“Хаш” яднае сяброў

№ 39 (1010) 24.09.2011 - 23.09.2011 г

Клуб армянскай культуры

Як вядома, на Віцебшчыне пражываюць прадстаўнікі 98 нацыянальнасцей. Таму цалкам заканамерна, што сярод шматлікіх клубаў і аматарскіх аб'яднанняў вобласці ёсць і такія, якія займаюцца захаваннем, развіццём і папулярызацыяй розных нацыянальных культур.

Сярод іх - народны клуб армянскай культуры "Хаш" Полацкага раённага цэнтра рамёстваў.

Хашам называецца адна з найбольш старадаўніх страў армянскага народа. Таму, зразумела, удзельнікі клуба папулярызуюць нацыянальную армянскую кухню. Ды не толькі яе. На пасяджэннях аб'яднання пастаянна гучаць армянскія песні, ладзяцца танцы і гульні, адбываюцца сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, выстаўкі вырабаў дэкараратыўна-прыкладнога мастацтва і многія іншыя мерапрыемствы. Творчая работа "хашаўцаў" неаднаразова адзначалася граматамі і дыпломамі, а ў 2008 годзе клубу было прысвоена ганаровае найменне "народны".

У склад "Хаша" ўваходзяць сем'і з розных раёнаў Віцебшчыны, але аснову складае сям'я Білян з вёскі Гомель Полацкага раёна. Кіраўніком аб'яднання з'яўляецца Раіса Білян. Удзельнікі клуба - жаданыя госці на шматлікіх раённых і абласных мерапрыемствах. Нядаўна яны прынялі ўдзел у абласным семінары "Захаванне і развіццё нацыянальных культур на Віцебшчыне", дзе пазнаёмілі прысутных са сваёй дзейнасцю.

Ала ЛЯЛЬКІНА,

вядучы метадыст

ДУ "Віцебскі абласны метадычны

цэнтр народнай творчасці"