Не заглушыць

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі распачаў новы канцэртны цыкл — “Легенды беларускай оперы”. Першай вечарынай стала ўшанаванне памяці народнага артыста краіны Валерыя Глушакова, прысвечанае 85-годдзю з дня яго нараджэння.

/i/content/pi/cult/343/6380/7-3.jpgКожнае з аддзяленняў пачыналася запісамі самога Валерыя Ігнатавіча. Асаблівая мяккасць, лірычная пранікнёнасць, прыгожы тэмбр ягонага голасу, уменне спяваць не горлам ці дыяфрагмай, а ўсёй душой (гэткі беларускі Іван Казлоўскі!) рабіліся яшчэ больш кідкімі ў параўнанні з выступленнямі цяперашніх салістаў: некаторым з іх відавочна бракавала гэтых якасцей, хтосьці ж, "навучаны" вялікай сцэнай, папросту не адчуваў умоў Камернай залы імя Л.Аляксандроўскай, дзе ўсё ўспрымаецца, бы праз павелічальнае шкло. Сапраўднымі бліскаўкамі сталіся грацыёзныя спевы Таццяны Трацяк, эмацыйна насычаныя - Сяргея Франкоўскага, Ніны Шарубінай, інтэлігентныя ўжо паводле самой якасці гуку - Уладзіміра Пятрова. А як уразіў сваёй вакальнай шматаблічнасцю зусім яшчэ малады Міхаіл Пузанаў! "Беларусачка" Юрыя Семянякі прагучала ў яго на мяжы з высокай эстрадай мінулых дзесяцігоддзяў, а Песня бабыля Мікіты з оперы Аляксея Туранкова "Кветка шчасця" - увогуле па-свойму, з вельмі яркай характарнасцю вобраза і большай, чым звычайна, увагай да слова.

Загадчык залы заслужаная артыстка Беларусі Тамара Глаголева сумясціла вядзенне канцэрта з аповедам пра майстра і ягоную творчасць. Артыстычна-шчырым інтэрмецца стаўся выхад народнага артыста краіны Віктара Чарнабаева, які дапоўніў два старадаўнія рамансы ўспамінамі пра свайго калегу і лірычнай одай у гонар яго ўдавы Яўгеніі Аляксандраўны. Ганаровым госцем вечарыны быў і сын легендарнага тэнара Уладзімір Глушакоў - знаны хормайстар, якому наша нацыянальная культура абавязана росквітам і шырокім сусветным прызнаннем капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры БДАМ (праз час, пэўна, тыя ж эпітэты будуць тычыцца хору хлопчыкаў Мінскай ДМШ № 10, якім ён кіруе):

- У бацькі быў складаны лёс. У 1930-я - рэпрэсіраваны сваякі, якія не адракліся ад веры, у вайну - расстраляны дзве сястры... Але ён захаваў любоў да жыцця і людзей, уменне па-сапраўднаму сябраваць, кахаць, аддавацца справе - шчыра, без хітрыкаў і падману...

Дадамо: і заклаў традыцыі сямейнай дынастыі. Бо з музыкай звязаў сваё жыццё і старэйшы сын спевака - кандыдат мастацтвазнаўства Ігар Глушакоў, вядомы па шматлікіх кнігах, артыкулах, тэлеі радыёпраграмах мінулых гадоў, прысвечаных опернай праблематыцы.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"