здымку: з выстаўкай у Нацыянальным мастацкім знаёмяцца віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік (другі справа) і Пасол КНР у Беларусі Лу Гуйчэн, а суправаджае экскурсію дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.