Не тры, а два

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

22 верасня на пасяджэнні экспертнага савета па прысуджэнні прэміі Саюзнай дзяржавы ў вобласці культуры і мастацтва былі вызначаны яе намінанты. Упершыню ў гісторыі прэміі іх будзе не тры, а два: народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі і расійскі паэт Глеб Гарбоўскі. Наконт трэцяй кандыдатуры члены савета так і не прыйшлі да кансэнсусу.

Згодна з Палажэннем аб прэміі, намінант павінен набраць не менш за тры чвэрці галасоў членаў савета. Згаданыя дзве кандыдатуры былі зацверджаны без ваганняў, а вось наконт трэцяй меркаванні падзяліліся. Дыскусіі на пасяджэнні доўжыліся каля трох гадзін. Галасаванне праводзілася тройчы, але вынікаў так і не прынесла. Ніводзін з трох кандыдатаў не атрымаў пераканаўчую большасць галасоў.

І сапраўды, выбар між такімі рознымі- і надзвычай вартымі- прэтэндэнтамі, як знакаміты музыкант Юрый Башмет, спектакль "Вяселле" Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы і калекцыя паўлавапасадскіх хустак "Спадчына", зрабіць зусім не проста. Таму вынік пасяджэння можна расцэньваць як "ганаровую нічыю".