Цыркавы Алімп з беларускім акцэнтам

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Нераскрыты сакрэт арэны

/i/content/pi/cult/342/6357/6-1.jpgСёлета Беларускі саюз жанчын прызнаў яе пераможцай у намінацыі "Лідар года". Напярэдадні адкрыцця новага сезона карэспандэнт "К" распытваў дырэктара - мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага цырка, заслужанага дзеяча мастацтваў Таццяну БАНДАРЧУК аб выніках першага года працы ў адрэстаўраваных сценах і аб перспектыўных вышынях.

 Мінскае рэха Монтэ-Карла

- Таццяна Мікалаеўна, перш за ўсё дазвольце вас павіншаваць са значнай падзеяй - залічэннем у члены журы Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла! Як вядома, для прадстаўнікоў вашай прафесіі ўдзел у найаўтарытэтным конкурсе прыраўноўваецца, бадай, да перамогі на Алімпійскіх гульнях, не кажучы ўжо пра набыццё статуса суддзі...

- Шчыры дзякуй! Мы літаральна толькі што атрымалі афіцыйныя дакументы з Монтэ-Карла. Такім чынам, у апошнюю дэкаду студзеня 2012 года над манакскім манежам упершыню будзе лунаць беларускі сцяг. Тое, што наша краіна прадстаўлена ў судзейскай калегіі, з'яўляецца вельмі прэстыжным фактам: мы можам гэта расцэньваць як сусветнае прызнанне дасягненняў нацыянальнай цыркавой школы. Дарэчы, гэты найбуйнейшы конкурс збірае імпрэсарыа і прадзюсараў вядучых цыркавых калектываў, таму ў мяне ёсць спадзяванне прывезці адтуль не толькі яскравыя ўражанні, але і рэальныя дамоўленасці з прадстаўнікамі эліты сучаснага мастацтва. Белдзяржцырк павінен падтрымліваць імідж краіны.

- Асабіста для вас Монтэ-Карла мае асаблівае значэнне, бо некалі імя Таццяны Бандарчук гучала ў спісе яго канкурсантаў. Што вы адчуваеце, вяртаючыся на найбуйнейшы фестываль у новай іпастасі?

 - Магчымасць працаваць разам з найлепшымі прадстаўнікамі нашага жанру і вырашаць лёс артыстаў з розных куткоў планеты - гэта найвысокая ацэнка мяне ў якасці цыркавога спецыяліста. Імкнуся прытрымлівацца ідэі, што, калі чалавек за нешта бярэцца, то павінен рабіць гэта высакакласна. Дарэчы, той самы прыдуманы мной трук "Пуант на далоні", які некалі прынёс мне прызнанне, тры гады таму я пабачыла на конкурсе ў выкананні (праўда, значна спрошчаным) кітайскіх артыстаў. Вось тады сапраўды адчула: жыццё прайшло нездарма! Хаця ў свой час не ўсе калегі верылі, што трук будзе прызнаны міжнароднай суполкай прафесіяналаў...

 Энергетыка старадаўняга бра

- Пад час рэканструкцыі будынка шмат казалі аб пашырэнні магчымасцей вытворчых цэхаў і іншых абслугоўваючых службаў. Ці ўсё з запланаванага ўдалося рэалізаваць?

- Будаўнікі імкнуцца выканаць усё, што было занатавана ў планавым заданні. Канешне, недаробкаў яшчэ хапае, але іх паступова выпраўляюць. Намучыўшыся тры гады ў шапіто, дзе больш высілкаў даводзілася выдаткоўваць не на стварэнне новых праграм, а на вырашэнне побытавых праблем накшталт ацяплення, мы атрымалі тое, аб чым не маглі нават марыць. Цяпер, паралельна з асноўнай працай на гледача, імкнёмся абжыць пустуючыя дагэтуль куткі. Хутка адкрыем пральню, парыкмахерскую, абуткавую майстэрню, паслугамі якіх акрамя ўласна цыркавых змогуць скарыстацца жыхары горада. Даводзім да ладу харчаблок, асвойваем шыкоўную батутную дарожку.

Дарэчы, я вынайшла цікавае дызайнерскае рашэнне для залы, якая ўтварылася на месцы былога гарышча. У аздабленні памяшкання выкарыстаем бронзавыя бра і іншыя інтэр'ерныя рэчы старога цырка. Іх можна было б даўно спісаць, але мне хацелася захаваць своеасаблівую энэргетыку таго часу.

- На старонках "К" неаднойчы расказвалася аб унікальным сцэнічным абсталяванні, найсучаснай светлавой і гукавой апаратуры навабуда. Ці дазволілі новыя тэхнічныя магчымасці пашырыць сферу выкарыстання мінскага манежа?

- Так, найноўшыя тэхналогіі дазваляюць нам праводзіць на арэне шоу, сумежныя з нашай асноўнай дзейнасцю. Прынамсі, 1 кастрычніка на нашай арэне адбудзецца ўрачыстае адкрыццё VI Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета праектам "Музыка і цырк". На манежы адначасова будзе знаходзіцца каля сотні музыкантаў Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, а таксама замежныя і айчынныя цыркавыя артысты! Увесну плануем правесці паказальныя выступленні Федэрацыі спартыўных танцаў Беларусі з удзелам найлепшых чэмпіёнаў свету. Для адметнага гала ў нас маецца цудоўны паркет. Для надання большай відовішчнасці можна будзе задзейнічаць камп'ютарнае пластыкавае пакрыццё са светлавымі трукамі, ці падлогу са спецыяльнымі люкамі і пад'ёмнікамі, якія выкарыстоўваюцца не для правядзення ілюзіёнаў, а, акурат як у модным сёння Cirque du Soleil, для акцёрскіх інтэрмедый. Гэтыя мерапрыемствы будуць пацвярджэннем таго, што сучасны цырк - установа шматпрофільная. Ён гатовы прыняць на сваім манежы любое прэстыжнае і важнае для іміджа краіны мерапрыемства, надаўшы яму эфектны акцэнт.

 Драпежнік. Белы і пухнаты

- Новы сезон Белдзяржцырк пачынае з лядовай праграмы. Чаму выбар прыпаў менавіта на яе?

- Мінулы сезон мы скончылі на вельмі высокай ноце. Не хацелася заніжаць вызначаную планку, таму звярнуліся да ўнікальнага па сваёй сутнасці атракцыёна - "Белыя мядзведзі на лёдзе" пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Расіі Юліі Дзенісенка. Справа ў тым, што доўгі час навукоўцы даказвалі: паўночныя драпежнікі- самыя моцныя і небяспечныя млекакормячыя ў прыродзе - не паддаюцца дрэсуры. Толькі адзінкі бяруцца паспрачацца з гэтым.

Юлія Дзенісенка - дрэсіроўшчыца ў трэцім пакаленні, дачка знакамітага ўтаймавальніка мядзведзяў Аляксандра Дзенісенкі. Зазначу, што адзіны ў свеце атракцыён з белымі мішкамі, распрацаваны сямейным тандэмам, унесены ў еўрапейскую Кнігу рэкордаў Гінеса!

- Выступленне гэтых драпежнікаў з'яўляецца часткай агульнага прадстаўлення Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі "Лядовая планета"...

- Так. І астатнія нумары не саступаюць "цвіку" праграмы. Унікальнасць яе ў тым, што шоу пабудавана па прынцыпе суцэльнага спектакля. Зрэшты, рыхтавалася яно цягам двух з паловай гадоў. Кампазітар Канстанцін Кабанаў (удзельнік знакамітага "Хору Турэцкага") пісаў саўндтрэк да прадстаўлення непасрэдна ў працэсе рэпетыцый на манежы, падбіраючы арыгінальнае музыкальнае афармленне суадносна з пластыкай і ўнутранай драматургіяй, выбудаванай пастаноўшчыкамі Дзмітрыем Макрыцыным і Аляксеем Жалезняковым. "Лядовую планету" ўжо пабачылі ў Францыі, Амане, Венгрыі, Румыніі, Амерыцы, Тунісе, Кітаі...

- Памятаю, напрыканцы 90-х мінскі манеж ужо залівалі лёдам, праўда, штучным. Верагодна, пасля рэканструкцыі цырка тэхнічныя ўмовы для падобных праграм змяніліся?

- Цяпер мы забяспечылі сваіх гасцей натуральным лёдам. Колькі дзён, як на сапраўдным катку, адбывалася заліўка пакрыцця, каб дасягнуць неабходнай таўшчыні і гладкасці. Атрыманая пляцоўка лёгка вытрымлівае нагрузку да 300 тон! Падобным пакрыццём могуць пахваліцца адзінкавыя пляцоўкі на ўсіх кантынентах, бо для яго стварэння патрабуюцца адмысловая тэхніка і сапраўдныя спецыялісты. У нас жа, як бачыце, для гэтага ёсць усе ўмовы.

- Але першапачаткова адна з чатырох зменных арэн Белдзяржцырка прадугледжвалася для працы менавіта са штучным лёдам. Як яна будзе выкарыстоўвацца?

-Правяду параўнанне са спартыўнымі танцамі. Для танцора неабходны выдатны паркет: якой бы прыгожай ні была мармуровая падлога, прафесійнага танца на ёй не атрымаецца. Натуральны лёд- гэта зручна, відовішчна і, што вельмі важна, бяспечна. Як колішні кандыдат у майстры спорту па фігурзным катанні магу адназначна сказаць, што праца на пластыку- гвалт над прафесіяналам. Згаданы вамі калектыў не паказваў трукі такой складанасці, якія гледачы пабачаць сёлета ўвосень, бо, пры ўсім жаданні, выконваць іх на пластыку небяспечна ды і немагчыма.

Не прыхаваю, я спрабавала разгледзець варыянты з пластыкавым пакрыццём, але ніводзін не задаволіў патрэб цыркавых артыстаў. Самы відавочны недахоп - на кожным з прапанаваных узораў пры інтэнсіўнай нагрузцы праз год-два з'явіліся б дзіры. Ці магу я дазволіць так рызыкаваць выканаўцам высакакласных трукаў? Тым больш, тэхнічны прагрэс дазваляе выкарыстоўваць мабільныя ўстаноўкі для вытворчасці лёду, а іх магутнасці "з'ядаюць" хоць і дастаткова энергіі, але - супастаўна з запланаванымі выдаткамі.

Ды спецыфічны манеж прастойваць не будзе. Арэну крыху дапрацуюць і задзейнічаюць пад шэраг унікальных атракцыёнаў. Больш канкрэтна пакуль не раскажу - гэта прафесійны сакрэт, але, мяркую, у хуткім часе гледачы пабачаць яго ў дзеянні.

 Валошкі на кубінскім падворку

- Чым Белдзяржцырк здзівіць пасля лядовых экзерсісаў увосень?

- Ужо цягам паўгода я вяду перамовы з Пасольствам Рэспублікі Куба ў нашай краіне наконт абменных гастролей з Нацыянальным цыркам Вострава свабоды. Цяпер у Беларусь прыбыла новы саветнік кубінскага дыпкорпуса Наташа Дыяс Агілера, і перш-наперш яна накіравалася да нас. Паводле яе слоў, Міністэрства культуры Кубы вельмі высока ацэньвае якасць, майстэрства беларускага цырка.

Перамовы ўжо ўступілі ў заключную частку. 29 верасня ў Мінск прылятае мой калега з-за мора, каб на месцы вырашыць: да іх будзе запрошана цэласная праграма Белдзяржцырка альбо выбраныя нумары. Трэба агаварыць шмат нюансаў, прынамсі, ці зможам мы без наступстваў перавезці туды коней, некаторых іншых жывёлін. Магчыма, упор будзе зроблены на акрабатычныя нумары... У Беларусі ж кубінскія артысты павінны з'явіцца ў 2012 годзе. Гэта будзе незвычайнае відовішча нават па пластычным рашэнні: як вядома, кубінскі цырк вылучаецца прыхільнасцю да танцавальнага напрамку.

Таксама пашыраем кантакты з Венесуэлай. Акрамя перамоў наконт гастролей, распрацоўваецца тэма заснавання там з нашай дапамогай новага магутнага цыркавога фестывалю, які ахопіць краіны Лацінскай Амерыкі. Такім чынам, айчынны цырк выйдзе на наступную прыступку развіцця: ён не толькі будзе дэманстраваць свае творчыя дасягненні, а пачне перадаваць назапашаны дзесяцігоддзямі вопыт па арганізацыі мерапрыемстваў.  

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"