Удалыя агледзіны для “…Дамы”

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Гродзенскі абласны тэатр лялек у сярэдзіне верасня прымаў удзел у ХІІІ Міжнародным фестывалі тэатраў лялек “Разанскія агледзіны”, што больш чым дваццаць гадоў збірае лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа. Спектакль Алега Жугжды “Пікавая дама” прайшоў пры “перааншлагу”.

Сёлета разанскі форум быў прысвечаны Году касманаўтыкі і 50-годдзю першага палёту чалавека ў космас. Госці "...Агледзін-2011" - лялечнікі з Беларусі, Польшчы, Украіны, Даніі і Іспаніі - на пяць фестывальных дзён ператварыліся ў "ляльканаўтаў", каб на фестывальнай арбіце хапаць з неба зоркі. Праграма радавала насычанасцю і разнастайнасцю. У афішы суседнічалі авангардныя спектаклі і перформансы, піратэхнічныя шоу і спектаклі для сямейнага прагляду, здольныя выклікаць непадробную цікавасць і шчырыя эмоцыі ў дзяцей і іх бацькоў.

Аднак сапраўдны феерверк незабыўных уражанняў у гараджан, гасцей і ўдзельнікаў фэсту пакінула "Пікавая дама" Гродзенскага абласнога тэатра лялек.

- Мы выступалі на новай Малой сцэне Разанскага драматычнага тэатра, - распавяла актрыса Людміла Паўлоўская, якая працуе ў "Пікавай даме" ў якасці памочніка рэжысёра. - У Гродне на імправізаванай "малой сцэне" манежа Тызенгаўза граем на 60 гледачоў. Паводле тэхнічных магчымасцей спектакль разлічаны на 70 - 80 чалавек, а ў Разані ахвотных паглядзець беларускую пастаноўку сабралося ў разы больш! Публіка размясцілася на прыступках, ля сцэны, у праходах, а многія, на жаль, засталіся ў фае і ля ўвахода ў тэатр... Пасля паказу я і галоўны рэжысёр Алег Жугжда ўспаміналі, як і мы самі з цяжкасцю прабіваліся на спектаклі легендарных рэжысёраў ды знакамітых калектываў. Прыемна было ўсведамляць, што цяпер і наш тэатр дасягнуў такога ўзроўню...

Спектаклю па матывах аповесці Аляксандра Пушкіна і оперы Пятра Чайкоўскага няма яшчэ і года. Па прызнанні акцёраў, занятых у пастаноўцы, вялікага попыту на яго паказ на чужой сцэне няма. Але ўжо дакладна акрэсліліся адрозненні ва ўспрыманні "Пікавай дамы" беларускім і расійскім гледачом. Апошні, па словах Людмілы Паўлоўскай, надзвычай уважлівы да кожнага слова, якое гучыць са сцэны, імгненна і тонка рэагуе на ўсе нюансы і жарты. "Выступаць перад падобным гледачом прыемна, але складана. Аднак такое дбайнае стаўленне да сваёй класікі заслугоўвае толькі пахвалы", - адзначыла памочнік рэжысёра.

Неверагодны поспех Гродзенскага абласнога тэатра лялек спарадзіў нямала жартаў і досціпаў пра нашых лялечнікаў. Раз-пораз чулася: "...Дама" прайшла "...Агледзіны" на ўсе сто". Або: "Пікавая дама" - пік фестывалю". Калегі з іншых тэатраў узнагародзілі Ларысу Мікуліч, якая выконвае ролі Дамы, старой Графіні і беднай сваячкі Лізаветы Іванаўны, тытулам "Артыстка сусветнага значэння".

Форум "Разанскія агледзіны" - не конкурсны, ніякіх месцаў тут не размяркоўваецца. Аднак існуе традыцыя: у дзень яго закрыцця дарыць лепшым з лепшых плюшавыя сэрцы. Гродзенцы аддалі сваё "сэрца" спектаклю Разанскага тэатра лялек "Церамок", а самі атрымалі "прызы" не толькі прафесійных і глядацкіх сімпатый, але і сімвалічныя "сэрцы" шматлікай дэлегацыі крытыкаў і журналістаў.

Марына БЛАЖЫЕЎСКАЯ Гродна