КАЛІ “ТАНЧЫЦЬ” АД АДАМА...

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

“Чалавечыя арыенціры” ў люстэрку рэальнасці

13 верасня ў краіне пачалася рэалізацыя ўнікальнага праекта Рэспубліканскай выстаўкі манументальнага мастацтва, распрацаванага Міністэрствам культуры Беларусі і Беларускага саюза мастакоў пры падтрымцы зацікаўленых арганізацый і ведамстваў. У гэтым артыкуле я паспрабую распавесці не толькі пра поспехі нашай манументальнай творчасці за апошнія два дзесяцігоддзі (а яны ў наяўнасці як у скульптуры, так і ў жывапісе ды габелене), але і аб няпростым становішчы сучаснага мастака ў новых рыначных умовах, аб яго ўзаемаадносінах з дзяржавай, грамадствам, гледачом, сродкамі масавай інфармацыі.

 

Апошняя выстаўка манументальнага мастацтва прайшла ў Мінску акурат чатыры гады таму. На ёй былі прадстаўлены, акрамя фотаздымкаў аб'ектаў, некаторыя эскізы, кардоны, невялічкія фрагменты ў матэрыяле (мазаікі, вітражы, фрэскі). Але, як ні сумна, гэтая выстаўка ў СМІ не атрымала больш-менш сур'ёзнага прафесійнага аналізу. Што будзе гэтым разам- пабачым...

Сёння можна сям-там пачуць: маўляў, сучаснае манументальнае мастацтва знаходзіцца ў крызісе, галоўная прычына якога - адсутнасць дзяржаўных заказаў на творы гэтага найважнейшага віду выяўленчай культуры. У чымсьці з гэтым можна пагадзіцца, асабліва калі параўнаць з тым, што было тры - чатыры дзесяцігоддзі таму, калі гэты від творчасці ішоў у авангардзе савецкага мастацтва "вялікіх форм", іншым разам ламаючы рамкі і каноны партыйна-ідэалагічных патрабаванняў. Таму так ахвотна саюзныя мастацкія часопісы і альманахі друкавалі рэпрадукцыі твораў нашых слынных мастакоў-манументалістаў і архітэктараў.

У часы перабудовы і наступнага развалу СССР гэтая сфера творчасці калі і не прыйшла ў заняпад, дык, па меншай меры, была адсунута на другі план. Адсутнасць буйных дзяржаўных і грамадскіх заказаў, ліквідацыя сістэмы Мастацкага фонду, перманентнае аслабленне магутнасцей мастацка-вытворчых камбінатаў прывялі да таго, што большасць жывапісцаў-манументалістаў вымушана была сысці ў сумежныя віды мастацтва, у асноўным - у станковы жывапіс. Ён даваў магчымасць матэрыяльна існаваць, а пры спрыяльных абставінах - і выходзіць на замежны арт-рынак... Хаця, па праўдзе кажучы, некаторыя вучні Г.Вашчанкі, А.Кішчанкі і У.Стальмашонка працягвалі "захоўваць" сябе ў знікаючай прасторы манументальнай творчасці і, атрымліваючы рэдкія заказы, часам ствараць высакаякасныя творы. Прыкладамі таму - комплекснае мастацкае афармленне інтэр'ераў Нацыянальнай бібліятэкі, Палаца Рэспублікі, Мінскай гарадской ратушы, гасцініцы "Еўропа", Мірскага замка, адбудаванай у Верхнім горадзе Мінска Свята-Духаўскай царквы з новай канцэртнай залай - своеасаблівай Дзіцячай філармоніяй, зусім "свежыя" мазаікі мемарыяльнай капліцы ў гонар іконы "Знаменне Прасвятой Багародзіцы" на мінскіх Брацкіх могілках часоў Першай сусветнай вайны, некаторыя цікавыя аб'екты ў рэгіёнах. Але названых прыкладаў пакуль няшмат для прасторы такой дзяржавы, як Рэспубліка Беларусь.

А вось у манументальнай скульптуры, думаю, становішча больш-менш нармальнае: за апошнія 20 гадоў вельмі шмат зроблена па ўвекавечанні вобразаў нашых вялікіх продкаў і дзеячаў культуры, гістарычнай памяці мінулага гераічнага і драматычнага часу ў самых розных гарадах і гарадскіх пасёлках. Практычна пра ўсе творы такога роду наша газета пісала ўжо. Хаця і ў гэтай сферы ёсць свае пытанні, якія патрабуюць практычных адказаў.

Сёлетняя выстаўка манументальнага мастацтва, хочацца спадзявацца, дасць нагоду для пастаноўкі шэрагу найважнейшых праблем, якія тычацца месца і ролі манументальнага мастацтва ў жыцці грамадства на пачатку ХХІ стагоддзя, і, напэўна, гэта самае галоўнае. Паспрабую хаця б эскізна акрэсліць кола тых надзённых праблем. Зыходжу з таго, што гэтае мастацтва з усіх відаў выяўленчай творчасці па сёння з'яўляецца найбольш важнай і дзейснай сферай эстэтычнага і, калі жадаеце, ідэалагічнага і маральнага ўплыву на чалавека, які пастаянна жыве ў гэткім духоўным асяродку. Вось чаму такое мастацтва справядліва называюць "чалавечымі арыенцірамі".

Ну, а што ж адбываецца сёння, асабліва ў манументальным жывапісе? Чаму за апошнія гады мы не можам пахваліцца значнымі паводле задумы і маштабнага ўвасаблення творамі? Бо не збяднела ж на таленты зямля беларуская! І традыцыі, закладзеныя родапачынальнікамі сучаснага манументальнага жывапісу, нікуды не зніклі. Дастаткова прайсціся па вуліцах Мінска або пабачыць інтэр'еры будынкаў ці станцый метро, каб заўважыць грамадска значныя і высакаякасныя работы, створаныя яшчэ ў 60 - 80-я гады. Пра мастацкае афармленне ўнікальнай Нацыянальнай бібліятэкі, у якім былі задзейнічаны дзясяткі мастакоў з усіх відаў творчасці, у тым ліку і манументалісты - майстры роспісу па разным ляўкасе, вітражы, разным рэльефе, ужо было сказана і напісана шмат. Хочацца спадзявацца, што гэты дзяржаўны заказ у падобным вялізным аб'ёме - толькі пачатак. Таго патрабуе новы час - час комплекснага праектавання і будаўніцтва буйных архітэктурных аб'ектаў (культурных, спартыўных, вытворчых, гандлёвых і г. д), у якіх побач з архітэктурна-дызайнерскімі навацыямі неабходна ўлічваць з самага пачатку праектавання і месца мастака - пераўтваральніка эстэтычнага прасторавага асяроддзя.

Канешне, я разумею складаны стан нашай сённяшняй эканомікі ў час сусветнага крызісу, калі як бы "не да мастацтва". Але даўно заўважана: без высокай выяўленчай культуры - "люстэрка" духоўнага жыцця народа- цывілізаванай дзяржавы не будзе. Канешне, у манументальным мастацтве новага часу ёсць свае навацыі ў параўнанні з савецкім перыядам. Напрыклад, у насценным жывапісе і манументальным габелене ўзмацняецца цікавасць да складаных прасторавых пабудоў, да прадметнай адчувальнасці вобразатвораў, якія часам па майстэрстве не саступаюць найлепшым еўрапейскім узорам. Вызначаліся тэндэнцыі да ўскладнення паэтычнай ці драматычнай мовы твораў, напружаных пошукаў метафарычна-сімвалічнай інтэрпрэтацыі традыцыйных тэм і сюжэтаў. Тое ж самае можна адзначыць і ў манументальнай пластыцы: і тут скульптары разам з архітэктарамі ўсё часцей звяртаюцца да больш "свежых" вобразнакампазіцыйных метафар і алегорый. Нават калі гэта тычыцца нескладаных, на першы погляд, традыцыйных помнікаў-бюстаў або звычных мемарыяльных знакаў. А колькі новых падыходаў мастакоў і архітэктараў да "сінтэтычнага" асэнсавання мы бачым у буйных творах апошніх гадоў: ад помніка героям-пагранічнікам у Гродне да знакамітага мемарыяла "Дзецям - ахвярам Вялікай Айчыннай вайны" ў г. п. Чырвоны Бераг на Гомельшчыне, ад манументаў Ф.Скарыну і А.Міцкевічу ў Мінску, Я.Купалу ў Маскве да помніка У.Караткевічу ў Кіеве!

Асабіста для мяне праект Рэспубліканскай выстаўкі манументальнага мастацтва 2011 года дае падставу закрануць і шэраг іншых спецыфічных праблем. Ужо не кажу пра відавочную недастатковасць фінансавання гэтай экспазіцыі, і пра адсутнасць адзінага прыдатнага выставачнага месца для яе правядзення (мабыць, такога месца ў Мінску пакуль і няма). Я- пра іншае. Напрыклад, маштаб як фактар гуманістычнага фарміравання ладу нашага жыцця; узаемаадносіны скульптуры, жывапісу, прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва, дызайну і архітэктуры; "колеравая культура" прасторы, важнасць яе пластычнага вырашэння, а не толькі тэхнічнага і ўтылітарнага; завершанасць асяроддзя, інакш кажучы, таго напаўнення, якое фарміруецца з улікам дынамікі яго развіцця ў часе; сацыялогія - і ўнутры яе больш прынцыповае пытанне: сувязь паміж прафесіяналамі-мастакамі і насельніцтвам, для каго, уласна, і робяцца гэтыя творы. Пры гэтым важная зваротная сувязь для вызначэння эмацыйнага ўздзеяння апошніх на гледача. Не сакрэт, што і сёння многія манументальныя работы (можа, не вельмі прыкметныя для грамадскага "вока") выконваюцца мастакамі па прыватных заказах, якія не праходзяць "сіта" прафесійных экспертных саветаў. У падобных выпадках галоўным "экспертам" з'яўляецца заказчык (як у кіно - прадзюсар), які плаціць, і ягоны асабісты густ вызначае тэму і якасць. Гэта значыць, заказчык мае права выходзіць на любога мастака (і наадварот), не звяртаючыся да паслуг экспертызы, скажам, Рэспубліканскага савета па манументальным мастацтве. Для заказчыкаў гэта, канешне ж, прасцей і танней, але вось з прафесійнай якасцю ці мэтазгоднасцю пастаноўкі твора ў тым або іншым месцы часта ўзнікаюць пытанні, як гэта нярэдка адбывалася з "пленэрнымі" гарадскімі скульптурамі Уладзіміра Жбанава, які сваімі "народнымі" творамі напоўніў не толькі Мінск. Думаю, мастацкая якасць як аснова паўнацэннага сінтэзу ў абавязковым парадку не толькі павінна рэгулявацца "зверху" мастацка-экспертнымі саветамі Мінкультуры, Саюза мастакоў і яго арганізацыямі на месцах, але і, паўтаруся, мэтазгоднасцю той або іншай работы ў архітэктурна-прасторавым асяроддзі горада. Цікава, а што на гэты конт думаюць "культуролагі" адпаведных упраўленняў і аддзелаў абласных, гарадскіх і раённых выканкамаў разам з мясцовымі галоўнымі архітэктарамі і "ландшафтнымі" спецыялістамі? Канешне, скульптурафантан "Адам і Ева" як п р а ф е с і й н ы твор - гэта добра (усе мы - як бы прадзеці гэтай грэшнай пары), але... Можна паспрачацца з тым, што для цэнтра Маладзечна "айцы горада" абралі менавіта такі "знак", які зусім не прэтэндуе на нацыянальны - "родавы" - сімвал гэтых мясцін.

Калі хто памятае, два гады таму Міністэрства культуры Беларусі сфарміравала праект Зводнага плана ўстаноўкі манументальных збудаванняў у нашай краіне ў 2009 - 2012 гг. (па Мінску і ўсіх рэгіёнах рэспублікі - усяго звыш 70 назваў). Да гэтага плана былі зроблены прапановы НАН Беларусі - больш за 100 помнікаў і мемарыяльных знакаў у Мінску і абласцях. Што зроблена на сённяшні дзень - вялікае пытанне. Дакладней кажучы, пакуль невядома, які ж далейшы лёс гэтага грандыёзнага плана? Ці атрымаў ён адпаведны прававы статус, ператварыўшыся ў перспектыўны план манументальных збудаванняў? Бо ўсё ж нешта зроблена: помнік да 1000-годдзя заснавання Брэста і помнік Ф.Багушэвічу ў Смаргоні, да прыкладу. А што будзе далей, скажам, з рэалізацыяй помнікаў заснавальніку ВКЛ, каралю Міндоўгу ў Навагрудку, княгіні Вользе ў Віцебску, Тадэвушу Касцюшку, Кастусю Каліноўскаму, Усяславу Чарадзею і ягонаму сыну Глебу - першаму мінскаму князю, мемарыяла ахвярам масавага знішчэння фашыстамі людзей у Малым Трасцянцы Мінскага раёна? Ёсць рэальная надзея, што і наш Ф.Скарына знойдзе сваё годнае месца ў Вільні, а Я.Купала з Я.Коласам - у Варшаве. Гэтыя і іншыя творчыя заяўкі даўно ва ўсіх на слыху. Але я думаю, што такое буйнамаштабнае, канешне ж, вельмі прыгожае, планаванне павінна спалучацца з рэальнымі магчымасцямі, у першую чаргу- творчымі і фінансавымі. Дзякаваць богу, што цяпер ініцыіруецца дабрачынны рух па зборы сродкаў на пэўныя праекты. Ды і творчыя магчымасці нашых мастакоў, у тым ліку маладых, сумнення не выклікаюць: у іхніх майстэрнях я бачыў шмат эскізных праектаў будучых помнікаў, якія зроблены па поклічы душы, без усякіх афіцыйных заказаў. Менавіта так пачыналася праца групы скульптараў над праектаваннем вялікага мемарыяла героям Першай сусветнай вайны для Смаргоні. Хутка мы пабачым вынікі гэтага грандыёзнага праекта.

Хачу падкрэсліць наступнае. Скульптурна-архітэктурны помнік, як і фрэска, вітраж, сграфіта, мазаіка, манументальная кераміка ці манументальны габелен - гэта пасланне ў будучыню, пасланне нашым унукам і праўнукам і, у той жа час, - вяртанне на Беларусь тых нашых вялікіх асобземлякоў, якія былі вымушаны пакінуць яе назаўсёды з прычыны розных гістарычных умоў і жыццёвых акалічнасцей.

/i/content/pi/cult/343/6384/5-1.jpgА яшчэ, улазячы ў сурдут Манілава, я падумаў вось пра што: як хацелася б у недалёкай будучыні мець для мастакоў-манументалістаў (і для народа, натуральна) дзе-небудзь у сталіцы спецыяльнае музейнае памяшканне з сучаснымі абсталяваннем і святлом, з прыстасаваннямі для дэманстрацый буйных слайдаў, відэафільмаў, дакументальных і мастацкіх карцін пра вялікіх мастакоў мінулага. Там знайшлі б сваю прапіску і планшэты з якаснымі фатаграфіямі найлепшых работ розных гадоў, і фрагменты манументальных твораў у матэрыяле, і эскізы, і кардоны, якія захаваліся. Гэта ж так цікава бачыць: як няпроста нараджаліся тыя або іншыя творы! Можа там знайшлі б сваё месца і шматпакутны "Габелен стагоддзя", і зніклыя (на час?) габелены з Філармоніі, Тэатра оперы і балета, і шмат іншых работ, якія, мабыць, на думку новых праекціроўшчыкаў, як бы не "ўпісаліся" ў "новую рэчаіснасць" альбо ў "новую архітэктуру". Мабыць, гэта і так. Але трэба падумаць, як іх захаваць для гісторыі. Ды і некаторыя буйныя манументальныя творы ў Мінску проста патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі, але...

Скажу так: паводле мастакоўскіх якасцей яны, гэтыя і іншыя творы такога роду,- "па-за часам і прасторай". І яшчэ адна мара - пра манументальную скульптурную спадчыну, што змагла б знайсці сваё месца на спецыяльнай музейна-выставачнай пляцоўцы дзесьці пад адкрытым небам пад Мінскам. І тады ў адзінай прасторы глядач здолеў бы ўбачыць тыя помнікі і помнікі-бюсты "палымяным рэвалюцыянерам", якія сёння яшчэ непарушна стаяць у нашых гарадах ды мястэчках і ніяк не "ўпісваюцца" ў наш час. Сюды ж патрэбна "прыплюсаваць" і аналагічныя скульптурныя творы ў матэрыяле, якія пыляцца ў фондах нашых музеяў ды прыватных майстэрнях. Упэўнены, сюды ніколі не зарасла б "народная тропа" і сцежка цікавасці замежных турыстаў...  

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"