Як ператварыць карыстальніка ў чытача?

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Прафесійнае свята бібліятэкараў

У Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь 13 верасня адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды Дня бібліятэк.

Сёлета, як заўважыў намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, спаўняецца дзесяць гадоў з дня заснавання прафесійнага бібліятэчнага свята. У рэспубліцы цяпер налічваецца больш за 9 тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным кніжным фондам у 200 мільёнаў экзэмпляраў.

Актывізацыі бібліятэчнай справы паспрыяла рэалізацыя Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла. За апошнія пяць гадоў мадэрнізавана і ўзведзена 1470 бібліятэк у аграгарадках Беларусі. Усе гэтыя ўстановы напоўніцу выкарыстоўваюць найноўшыя інфармацыйныя тэхналогіі. На далейшае ўдасканаленне аўтаматызацыі бібліятэчнай справы скіравана і Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. На сёння ўжо 49 рэспубліканскіх устаноў карыстаюцца магчымасцямі віртуальнай чытальнай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Між тым, як зазначыў Тадэуш Стружэцкі, бібліятэчная справа не пазбаўлена і праблем, што "назапашваліся" гадамі. Да прыкладу, аб'ёмы новых кніжных паступленняў не заўжды адпавядаюць сучасным еўрапейскім стандартам. Пастаяннай увагі патрабуюць якасць і мабільнасць бібліятэчнага абслугоўвання. Недаравальна і тое, што многія сельскія ўстановы пакуль не маюць тэлефоннай сувязі. Па-ранейшаму не стае высокакваліфікаваных кадраў. І яшчэ адно: бібліятэчных карыстальнікаў шмат, а вось колькасць самаадданых чытачоў - нездавальняючая. Таму, як сцвердзіў намеснік міністра, наспеў час стварэння Нацыянальнай праграмы развіцця чытання.

Дэкан факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ Мікалай Яцэвіч патлумачыў кадравую сітуацыю. Сёння ў прафесіі- 17 тысяч бібліятэкараў. Але на кожнага сённяшняга выпускніка- дзве заяўкі. Справа ў тым, што спецыялісты, атрымаўшы неблагую прафесійную падрыхтоўку, з прычыны нізкіх бібліятэчных заробкаў шукаюць працу ў іншых сферах дзейнасці.

Пра ўздым прафесійнага прэстыжу і канкурэнтную барацьбу за кадры казала першы намеснік дырэктара па абслугоўванні карыстальнікаў і ідэалогіі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алена Далгаполава. 15 верасня, у Дзень бібліятэк, галерэя "Ракурс" НББ прэзентавала выстаўку "Сам сабе мастак", на якой прадстаўлены творчыя работы бібліятэкараў рэспублікі. Гэта сумесны праект Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У экспазіцыі - каля 70 твораў, выкананых у розных відах мастацтва: жывапісе, скульптуры, ткацтве, саломкапляценні, вышыўцы і дызайне адзення.

***

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня бібліятэк распачаліся 15 верасня а 12-й гадзіне на плошчы перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, ля помніка Францыску Скарыну. Як і заўжды, тут сабраліся работнікі культуры і бібліятэчнай справы з усіх рэгіёнаў краіны. У праграме свята былі харэаграфічныя і тэатралізаваныя нумары.