Уладзімір-лэнд у міжнародным кантэксце

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Паказ кароткай, на сем хвілін, стужкі “З Калядамі, Уладзімір!” стаўся адным з самых яркіх эпізодаў на VII Міжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і кінапраграм “Magnificat”, што прайшоў нядаўна ў Мінску і Глыбокім. Фільм аб імігранце, які забаўляе наведвальнікаў буйнога супермаркета ў касцюме Санта-Клаўса пад час каляднага гандлю, а потым у поўнай адзіноце вяртаецца ў свой самотны прытулак, стаў адным з дыпламантаў фэсту. У гэтым нумары “К” знаёміць свайго чытача з аўтарам карціны — беларускім кінематаграфістам Уладзімірам КАЗЛОВЫМ, які ўжо колькі гадоў жыве ў невялічкім гарадку пад Тулузай, але вельмі часта бывае на радзіме. 27 верасня ў бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ў Мінску адбудзецца творчая сустрэча, дзе можна будзе паглядзець стужкі рэжысёра, у тым ліку “З Калядамі, Уладзімір!”, а таксама пагутарыць з іх стваральнікам.

Дакументальныя фільмы Уладзіміра Казлова - сучаснае кінамастацтва, якое цікава апавядае аб часе і месцы чалавека ў ім. Цягам амаль 20 гадоў Уладзімір Казлоў жыве паміж Беларуссю і Францыяй, мае вельмі цікавы і карысны міжкультурны вопыт, надзвычай запатрабаваны ў глабалізаваным свеце міжнароднай кінавытворчасці. Яскравы прыклад такой кінаглабалізацыі - стужкі рэжысёра, якія апавядаюць пра падзеі і з'явы жыцця на абсягах былога СССР, але фінансуюцца ды трансліруюцца Французскім тэлебачаннем. Работы Казлова запатрабаваны і на міжнародных фестывалях як у Францыі, так і на постсавецкай прасторы. Між тым, самі кінематаграфісты сведчаць, што разуменне дакументалістыкі як жанру ў краінах былога СССР і ў Заходняй Еўропе вельмі адрозніваецца. З пытання, як удаецца быць запатрабаваным адначасова ў дзвюх культурных сістэмах, і пачалося інтэрв'ю карэспандэнта "К" з Уладзімірам Казловым.

 

Шлях да дакумента

/i/content/pi/cult/343/6381/6-1.jpg- Ад дакументалістыкі на Захадзе чакаюць, у першую чаргу, нейкага аповеду, паслядоўнага "падарожжа" ад літары "А" да літары "Z" - калі аўтар прапануе гледачу пэўны сюжэт. Таму ў той жа Францыі і публіка, і тыя, хто заказвае стужкі, больш за ўсё чакаюць фільмы-даследаванні, дакументальныя дэтэктывы, а не нейкую мастацкую рэфлексію, якую тут мы часта лічым сапраўднай творчасцю. Узяць, да прыкладу, маю карціну "З Калядамі, Уладзімір!". Яна пабывала толькі на адным кінафестывалі ў Анфлёры ў Францыі, але гэтая колькасць магла б быць куды большай, калі б карціна завяршылася хэпіэндам, была не такой сумнай. Так, ад кіно, у тым ліку дакументальнага, у Еўропе збольшага чакаюць ці адпачынку, ці нейкіх канкрэтных роздумаў: сумаваць французы не любяць. А вось у Расіі стужку ўспрынялі вельмі добра, і тыдзень таму яе паказвалі на маскоўскім фэсце кароткаметражных фільмаў "Арт-кіно".

- Непасрэдна дакументалістыкай вы займаецеся не так даўно - з 2002 года, - але вопыт працы ў кіно ў вас вельмі вялікі...

- Так, але да гэтага я быў задзейнічаны выключна ў ігравым кіно. Быў настолькі ім апантаны, што кінуў факультэт журналістыкі БДУ (аб чым цяпер вельмі шкадую), і чатыры разы спрабаваў паступіць на рэжысуру ў ВГИК, у тым ліку ў майстэрню Марлена Хуцыева, потым - у ленінградскі Л Г И Т М И К , але перад самымі экзаменамі нервы ўсё-такі не вытрывалі напружання, і я забраў дакументы... Скончыў завочна гістарычны факультэт БДУ, калі ўжо працаваў у кіно. Дарэчы, у той свой прыезд у Ленінград я пазнаёміўся з выбітным музыкантам Юрыем Марозавым, з якім сябраваў да самай яго смерці. Аб ім я зняў стужку "Юрый Марозаў. Рок-маналог", а музыку Юрыя выкарыстоўваю ў сваіх работах... Значна пазней я ўсё-такі скончыў у ВГИКу курсы перападрыхтоўкі, і з 1978 года працаваў асістэнтам, памочнікам рэжысёра, а потым- і непасрэдна другім рэжысёрам. Ганаруся тым, што маё імя- у цітрах "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, апошніх стужак Уладзіміра Бычкова, "Раскіданага гнязда" Барыса Луцэнкі...

Васьмідзясятыя былі, без перабольшання, "залатымі часамі" нашай студыі. Прафесійны, творчы ўзровень супрацоўнікаў "Беларусьфільма" быў вельмі высокі, на іншых студыях СССР да нас ставіліся з вялікай павагай: усюды, куды мы прыязджалі, нас сустракалі з нязменнымі прапановамі прадаставіць кінематаграфістам з Мінска ўсё неабходнае для правядзення здымак. На жаль, хутка ўсё змянілася, і на пачатку дзевяностых студыя пачала літаральна на вачах развальвацца, ва ўсіх сэнсах слова...

- Асістэнт рэжысёра па акцёрах і памочнік рэжысёра - вельмі адказныя пасады. Як у тыя часы рыхтавалі кадры для іх?

- Сапраўды, гэта ўнікальныя, калятворчыя спецыяльнасці, і атрымаць іх можна было толькі непасрэдна на здымачнай пляцоўцы, пасля некалькіх гадоў упартай працы. Асаблівасць дадзеных прафесій у тым, што іх уладальнік павінен быць вялікім дыпламатам: выконваць усе патрабаванні рэжысёра і дырэктара карціны, пры гэтым улічваць абставіны здымак, у тым ліку ўмовы надвор'я. Памочнік рэжысёра - гэта ўвогуле вельмі цікавая прафесія, бо дазваляе дасканала вывучыць абсалютна ўсе этапы кінавытворчасці, што мне цяпер вельмі дапамагае ў напісанні сцэнарыяў. Я быў гатовы працаваць на студыі і далей, але ў 1992 годзе мой жыццёвы шлях зрабіў вялікі паварот: я пабраўся шлюбам з францужанкай і з'ехаў у невялікі горад пад Тулузай, дзе жыву і па сёння.

 

 C'est la vie

- З жонкай я хутка разышоўся і апынуўся на вуліцы, у літаральным сэнсе гэтага слова, з адным куфрам і яе падарункам - веласіпедам. Невядома, што са мной здарылася б, каб я не ўладкаваўся на працу ў невялічкую тэатральную кампанію, якая ставіць амаль выключна французскую класіку і вандруе з ёю па ўсёй Францыі. Спачатку я дапамагаў ладзіць прадстаўленні, а потым і сам пачаў выходзіць на сцэну ў невялічкіх ролях. Лічу час той працы вельмі шчаслівым для сябе: з трупай вандроўных акцёраў я наведаў амаль трэцюю частку гарадоў і мястэчак Францыі, вывучыў французскую мову, стаў разумець мясцовую і надзвычай цікавую культуру.

- Дык як жывецца вандроўным акцёрам у Францыі?

- Апошнім часам не вельмі добра, бо фінансавыя ўмовы робяцца ўсё больш жорсткімі. Па сваім сацыяльным статусе акцёр вандроўнай трупы ў Францыі знаходзіцца крыху вышэй за беспрацоўнага. Прыкладна да 70-х гадоў французы вельмі любілі хадзіць у тэатр, але з распаўсюджаннем тэлебачання правінцыйныя тэатры прывабліваюць гледачоў усё менш, хоць у іх яшчэ захавалася культура наведваць відовішчы з жывымі ўдзельнікамі. Добра жывецца толькі дзяржаўным установам, якія атрымліваюць значныя датацыі. Маленькім жа прыватным трупам, як тая, дзе служыў я, даводзіцца з кожным годам усё больш зацягваць паясы: даражэе арэнда памяшканняў, а гледачоў не более. Гэтыя трупы- з'ява ўнікальная, бо ў іх, збольшага, працуюць апантаныя мастацтвам людзі, бацькі якіх таксама былі звязаны з тэатрам. Напрыклад, гаспадар нашай трупы- Жан Дэразье (стужку пра яго я здымаю цяпер), акцёр у пятым пакаленні, упершыню на сцэне апынуўся ва ўзросце... трох месяцаў. Цяпер майстру - дзевяноста гадоў, і яму нялёгка бачыць, што справа, якой ён служыў усё жыццё, не карыстаецца ў грамадстве такой павагай, як раней. Мне таксама балюча назіраць, як аджывае гэтая своеасаблівая, вельмі цікавая частка еўрапейскай культуры - трупа-сям'я, што не толькі працуе, але і жыве разам, вячэрае, п'е віно, спявае...

У рэшце рэшт, з-за пэўных змен у мясцовым заканадаўстве мне давялося пакінуць тэатральную трупу і пачаць самастойнае плаванне, якое я цяпер вяду ўжо ў якасці рэжысёра-дакументаліста. Некалі на экзаменах у ВГИК мне давялося пачуць на свой адрас ад аднаго члена прыёмнай камісіі: "Які дзіўны і нерэальны чалавек!" Вось гэтыя мае "дзіўнасць і нерэальнасць" і запатрабаваны ў Францыі. Шмат гадоў я нават падпрацоўваў Санта-Клаўсам цягам калядных тыдняў, аб чым у выніку зняў дакументальны фільм. Ёсць у мяне і ігравы кароткаметражны дэбют "Пяшчота". Але галоўныя мае работы- поўнаметражныя, створаныя па заказе тэлебачання Тулузы.

- Як сучасныя французы ставяцца да кінамастацтва, што і дзе глядзяць?

- У буйных гарадах Францыі існуюць спецыялізаваныя кінатэатры - сінематэкі, дзе па абанеменце можна глядзець самае лепшае фестывальнае кіно, як класічнае, так і сучаснае. У тулузскай сінематэцы часта праводзяць і сустрэчы з аўтарамі стужак. Але фінансавыя ўмовы кінавытворчасці даволі жорсткія. У асноўным, кінасфера сканцэнтравана ў Парыжы, у правінцыі ж можна спадзявацца толькі на мясцовыя тэлеканалы і іх вельмі абмежаваныя бюджэты. Праўда, дабіцца іхняй увагі вельмі складана, гэта патрабуе куды больш часу, чым пошукі прадзюсара.

- Дзве вашы апошнія стужкі прысвечаны касмічнай тэматыцы...

- Стужка "Gagarinland", хутчэй, апавядае аб людзях, звязаных лёсам з радзімай Юрыя Гагарына. Гэта жыхары горада на Смаленшчыне, названага ў гонар першага касманаўта, і яго стрыечная пляменніца, якая раней жыла на Беларусі, а цяпер знаходзіцца ў Злучаных Штатах. Паралельна з гэтым фільмам я зняў вялікі кінапартрэт Аляксея Ляонава - касманаўта, які першым выйшаў у адкрытую касмічную прастору. Мэр горада Гагарына пазнаёміў нас, і Аляксей Архіпавіч нават пагадзіўся запрасіць нашу здымачную групу ў свой дом, чаго раней ніколі не было! Мы стварылі карціну з ўнікальнымі кадрамі касманаўта Ляонава ў ягоным асабняку ў Зорным гарадку, у офісе вядомага банка, віцэпрэзідэнтам якога ён з'яўляецца, на малой радзіме, якую ён наведвае. Асабліва цікавыя і каштоўныя кадры сустрэчы Ляонава з Томасам Стафардам - яго амерыканскім калегам па знакамітым палёце "СаюзАпалона". З гонарам магу сказаць, што бліжэй да Ляонава ніхто з дакументалістаў не "падбіраўся"!

- А што да вашай магчымай працы на радзіме?

- Калі па шчырасці, я так і не стаў французам - менталітэт не зменіш нават за дваццаць гадоў,- ды і здымаць для мяне прасцей на радзіме. Таму маю планы і адпаведныя дамоўленасці на два праекты, якія хачу здзейсніць з дапамогай беларускага боку. Першы- вялікая дакументальная стужка-падарожжа па абсягах былога СССР, другі - кароткаметражная ігравая карціна пра беларускую студэнтку, якая жыве ў Тулузе. А наогул, на Беларусі ёсць тэмы для дакументаліста, што будуць цікавыя ў свеце. Узяць хоць Глыбокае - малую радзіму сусветна вядомага авіяканструктара Паўла Сухога. Ці вёску Парыж, стужку пра якую я вельмі хачу зняць, а потым паказаць жыхарам французскай сталіцы...