“Як ва ўсіх” — гэта не творчасць

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Архітэктар Аляксандр ТРУСАЎ нарадзіўся ў сям’і славутага трэнера па спартыўнай акрабатыцы Георгія Трусава, які ўпершыню ў свеце распрацаваў трайное сальта, чацвяртны піруэт (гэты надзвычай складаны элемент выканаў у 1976 годзе спартсмен Вадзім Біндлер). Маці-бібліятэкар прывіла хлопчыку любоў да кніжак, якія спрыялі развіццю ў будучага дойліда фантазіі. Пасля заканчэння каледжа мастацтваў Аляксандр паступіў на архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута — цяперашняга БНТУ. Скончыўшы вучобу, прыйшоў на працу ў інстытут “Мінскпраект”. Маладому архітэктару пашанцавала: ён трапіў у майстэрню Леаніда Левіна і Юрыя Градава. Пад кіраўніцтвам знакамітых дойлідаў разам з калегамі ўдзельнічаў у распрацоўцы цікавых праектаў: музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, будынка Дома журналістаў. Займаўся праектаваннем добраўпарадкавання Верхняга горада, рэканструкцыі экспазіцыйнага цэнтра па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску. У майстэрні Левіна і Градава панаваў асаблівы дух, маладыя архітэктары шмат чаго спасціглі, шмат чаму навучыліся ў таленавітых настаўнікаў. Аляксандру Трусаву пашанцавала і тады, калі ўпершыню прадставіў сваю працу на Усесаюзным конкурсе маладых архітэктараў, які праводзіўся ў Ашхабадзе ў 1989 годзе. Яго як пераможцу запрасіў да сябе ў Лондан на стажыроўку сусветна вядомы архітэктар Норман Фостэр. Гэта адбылося ў год падзення Берлінскай сцяны. Вярнуўшыся з Велікабрытаніі на радзіму, фактычна ў новую краіну, Трусаў пачаў рэалізоваўваць свае творчыя задумкі не толькі як дойлід, а і як дызайнер, мастак, стваральнік адмысловых інтэр’ераў, наогул нетрадыцыйнай архітэктуры.

 /i/content/pi/cult/130/639/Subsustrecy.jpg
— Занятак архітэктурай — гэта пэўны лад жыцця, — сцвярджае Аляксандр Трусаў. — Гэта не спосаб зарабіць грошы. Дойліды проста жывуць у сваёй прасторы і сваёй справе аддаюць усё жыццё. Як, зрэшты, і акцёры, мастакі, пісьменнікі...
— Што галоўнае зразумелі вы ў час вучобы ў Англіі, у Нормана Фостэра?
— На Захадзе ў архітэктуры існуюць зусім іншыя падыходы, чым у нас. Англічане працуюць па іншай методыцы. Там цікавіць перш за ўсё тое, наколькі якаснае рашэнне прапануецца дойлідам.
Невядома, як “павядзе сябе” праз пяць-шэсць гадоў толькі што пабудаваны дом. Ніхто, нават самыя высокапрафесійныя спецыялісты, дакладна адказаць на такое пытанне не здольны, бо архітэктура — галіна творчасці “ў часе”. Калі мастаку, умоўна кажучы, патрэбны палатно, фарбы і месяц часу на стварэнне твора, дык архітэктару неабходна працаваць дзесьці паўгода, каб спраектаваць будынак, пасля — яшчэ тры гады, каб пабудаваць дом.
Я адношу сябе да архітэктараў-эксперыментатараў. Эксперыментую, у прыватнасці, у жыллёвым будаўніцтве, катэджным. Таксама працую над інтэр’ерамі, з задавальненнем займаюся жывапісам. Дарэчы, на VІІ Нацыянальным фэсце архітэктуры “Мінск — 2007”, які адкрыўся ў Выставачным павільёне БелЭКСПА, я прадставіў на агляд-конкурс лепшых архітэктурных твораў за 2005 — 2007 гады сваю работу — праект жылога дома. На сённяшні дзень ў Беларусі існуе толькі адна вельмі сучасная хайтэкаўская пабудова — Нацыянальная бібліятэка Беларусі, спраектаваная вядомымі нашымі архітэктарамі Віктарам Крамарэнкам і Міхаілам Вінаградавым.
— У чым асаблівасць хайтэку?
— Гэта стыль, які скарыстоўвае найвысокія тэхналогіі ў будаўніцтве, дызайне — хай-тэхналогіі. Тут усё пабудавана на ўжыванні металічных канструкцый, шкла і, безумоўна, бетону — без яго не абысціся. Усё гэта павінна быць, скажам так, вельмі разумна і дакладна прыменена.“Аляксандр-пасаж”, створаны майстэрняй Барыса Школьнікава, што стаіць насупраць бібліятэкі, таксама нясе элементы хайтэку, але гэта не чысты хайтэк. Дадзены стыль ідзе ад канструктывізму, які быў папулярны ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. У Мінску, Магілёве ёсць адметныя збудаванні ў стылі канструктывізмувядомых дойлідаў таго часу.
У краінах Еўропы хайтэкаўскія пабудовы — вельмі выразныя (Архітэктар дастае альбом і паказвае фотаздымкі будынкаў фантастычнай формы. Н.К.).У Мілане ёсць шэраг збудаванняў са шкла і металічных канструкцый. Цяжка нават здагадацца, што неверагоднай варонкападобнай формы пабудова — вадасцёк (Паказвае на фота. — Н.К.). Па хайтэкаўскіх шкляных дахах можна смела хадзіць, бо шкло мае трывалую загартоўку. Я бываў у Мілане і бачыў гэтыя суперсучасныя збудаванні. Яны ў рэальнасці яшчэ больш уражваюць. У Мілане не сустрэнеш ніводнай канструкцыі, якая б паўтаралася. Цікавая пабудова з падземным паверхам, дзе знаходзіцца выставачная зала: з яе праз ваду падымаецца шкляная лесвіца. Дом падобны на лятаючую талерку, якая прызямлілася. Нямала такіх збудаванняў належыць аўтарству лідэра італьянскага хайтэку Максіміліяну Фуксту — вядомаму дойліду, сусветнай велічыні ў архітэктуры.
— А ў Велікабрытаніі?
— У Англіі такіх будынкаў няшмат. Па-першае, гэта вельмі элітны стыль. Такія формы — гнутае шкло дваякай крывізны і іншае — складана выканаць. Гэта, апроч усяго, і каштуе нятанна.
У цэнтры Лондана (у старых еўрапейскіх гарадах не дазваляецца парушаць гістарычнае асяроддзе і весці новае будаўніцтва) узведзены па праекце Нормана Фостэра дом, які прыцягвае ўвагу шматлікіх турыстаў.
Архітэктары празвалі яго “агурком”. Такога класа будынкі ствараюць імідж дзяржавы.
Парыж, каб час ад часу пацвярджаць, што ён — Парыж, пускаецца ў смелыя эксперыменты. У 1980-м годзе прайшлі міжнародныя конкурсы на стварэнне суперсучасных пабудоў у Парыжы. Па праектах архітэктараў-пераможцаў былі пабудаваны незвычайнай архітэктуры дамы. Квартал Дэфанс стаўся гонарам Парыжа. Другі прыклад — Дубаі. Дваццаць гадоў таму пра такі горад мала хто і чуў. Але распачалося будаўніцтва і былі ўзведзены смелыя па сваёй архітэктуры хмарачосы. Цяпер ўсе ведаюць, што Дубаі — гэта горад з суперсучанай архітэктурай.
Ці ўзяць Астану, якая ўзнікла на пустым месцы. Сюды былі прыцягнуты лепшыя сілы. Тут па праекце Нормана Фостэра ўзведзены арыгінальны хайтэкаўскі будынак, дамы па праектах іншых выдатных дойлідаў. І ў выніку ў Астану ездзяць турысты, каб паглядзець на неардынарную архітэктуру. Гэта ўжо сучасныя адметнасці.
У Мінску, як я казаў, такая адметнасць — новая бібліятэка. Будынак можна прымаць ці не прымаць, але ён нікога не пакідае абыякавым. Гэта знакавае збудаванне. Такое ажыццявіць магчыма толькі пры падтрымцы дзяржавы.
— Якая ваша апошняя работа?
— Апошнім часам я ствараю шмат інтэр’ераў. І мне гэта надзвычай цікава. Для гатэля Міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Іаганэса Раў у Мінску распрацаваў інтэр’еры некалькіх арт-нумароў, прысвечаных Казіміру Малевічу. Пры гэтым скарыстаў чырвоны, чорны і сіні колеры. Мая праца, можна сказаць, — нерэалізаваныя думкі вядомага авангардыста. Каляровая гама была ўзята з палотнаў Малевіча. У той час, калі Малевіч ствараў, рэалізацыі яго ідэй не адбылося. Малевіч — не архітэктар, а мастак. Усе ведаюць ягоны “Чорны квадрат”. Але ніхто не разумее сэнс вынаходніцтва мастака. Некаторыя кажуць: нічога ў гэтым асаблівага няма, такое можа намаляваць любы. Але гэта насамрэч не маляванне. Вядома, што ў той час вядомы расійскі навуковец Вярнадскі адкрыў наасферу — сферу дзейнасці чалавека, якая існуе паралельна з прыродай. У прыродзе няма ні квадратаў, ні кругоў, ні трохкутнікаў, не існуе прамой лініі. Малевіч абвясціў сваім квадратам, што разам з прыродай існуе прырода чалавека. “Чорны квадрат” — фактычна маніфест Казіміра Малевіча. Мастак называў сябе старшынёй прасторы. Грунтуючыся на яго ідэях, я зрабіў інтэр’ер, выкарыстоўваючы форму квадратаў.
Увогуле, я імкнуся ствараць незвычайнае, нетрадыцыйнае. У іншым інтэр’еры выкарыстаў такую ідэю: чалавек у гасцёўні мае магчымасць бачыць сцяну старога дома, яна яго як бы пераносіць у даўніну. Усе мы розныя, у кожнага з нас свой густ. Аднаму камфортна быць у чорным пакоі, іншаму — у белым, камусьці падабаюцца ўсходнія матывы, іншых прываблівае інтэр’ер, дзе столь абабітая ржавым жалезам, некаму даспадобы стыль фьюжэн, калі выкарыстоўваецца аўтэнтыка, — скажам, інтэр’ер ўпрыгожваюць аўтэнтычныя лесвіца, бэлькі, іншыя рэчы, калі спалучаюцца мадэрн і аўтэнтыка. Зацікавіла мяне тэма прыдарожнага сервісу, і я распрацаваў праект прыдарожнага сервіснага комплексу.
— Пакуль што ў Беларусі арыгінальныя і камфортныя прыдарожныя пабудовы высокага класу — рэдкасць. Нам варта павучыцца гэтаму ў Германіі, у іншых краін Еўропы, дзе комплексы з аўтастаянкамі, аўтазапраўкамі, крамамі, гатэлямі і рэстаранамі, прыбіральнямі і іншымі неабходнымі памяшканнямі з суперсучаснымі абсталяваннем і прыладамі ёсць на кожным кроку. Людзі на дарогах заходнееўрапейскіх краін не адчуваюць дыскамфорту.
— Праект, які прапаную я, уключае невялікі гатэль на дзесяць нумароў, більярдны клуб, рэстаран на 200 месцаў. Пасярэдзіне комплексу знаходзіцца ставок. Чалавек можа, скажам, закінуць у яго вуду, злавіць фарэль або карпа і здаць “здабычу” на кухню, і яму прыгатуюць па яго заказе страву. Мяркую, што і ў Беларусі такое будаўніцтва набудзе з часам развіццё, і ў нас з’явяцца арыгінальныя прыдарожныя пабудовы.
— Як, на вашу думку, павінен выглядаць сучасны інтэр’ер?
— Ён не павінен быць банальным, такім, “як ва ўсіх”. Многія падбіраюць па часопісах колеры для сваіх пакояў, мэблю. Маўляў, “я бачыў такое дзесьці і хачу такое ж”... Лепей ўсё-ткі давярацца прафесіяналам. Я аддаю перавагу інтэр’ерам, якія адрозніваюцца ад таго, што можна сустрэць звычайна. Можна пабудаваць сцены, расставіць мэблю, павесіць на сцяне карціну і сказаць: вось, я стварыў інтэр’ер! Я ж ствараю інтэр’ер нетрадыцыйны: карціну размяшчаю на ўсю сцяну, жывапіс робіцца проста па тынкоўцы, падбіраю нетрадыцыйныя колеры і арыгінальную, камфортную і функцыянальную мэблю.
— Цікава, як вы ставіцеся да тэлеперадач, якія прысвячаюцца папулярызацыі дызайну? Там дызайнеры прыходзяць у кватэры, завітваюць да людзей на дачы і ствараюць цудоўныя інтэр’еры.
— Дызайн на дачах, кватэрах нельга зрабіць за невялікі час. Такога насамрэч у жыцці не бывае: прыйшлі на дачу дызайнеры, гаспадары сышлі на нейкі час папіць кавы, вярнуліся — а там ужо цалкам іншы інтэр’ер... Немагчыма зрабіць інтэр’еры за паўдня ці за дзень. Тэлевізійныя дызайнеры, мусіць, месяц стваралі канцэпцыю, планавалі, працавалі, а потым прыйшлі і знялі шоу. Сама па сабе ідэя цікавая і вартая ўвагі.
Нам варта вучыцца на лепшых прыкладах. Ёсць краіны, гарады, якія з’яўляюцца заканадаўцамі ў архітэктуры, у дызайне, стылі жыцця. Выдатныя прыклады ёсць паўсюль.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА 
Аўтар і вядучая рубрыкі — Наталля КІРПІЧЭНКАВА