“Белы піяр” у Дзень Гомеля

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

“Сожскі карагод-2011”

Пазаўчора ў Гомелі адкрыўся VI Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод". Ён сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў з Расіі, Беларусі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Францыі, Эстоніі.

 Сярод самых выбітных гасцей свята - Дзяржаўны заслужаны акадэмічны ансамбль нацыянальнага танца Грузіі, заснаваны больш за 60 гадоў таму Іліко Сухішвілі і Ніно Рамішвілі. Як заўсёды, у межах фестывалю адбудзецца Міжнародны конкурс, які ахопіць некалькі намінацый: народны танец, эстрадны і сучасны. Журы ўзначальвае народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. Акрамя таго, пройдзе турнір па спартыўных бальных танцах, які таксама ахопіць прадстаўнікоў некалькіх краін. Будуць праведзены творчыя сустрэчы, майстаркласы, выстаўкі.

- На сёлетнім фестывалі, - адзначыла намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Алена Клічкоўская, - шмат чаго будзе ўпершыню. Бо на "Сожскім карагодзе", які традыцыйна прымеркаваны да Свята горада, не можа не адбіцца тое, што Гомель прызнаны Культурнай сталіцай Беларусі...

Так, сёння ўрачыста выправіцца ў свой першы рэйс так званы гістарычны тралейбус, ідэя якога ў свой час была прапанавана тамтэйшымі студэнтамі. Ад іншых ён адрозніваецца не толькі знешне - у ім усталявана спецыяльная панэль, дзе будзе змяшчацца відэаінфармацыя, прысвечаная тым гістарычным мясцінам, праз якія пралягае маршрут. З'явяцца і "гістарычныя талончыкі", на зваротным баку якіх будуць увасоблены гістарычныя помнікі Гомельшчыны.

У першы фестывальны дзень у Палацава-паркавым ансамблі ўпершыню прайшла "Музычная асамблея", каб удзельнікі "Сожскага карагоду" маглі крыху адпачыць пасля дарогі, настроіцца на свята і, галоўнае, пасябраваць. Упершыню быў запланаваны і фаер-фэст - свята агню, куды запрошаны ажно восем калектываў з розных краін, якія пагадзіліся расквеціць неба горада над Сожам вогненнымі шоу і феерверкамі.

- Гэты фестываль - "візітоўка" Гомеля, - адзначыла першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга Антоненка. - Таму да харэаграфіі вырашылі дадаць свята аматарскага цыркавога мастацтва. Пагадзіцеся, харэаграфію і цырк шмат што звязвае - найперш, пластыка. На нашу прапанову адгукнуліся 12 цыркавых калектываў. Яны выступяць у Дзень горада на адкрытай пляцоўцы - на плошчы - і, спадзяюся, закладуць традыцыю, якая будзе падтрымана на наступных "...Карагодах".

На Свяце горада будзе і карнавальнае шэсце (гэтым разам - з Гуліверам), і нават кіданне марожанага, і, паводле традыцыі, свае "гарады ў горадзе": Горад ідэй, Горад майстроў ды іншыя. А як жа праславуты крызіс?

- Галоўнае, каб крызісу не было ў нашай душы, - усміхнуўся першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Карачэўскі. - Таму няма чаго здзіўляцца, што сёлетняя восень атрымліваецца папраўдзе фестывальнай. 

 

***

 

Начальнік аддзела па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Дзяніс Язерскі паведамляе "К", што сёлетні, VI Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" займеў новую "фарбу": 16 верасня ў фестывальным антуражы распачаў работу Міжнародны форум маладых журналістаў "Белы піяр". Гэтая ініцыятыва належыць гарадской моладзі.

Па словах Дзяніса Язерскага, піярыць "Сожскі карагод" і асвятляць культурнае жыццё Гомеля пад час Дня горада будуць прадстаўнікі рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ Беларусі, а таксама журналісты з Кітая, Індыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Латвіі, Балгарыі, Расіі і Украіны - усяго больш за 30 юнакоў і дзяўчат.

У пятніцу маладыя журналісты пабывалі ў Гомельскай гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя А.І. Герцэна і прысутнічалі на прэзентацыі тамтэйшага музея рэдкага аўтографа, а на стадыёне "Цэнтральны" прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці "Сожскага карагода".

Сёння "Белы піяр" наведае фестывальны канцэрт з удзелам артыстаў расійскай эстрады, убачыць Свята горада, паўдзельнічае ў "круглым стале" "Моладзь у сучасным свеце".

18 верасня, пасля аглядавай экскурсіі па горадзе, журналісты пабываюць на закрыцці Адкрытага Сусветнага турніру па спартыўных танцах "Залатая Рысь".