“Новая зямля” — моваю Кабзара

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Напэўна, самае вялікае дасягненне перакладчыка — прымусіць літаратурны твор гучаць на іншай мове гэтак жа арганічна, як у арыгінале. У Валерыя Стралко гэта атрымалася: дзякуючы яго таленту і старанням славутая Коласава “Новая зямля” набыла паўнакроўнае ўкраінскае аблічча. Акурат гэткім чынам характарызавалі плён працы перакладчыка ўсе выступоўцы на прэзентацыі кнігі, што прайшла 25 верасня ў Пасольстве Украіны ў Мінску і была прымеркавана да юбілею нашага класіка.

 /i/content/pi/cult/130/636/Novaya-zyamlya.jpg
Імпрэза ў сценах украінскага Пасольства стала данінай пашаны Песняру, чыя творчасць, паводле пераканання Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Украіны ў РБ Ігара Ліхавога, “не губляе сваёй актуальнасці і для беларусаў, і для ўкраінцаў, і для іншых народаў, далёкіх і блізкіх”. Нібы ў пацвярджэнне ягоных слоў, у зале Пасольства можна было ўбачыць як кіраўнікоў устаноў культуры, знакамітых пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў, так і акрэдытаваных на Беларусі дыпламатаў.
Нядзіўна, што шмат слоў у гэты вечар гучала пра саму “Новую зямлю”. Кожны з выступоўцаў казаў пра ўласнае, асабістае “прачытанне” коласаўскага твора. Да таго ж, як адзначыў рэктар БДУ Васіль Стражаў, адкрываць “Новую зямлю” можна бясконцую колькасць разоў цягам усяго жыцця — гэты твор здатны вучыць не толькі ў рамках школьнай праграмы.
Цяпер такая магчымасць будзе і ва ўкраінскага чытача — дзякуючы энтузіязму і, без перабольшвання, смеласці В.Стралко. Беручыся за гэтую працу, перакладчык, які прыйшоў у літаратуру ў сталым веку ды мае адукацыю фізіка, не мог не адчуваць велізарную адказнасць, абумоўленую перш-наперш ідэйна-мастацкім узроўнем арыгінала. В.Стралко бліскуча справіўся са складанай задачай, задаволіўшы нават самых патрабавальных знаўцаў літаратуры.
Прывабная з выгляду кніга, выдадзеная ў Кіеве накладам пяць тысяч асобнікаў,— красамоўнае сведчанне цікавасці нашых суседзяў да беларускай літаратуры. І трэба спадзявацца, што гэты праект, зладжаны дзякуючы руплівасці ўкраінскага Пасольства на Беларусі, распачне новы этап літаратурных кантактаў паміж нашымі краінамі.

Ілля СВІРЫН