У свой час славуты беларускі географ Аркадзь Смоліч адзначаў, што ў старажытнасці на велізарнай па памерах нізкай раўніне Палесся размяшчалася гіганцкае ледавіковае возера, якое пакрывала ці не ўсю паўднёвую частку тэрыторыі Беларусі. Яго папярэднік, краязнаўца і гісторык Адам Кіркор у артыкуле "Даліна Прыпяці" прывёў факт знаходкі ў палескіх балотах непадалёк ад Мазыра і Оўруча пярэдняй часткі марскога карабля, каванага бляхай.
Як не згадаць і легендарна-летапіснае "Герадотава мора"? Рэшткамі яго некаторыя даследчыкі лічаць раку Прыпяць і яе прытокі, азёры Белае, Чорнае, Спораўскае, Выганаўскае, а таксама навакольныя балотныя масівы. Больш за тое, старажытнае возера паказана на картах XVI - XVII стст. С.Мюнстэра, Я.Гастальдзі, К.Вопеля, Г.Меркатора, а на яго беразе размешчаны, да прыкладу, Жыровічы. З гэтага вялікага возера бралі свае вытокі рэкі Нараў, Лесна і Ясельда. Менавіта апошняя паспрыяла нараджэнню яшчэ адной назвы гэтага воднага масіву. У прыватнасці, на тэрыторыі Ганцавіцкага раёна ў 2005 г. быў створаны Рэспубліканскі гідралагічны заказнік "Падвялікі мох". Ён з'яўляецца адным з найбуйнейшых балотных масіваў Еўропы, які сфарміраваўся на месцы старажытнага возера "Ясельдскае мора".
Гідралагічны заказнік прызначаны, у першую чаргу, для захавання ўнікальнага лесабалотнага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Да прыкладу, жывёльны свет заказніка- гэта 177 відаў птушак, 8- амфібій, 5- рэптылій. Пры гэтым, 11 яго лясных жыхароў занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, на тэрыторыі "Ясельдскага мора" можна ўбачыць 459 відаў раслін.