На скрыжаванні перад Лідскім замкам мы папрасілі Таццяну Някіфараву падзяліцца апошнімі навінамі. Аднак у адказ пачулі:
— Даруйце, але, паводле правілаў, экскурсавод павінен спярша перавесці групу турыстаў на другі бок вуліцы, а потым ужо пачынаць расповед.
І ўжо гэты дробны штрых сведчыць за тое, што справа “турыстызацыі” адной з галоўных беларускіх адметнасцей рухаецца наперад, спакваля прырастаючы новымі дэталямі. Прыкладам, з нядаўняга часу экскурсаводы сустракаюць турыстычныя групы ў строях, дбайна рэканструяваных паводле сярэднявечных узораў.
— Апрануўшы іх, мы зразумелі, што тагачасная мода на цёплую вопратку мела не абы-якія падставы, — дзеліцца ўражаннямі сучасная “кашталянка” замка Таццяна Някіфарава. — Бо халадэча тут жудасная.
І сапраўды, актуальная тэндэнцыя эканоміі паліва для замка зусім не ў навіну — тут гэтага дбайна прытрымліваюцца вось ужо амаль сем стагоддзяў.
Сёння Лідскі гісторыка-мастацкі музей можа паказаць турыстам не толькі самі старадаўнія муры, але і іх “адраджэнне” — у аднайменнай інтэрактыўнай праграме. Яе асаблівая “разыначка” — тэатралізаваная імпрэза “Жаніцьба Ягайлы”. З дапамогай лідскага рыцарскага клуба “Дайнава” кожны з наведвальнікаў можа (хаця б у фантазіях) стаць VIP-госцем вяселля састарэлага караля з маладзенькай Соф’яй Гальшанскай, якое папраўдзе з каралеўскім размахам адгулялі ў замку нейкіх 585 гадоў таму, ды акунуцца ў сярэднявечную культуру ва ўсёй яе паўнаце — ад музыкі да кулінарыі.
Дарэчы, Ягайла зусім не адзіны, хто ўпадабаў гэты замак для вясельных урачыстасцей: традыцыя завітваць пасля ЗАГСа і касцёла на замкавы двор не так даўно з’явілася і сярод сучасных лідскіх маладых — пасля таго, як у музеі вынайшлі яшчэ адну арыгінальную платную паслугу.
Турыстаў апошнім часам усё более. Сярод іх — і схільная да прыгод моладзь, якую прывабліваюць рэгулярныя рыцарскія турніры, і людзі сталага веку, экскурсіі для якіх ладзяць іх прадпрыемствы, адраджаючы тым самым старую добрую традыцыю, і нават “вечна маладыя” байкеры, чый першы лідскі фэст безэксцэсна прайшоў акурат напярэдадні нашага прыезду.
Адпаведна, і замак мусіць падтрымліваць сваё прыцягальнае аблічча. Праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення яго рэканструкцыі актыўна рыхтуецца, і да сярэдзіны наступнага года яна мае быць завершанай — каб ужо ў 2009 годзе аб’ект меў шанцы патрапіць у абласную інвестыцыйную праграму.
Вось і падчас нашага наведвання ў двары замка шчыравалі геадэзісты. Упершыню за ўсю яго гісторыю яны праводзяць тут свае грунтоўныя ў падвойным сэнсе слова даследаванні. Пакуль мы “прымяралі на сябе” дыбу ды іншыя спосабы катаванняў у адной з замкавых вежаў, Валерый Сліўкін, які і сам у свой час працаваў начальнікам геалагічных партый на Далёкім Усходзе, падышоў да навукоўцаў, каб пацікавіцца апошнімі навінамі. І, між іншым, недарэмна.
— Некаторыя матэрыялы, выяўленыя падчас свідравання на 15-метровую глыбіню, могуць істотна змяніць сённяшнія ўяўленні пра будаўніцтва замка, — на нашы роспыты краязнаўца адказваў вельмі сцісла. — Але, каб не спараджаць “смажаных” фактаў, ад падрабязнасцей я пакуль ухілюся.
… А яшчэ ў Лідскім замку — як тое і належыць кожнаму прыстойнаму помніку эпохі Сярэднявечча — з’явіліся… уласныя прывіды. Прычым не абы-якія, не са столі ўзятыя, а з гістарычнымі “двайнікамі”. Родам яны з 1392 года, калі дазорцы, што неслі варту на замкавых мурах, у прыцемку не ўпільнавалі набліжэнне вялікай армады крыжакоў. Гарнізон, заспеты знянацку, быў змушаны ратавацца ўцёкамі, пакінуўшы ў замку чатырох вінаватых дазорцаў, каб выракчы іх на верную пагібель. І вось, на самым пачатку ХХІ стагоддзя, цені воінаў раптам сталі раз-пораз з’яўляцца на галерэях старадаўніх муроў… І сёй-той з сучасных рыцараў, кажуць, бачыў іх надвячоркам на ўласныя вочы.
— Я разумею, што гэтая легенда надта падобная да піар-акцыі, — апярэджвае заканамернае пытанне Таццяна Някіфарава, — але, як патрыёт свайго горада, ахвотна бяру ў ёй удзел.
Не ў клуб, а ў палацПрыцягальнасць таго ці іншага кутка абумоўлена не толькі яго матэрыяльнымі помнікамі, але і звязанымі з імі знакамітымі людзьмі. Ні на першае, ні на другое Лідчыне скардзіцца не выпадае. На жаль, ад сядзіб Нарбутаў і Дамейкаў засталіся адны ўспаміны. А вось валоданням Аляксандра Дамбавецкага пашчасціла куды болей.
Загадкавая постаць будучага магілёўскага губернатара “прапісалася” на Лідчыне неўзабаве па задушэнні паўстання 1863 года. Канфіскаваны ў яго ўдзельніка Вінцэнта Захватовіча маёнтак Бердаўка быў перададзены амаль нікому не вядомаму маладому чалавеку — ён, на думку некаторых даследчыкаў, меў той кшталт крэўнай блізкасці з Аляксандрам ІІ, пра які кажуць толькі паўшэптам.
Асноўнай сферай прымянення кіпучай энергіі Дамбавецкага, без сумневу, стала Магілёўшчына, заняпад якой стараннямі губернатара змяніўся на росквіт. Але і ў Бердаўцы ён пакінуў па сабе памяць.
Аглядаючы збудаваную ім сядзібу, яшчэ раз згадваеш несумненную аксіёму: самае важнае для архітэктурнага помніка — мець гаспадара. Неагатычны палац стаў цэнтрам мясцовай культуры: пад яго скляпеннямі раскватараваліся бібліятэка і клубная ўстанова, стварыўшы там свае небагатыя, але ўтульныя інтэр’еры. Тамму і стан сядзібы больш чым прыстойны, балазе, у руплівасці і любові да парадку работнікаў культуры Гродзеншчыны сумнявацца ніколі не выпадала.
А бердаўцам, мусіць, куды прыемней хадзіць на канцэрты ў сапраўдны палац, чым у якую тыпавую будыніну з бетону. Вядома, яшчэ прыемней ім было б шыбаваць туды дагледжанымі паркавымі сцежкамі, бо на сёння толькі вока Таццяны Някіфаравай здатнае выявіць у зялёных зарасніках рэшткі прысадаў і клумбаў. Коркавае дрэва тут, на жаль, ужо не расце— як і іншыя экзоты, якімі колісь славіўся парк. Затое раскашуюць велізарныя і вельмі маляўнічыя лапухі.
Але для таго, каб уявіць у Бердаўцы прывабны турыстычны аб’ект, асаблівай фантазіі не трэба. Двухпавярховая камянічка, якая з’явілася ў сядзібным комплексе ўжо за польскім часам і змяшчае цяпер фельчарска-акушэрскі пункт,— лічы, гатовая аграсядзіба або невялікі дом адпачынку. З акна адкрываецца цудоўны від на сажалку і касцёл, які будуецца на супрацьлеглым яе баку. Дакладней, павінен адкрыцца — калі расчысціць зараснікі, аднавіўшы тым самым плён працы ландшафтных дызайнераў мінулага.
Прыехаўшы ў Бердаўку, можна не толькі ладзіць шпацыры вакол сажалак ды карміць парачку лебедзяў, што пасялілся ў адной з іх. Стараннямі настаўніка гісторыі мясцовай школы А.Крупы ў вёсцы быў створаны цудоўны краязнаўчы музей, які не так даўно атрымаў званне народнага.
Музейныя экспанаты на пыльнай падлозеНяспешна прасоўваючыся ў бок Мажэйкава па старым тракце, збудаваным Кацярынай ІІ, каб злучыць Пецярбург і Варшаву, мы атрымалі магчымасць лішні раз пераканацца ў адной заканамернасці.
Калі пра помнікі культавай архітэктуры сёння ёсць каму парупіцца — з гэтай задачай зазвычай вельмі плённа спраўляюцца самі прыхаджане той ці іншай царквы або касцёла, — дык знайсці новага гаспадара для сядзібы ўдаецца далёка не заўсёды.
Вострыя вежы прыгажэзнага неагатычнага касцёла ў Белагрудзе, бачныя ў радыусе многіх кіламетраў, эфектна дапаўняюць навакольныя лясістыя краявіды. Храм цудоўна дагледжаны і яўна запатрабаваны людзьмі. Чаго, на жаль, не скажаш пра сядзібу ў блізенькім адсюль Тарнове, збудаваную ў 80-ых гадах пазамінулага стагоддзя выхадцам з Грэцыі Дзмітрыем Маўрасам.
Дзверы і вокны адметнага паводле сваёй архітэктуры палаца расхаляплены і матляюцца ад павеваў ветру. Зайсці сюды можа кожны ахвотны, і гэта робяць зусім не толькі цікаўныя турысты — “гаспадарлівыя” прайдзісветы пачалі ўжо нават раздзіраць столь, выцягваючы адтуль нейкі ацяпляльны матэрыял. Сёе-тое з арыгінальных інтэр’ераў графскіх часоў захавалася і па сёння — прыкладам, дубовыя лесвічныя парэнчы. Хаця лішне нават казаць пра тое, у якім стане гэтыя інтэр’еры цяпер. Паўсюль — пакінутае тымі ж “гаспадарнікамі” смецце, сярод якога, літаральна пад нагамі, можна знайсці і прыгожыя старыя рамы, здатныя прэтэндаваць на ролю музейных экспанатаў.
Лёс гэтага архітэктурнага помніка досыць дзіўны. У адрозненне ад многіх іншых, яму ўдалося перажыць і дзве сусветныя вайны, і той перыяд, калі палацамі нярэдка пагарджалі на карысць хібарам.
Тады, у савецкія часы, Тарнова было цэнтрам аднайменнага саўгаса, слаўнага на ўсю Беларусь. А ў палацы спярша месцілася яго кантора, а потым — пошта ды ашчадная каса. Але ўжо ў нашым стагоддзі саўгас заняпаў ды быў далучаны да суседняй аграфірмы “Мажэйкава”. Мусіць, з гэтымі абставінамі трэба звязваць і заняпад палаца. Бо новага прызначэння для яго пакуль не знайшлося. Пры тым, што агульны стан помніка больш-менш памысны — дах з яго пакуль што не “з’ехаў”.
— Сапраўды, дзівосы нейкія, — убачанае ў Тарнове не магло не засмуціць галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Людмілу Лебедзь. — Бывае, ледзве не наноў помнікі архітэктуры адбудоўваюць, а тут не выкарыстоўваюць тое, што дасталося ў спадчыну.
Яшчэ адна адметнасць былога маёнтка Маўрасаў заключаецца ў тым, што ён дае (альбо, прынамсі, мог бы даць) някепскае ўяўленне пра тагачасныя побыт і гаспадарку. Побач з палацам захаваліся цікавай канструкцыі ляднік і вятрак, ёсць тут і будынак колішняй стайні. Адным словам, для стварэння своеасаблівых “дудутак”, якія, аднак, адлюстроўвалі б не сялянскі лад жыцця, а панскі, умовы даволі спрыяльныя.
Ды і, урэшце, няўжо ж нельга знайсці для самага прыгожага будынка Тарнова хаця б нейкае, хай нават сціплае, прызначэнне? Бо, на жаль, выгляд гэтага адметнага помніка архітэктуры моцна кантрастуе з прыгожымі навабудамі аграгарадка.
Тураб’ект на любы густІ вось, у Мажэйкаве мы яшчэ раз спазнаём эфект кантрастнага душа. Калі досвед Тарнова — з цыкла “як не трэба”, або, хутчэй, “як нельга” рабіць, дык у “сталіцы” знакамітай аграфірмы можна ўбачыць папраўдзе ўзорны прыклад стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны. Нявыключана, што тамтэйшая сядзіба не выглядала такой дагледжанай і ў тыя часы, калі гаспадарыў тут пан Брахоцкі. Адрэстаўраваная яшчэ ў 80-ыя гады згодна з усімі навуковымі патрабаваннямі, сёння сядзіба ўтрымліваецца ў ідэальным стане. Нават стайня — хаця па прызначэнні яна даўно ўжо не выкарыстоўваецца.
Мажэйкава — гэта адмысловы аграгарадок, бо выключная добраўпарадкаванасць тут літаральна паўсюль! Яго жыхарам ёсць за што быць удзячнымі знакамітаму старшыні гаспадаркі, члену Савета Рэспублікі Казіміру Рахатку — ініцыятару і рухавіку ўсіх мажэйкаўскіх пераўтварэнняў.
У сядзібным палацы, дзе размясціўся сельсавет і бібліятэка, са старых часоў захавалася металічная лесвіца — сапраўдны шэдэўр кавальскага мастацтва. Па прызначэнні ёю тут не карыстаюцца — бо шкада. Ды, зрэшты, у Мажэкаве дбаюць не толькі пра рэчы утылітарныя: прыгажосць тут проста любяць, чаму сведчаннем — хаця б шыкоўныя кветкавыя клумбы ля сядзібы.
Адно што прыгажосць гэтая на турыстаў, падобна, не зусім разлічана — ніякай інфраструктуры для іх тут пакуль не прадугледжана. Хаця, здавалася б…
— Калі б я раптам атрымала вялікую спадчыну, усе грошы не задумваючыся ўклала б у Мажэйкава, — прызналася Таццяна Някіфарава. — Бо гэтае месца нібы само просіцца на ролю турыстычнага цэнтра. Тут ужо сёння ёсць усё, што для гэтага трэба, — застаецца адно стварыць належную інфраструктуру.
І гэта зусім не летуценныя мары. Праект такога цэнтра пад назвай “Мажэйкаўскі двор” стаў дыпломнай работай Таццяны, якую яна абараніла ў Варшаўскім інстытуце праблем і дакументацыі пытанняў культуры.
— У гэтым аб’екце мяне прываблівае перадусім тое, што яго можна выкарыстоўваць для людзей усіх узростаў і патрабаванняў,— патлумачыла яна.— Ён “падыходзіць” для самых розных тыпаў турызму— і гістарычнага, і сямейнага, і індывідуальнага, і настальгічнага, і проста забаўляльнага. Калі коратка, дык мая задума ў тым, каб, спыніўшыся ў Мажэйкаве, турысты маглі б падарожнічаць па наваколлі.
Варта яшчэ дадаць, што блізкасць трасы Мінск — Гродна дазваляе разлічваць і на транзітных падарожнікаў. Дарэчы, з расповедаў Валерыя Сліўкіна вынікае, што пару стагоддзяў таму такая геаграфічная акалічнасць выкарыстоўвалася ў турбізнесе куды больш эфектыўна, чым сёння. Мясцовая шляхта знаходзіла спосаб “дамовіцца” з царскімі чыноўнікамі, каб тракт праходзіў праз яе ўладанні. І збудаваныя ля дарогі корчмы прыносілі добры прыбытак. Цяпер такіх аб’ектаў прыдарожнага сервісу значна меней.
Хаця стварэнне турыстычнай інфраструктуры не запатрабуе ў Мажэйкаве вялікіх сродкаў і высілкаў. Ператварыць былую панскую афіцыну ў гатэль зусім не складана — калі, вядома, знайсці іншае памяшканне для інтэрната, які цяпер там знаходзіцца.
А мясціны вакол — выключна багатыя. Паводле яшчэ адной шчаслівай акалічнасці, Мажэйкава ўсутыч мяжуе з Мураванкай, знакамітай сваім храмам абарончага тыпу — перлінай беларускага дойлідства першай велічыні. У гэты куток краіны варта прыехаць адно дзеля таго, каб убачыць унікальную ў архітэктурным плане царкву з яе дзівоснымі разнымі скляпеннямі ды ўзняцца на вежу, адкуль адкрываюцца цудоўныя краявіды наваколля.
А ёсць жа яшчэ Вялікае Мажэйкава са сваім сядзібным паркам, ёсць палацы ў Жалудку і Галавічполі, ёсць прыгожы касцёл у Старых Васілішках, дзе хлапчуком спяваў у хоры Чэслаў Немэн, ёсць, урэшце, сам Нёман (да яго, праўда, кіламетраў трыццаць) ды іншыя рэкі, а таксама сажалкі, лясы і палі…Адным словам, у які бок ні паедзеш — паўсюль знойдзеш што ўбачыць і паглядзець.
Таму ахвотна верыш у тое, што, затрымаўшыся ў Мажэйкаве на тыдзень-другі, турыст зусім не занудзіцца. А пад апекаю такога гіда, як Валерый Сліўкін, здатнага распавесці мноства дзівосных таямніц ці не пра кожны лапік роднай лідскай зямлі, экскурсію можна доўжыць і месяц.
* * *
Магчыма, пакуль што падобныя праекты могуць падацца пражэктамі. Што ні кажы, турбізнес у нас яшчэ толькі пускае свае першыя парасткі, і інвеставаць у яго вялікія грошы ўсё яшчэ ўяўляецца справай надта рызыкоўнай. Менавіта з гэтай прычыны бізнесмены зусім не становяцца ў чаргу па тыя сядзібы, якія дзяржава вырашыла перадаць у прыватныя рукі. Наадварот, почасту гэтых гаспадарлівых рук наогул не знаходзіцца.
Так, пакуль што для нас больш актуальны “бюджэтны” варыянт турадпачынку — тыя ж аграсядзібы, пабудаваныя зазвычай рукамі ўласных гаспадароў. Але паколькі пэўная дынаміка росту ўсё ж навідавоку, можна спадзявацца, што і на палацы калі-небудзь узнікне попыт.
Балазе, ужо сёння сярэднестатыстычны беларускі гараджанін, — чый дабрабыт дазваляе яму забыцца пра корпанне на градках як пра кашмарны сон і пераканацца, што аўтамабіль — гэта менавіта сродак руху, а не раскоша, як яму яшчэ нядаўна здавалася, — усё часцей і часцей прагне “адпачыць з густам”. Ды скіроўвае свой “сродак руху” не на апрыклае лецішча, а ў Мір, Нясвіж ці ў тую ж Ліду. Бо яшчэ адзін спрыяльны для турызму фактар — усенароднае абуджэнне гістарычнай памяці.
Заўтра гэты сярэднестатыстычны беларус стане больш пераборлівы. Тады ён сам запатрабуе належнай турыстычнай інфраструктуры ды, што немалаважна, будзе здатны яе аплаціць. І прадпрымальным людзям нічога не застанецца, як толькі гэтую інфраструктуру стварыць, а потым удасканальваць. Закон попыту і прапановы збояў не дае.
Вось тады сядзібы ўжо не будуць каштаваць, як мінская аднапакаёўка (а сёння так часам і бывае). Дый наогул — кошты на такую нерухомасць несумненна будуць расці. Справа ў іншым — да гэтай, сёння прывіднай, але, усё ж хочацца верыць, рэальнай, пары сядзібам трэба “дажыць”. Хтосьці — а дакладней, людзі, што гаспадараць на той зямлі, дзе сядзібы размешчаны,— мусіць не даць няўмольнаму часу зрабіць з імі тое, чаго не зрабілі войны і ліхалецці.
Па красамоўны напамін аб тым, у што можа ператварыцца “незапатрабаваны” архітэктурны помнік, лідчукам далёка ездзіць не выпадае — варта наведаць блізкія ад Тарнова Дзікушкі. Тамтэйшая сядзіба ўжо наўрад ці калі прыцягне інвестыцыі — ад яе засталіся адны руіны.
Ілля СВІРЫН,
наш спецкар.
Мінск — Лідскі раён — Шчучынскі раён — Мінск
Фота аўтара