Выявы страчанай даўніны

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” ў хуткім часе плануе выпусціць унікальную кнігу-альбом факсімільных акварэльных замалёвак, выкананых вопытным даследчыкам хрысціянскіх старажытнасцей, рускім мастаком Дзмітрыем Струкавым у 1864 — 1867 гг. па даручэнні расійскага ўрада і Рускага археалагічнага таварыства. Альбом адлюстроўвае каля 200 храмаў праваслаўя, каталіцызму і іншых рэлігійных канфесій на тэрыторыі Беларусі, большая частка якіх да нашага часу не захавалася.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя", кніга-альбом таксама змяшчае выявы страчаных на наш час прадметаў царкоўнай даўніны, ікон і царкоўнага начыння, надмагілляў, замалёўкі старажытных курганоў і гарадзішчаў, панарамы беларускіх гарадоў.

Арыгінальны альбом Дзмітрыя Струкава на сённяшні дзень захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта і з'яўляецца ўнікальным сведкам беларускай даўніны, прадметы якой у дадзены час ужо не існуюць і фактычна "сцёрты" часам ды агнём самых розных падзей - ад ваеннага ліхалецця да ідэалагічнай нецярпімасці ў перыяд панавання атэізму.

Як плануецца, кніга-альбом малюнкаў Дзмітрыя Струкава будзе выпушчана ў межах праекта "Энцыклапедыя рарытэтаў". Першым паспяховым яго выданнем стаў альбом "Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII - XIX стагоддзяў", а другім - кніга-альбом "Жывая вера. Ветка", аб якіх у свой час пісала "К".