І турыст — удзельнік конкурсу

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Міжнародны дзень турызму, мусіць, невыпадкова прыпадае на 27 верасня — самы канец “сезона адпачынку”. Дзякуючы апошняй акалічнасці гэтае свята, якое для нас пакуль яшчэ ў навіну, дазваляе падвесці пэўныя вынікі развіцця туріндустрыі, чаму і была прысвечана прэс-канферэнцыя ў сценах Нацыянальнага прэс-цэнтра Рэспублікі Беларусь, удзел у якой узялі дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму РБ В.Янкавенка і супрацоўнікі гэтага ведамства.

Агучаныя падчас прэс-канферэнцыі звесткі сведчаць пра паступовае развіццё беларускага турызму — як экстэнсіўнае, так і інтэнсіўнае. Пра першае гаворыць будаўніцтва новых турыстычных комплексаў і гатэляў (да 2010 года колькасць апошніх мае павялічыцца на 37, а яшчэ з паўсотні спазнаюць рэканструкцыю альбо капітальны рамонт). А пра другое — перадусім распрацоўка грунтоўнай нарматыўнай базы. Істотнай вяхой у гэтым напрамку стала прыняцце Закону аб турызме, які ўступіў у сілу 19 ліпеня, а таксама прыкметны рост лічбавых паказчыкаў дзейнасці галіны. Сёлета беларускія турарганізацыі аказалі паслуг на 95 мільярдаў рублёў — што на 28% больш, чым у мінулым годзе.
Уступленне Беларусі ў Сусветную турысцкую арганізацыю дазволіла нашай краіне больш актыўна прасоўваць айчынны турпрадукт на знешнім рынку, удзельнічаючы ў буйных міжнародных выстаўках і кірмашах. Сёлета стэнды з прапановамі наведаць наш край можна было бачыць ужо на 12 такіх мерапрыемствах у розных гарадах свету. У выніку даходы ад экспарту турпаслуг за 7 месяцаў гэтага года павялічыліся на 56% параўнальна з такім самым перыядам года леташняга.
На думку экспертаў СТА, да чыйго меркавання ўважліва прыслухоўваюцца на Беларусі, перспектыўным напрамкам развіцця турызму маюць стаць інтэрнацыянальныя маршруты, якія праходзяць па тэрыторыі некалькіх сумежных краін. Адзін з такіх маршрутаў, у плане распрацоўкі якога замежныя спецыялісты ўжо паабяцалі сваю дапамогу — “З варагаў у грэкі”.Выступаючы перад журналістамі, дырэктар Дэпартамента па турызме не абышоў увагай і тэму ўдасканалення турыстычнай інфраструктуры. Летась будавалася, рэканструявалася або рэмантавалася 259 аб’ектаў турінфраструктуры, асвоена больш за 200 млрд. рублёў. Сёлета тэмпы яшчэ большыя.
Што да гісторыка-культурнага і літаратурнага турызму, дык тут патэнцыял таксама яшчэ далёка не вычарпаны. Распрацоўваюцца маршруты па мясцінах, звязаных са знакавымі постацямі Купалы, Коласа, Багдановіча. Па словах начальніка аддзела Дэпартамента па турызме Л.Максімавай, плануецца, што ўдзел у гэтай працы возьмуць творчыя саюзы. Рыхтуюцца і адрасныя праекты для замежных турыстаў.
— Аднак галоўная наша задача — глыбей пазнаёміць з нашай гісторыяй саміх беларусаў, падкрэсліла Л.Максімава.
Таму традыцыйная ўжо акцыя дэпартамента “Спазнай Беларусь” сёлета атрымае новае напаўненне. Конкурс будзе праводзіцца не толькі сярод тых, хто прапануе турыстычныя паслугі, але і сярод іх спажыўцоў. Узнагароды атрымаюць самыя актыўныя падарожнікі — турысты, што наведалі больш за ўсё гісторыка-культурных аб’ектаў.

Ілля СВІРЫН