У фокусе “Лістапада” — “Панарама...”

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Праграма “Панарама польскіх стужак” абяцае стаць адной з цэнтральных падзей Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, які пройдзе з 5 па 12 лістапада.

/i/content/pi/cult/342/6362/3-2.jpgАб гэтым стала вядома днямі на спецыяльнай прэзентацыі ў Мінску, адмыслова дзеля якой у беларускую сталіцу завітаў класік еўрапейскага кіно Кшыштаф Занусі. Пад час прэзентацыі беларускімі арганізатарамі фестывалю і іх польскімі калегамі быў агучаны папярэдні змест кінаімпрэзы.

Яна мае складацца з трох частак: праграм ігравога і дакументальнага кіно, а таксама мінскага семінараДрагон форум”, дзе будуць адабраны кінапраекты, якія ў перспектыве могуць атрымаць фінансавую падтрымку, і зладжаны майстар-класы з іх аўтарамі. Як адзначылі арганізатары, ігравую праграму “Панарамы польскіх стужак” складуць дзевяць карцін, што ярка дэманструюць узровень адной з найлепшых кінематаграфій Еўропы і адлюстроўваюць жыццё сучаснай Польшчы.

Што тычыцца дакументальнай майстэрніДрагон форум”, то да 2 кастрычніка яе арганізатары чакаюць заявак ад патэнцыйных удзельнікаўпітчынгу” — семінара-канферэнцыі, на якім патэнцыйныя аўтары будуць павінны прэзентаваць свае праекты. Для ўдзелу ў мерапрыемстве плануецца адабраць максімум дзесяць праектаў. Іх прадстаўнікі наведаюць інтэнсіўны трэнінг, які правядуць вядомыя польскія дакументалісты. Пад час трэнінгу ўдзельнікі форуму атрымаюць падрабязную інфармацыю аб аўдыявізуальным рынку Еўропы, а таксама здолеюць удасканаліць свае праекты ў адпаведнасці з патрабаваннямі сумеснай прадукцыі міжнароднага ўзроўню. Прыняць удзел у майстар-класах і конкурсе праектаў могуць усе ахвотныя, без прафесійных і ўзроставых абмежаванняў.