Намаляваць Малера ў стылі ракако

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

Адкрыццё сезона заўсёды ўтрымлівае ў сабе нейкі “шыфр”, схаваную праграму ўсяго далейшага разгортвання філарманічных падзей цягам года. Сёлета Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, сусветна знакамітым маэстра Аляксандрам Анісімавым узяў асабліва шматабяцальны старт: у 2012-м славута- му калектыву споўніцца 85.

/i/content/pi/cult/342/6355/8-4.jpgКанцэрт адбыўся пры садзейнічанні Пасольстваў Літвы ў Беларусі і Беларусі ў Літве, а таксама дзякуючы спонсарскай падтрымцы. Вечар вянчалі папраўдзе Боскія спевы Каўнаскага дзяржаўнага хору ў магутнай Другой сімфоніі Малера. Выкананне буйных палотнаў гэтага аўстрыйскага класіка ўсё яшчэ застаецца для нашай краіны, хутчэй, выключэннем з правілаў: пры фарміраванні афішы перавага звычайна аддаецца хрэстаматыйна вядомым творам. Але ўжо адно тое, што малераўскія творы пачынаюць гучаць часцей, сведчыць пра выхаванне густаў музыкантаў і слухачоў-аматараў.

Адчувалася, з якой увагай А.Анісімаў паставіўся да кампазітарскай задумы. Нават тое, што салісты і хор выйшлі толькі пасля 1-й часткі, адпавядала заўвагам аўтара, які раіў рабіць перад 2-й часткай перапынак хвілін на пяць. Можа, не заўсёды зладжанымі аказаліся стрыманыя харалы духавых, але добра ўдаліся кульмінацыі з яркімі сола аркестравых груп, змрочная інструментальная каларыстыка, ціхі "шэргат" і кранальныя пробліскі струнных. У адпаведнасці з партытурай, удала было падабрана прасторавае рашэнне, спалучэнне сцэнічнага і пазасцэнічнага гучання. Упрыгожылі выкананне пачуццёвыя спевы расійскай мецца Надзеі Бабінцавай, яе цудоўнае дуэтнае яднанне з расійскай сапрана Ірынай Крыкуновай - даўняй сябрай нашага аркестра, удзельніцай ужо больш за дзясятак яго праектаў.

Дадатковы аншлаг забяспечвала імя Івана Карызны- гэта было яго першае выступленне на беларускай сцэне пасля ХІV Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага, дзе ён стаў бронзавым лаўрэатам. Варыяцыі на тэму ракако ў яго выкананні мне даводзілася чуць неаднойчы: яны з'явіліся ў яго рэпертуары яшчэ ў час навучання па класе Уладзіміра Перліна ў Рэспубліканскім каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Найскладаны твор ён грае ў арыгінальнай кампазітарскай рэдакцыі самога Чайкоўскага, якая доўгі час лічылася невыканальнай, дый сёння пад сілу далёка не кожнаму прафесіяналу. Калі раней выкананне гэтага шэдэўра здзіўляла юначым задорам, асаблівым нервам імпульсіўнай натхнёнасці, дык зараз, хаця Вані ўсяго 19 гадоў, яно вабіла найперш прыгажосцю няспешнага разгортвання думкі. Галоўнымі станавіліся нават не вяртанні тэмы з усё большымі віртуознымі россыпамі ў кожнай з варыяцый, а ўсе тыя моманты роздумаў, што ўзнікалі паміж пазнавальнымі тэматычнымі абрысамі.

У гэтым спалучэнні славянскага спеўнага гуку з еўрапейскай лёгкасцю галавакружных пасажаў- сапраўдная беларускасць нашага музыканта, які працягвае навучанне ў Парыжы. Адразу пасля канцэрта І.Карызна рушыў у Францыю, праз некалькі дзён- на фестываль імя М.Растраповіча ў Самары. Надалей у яго распісаны гастролі ў Санкт-Пецярбургу, Амерыцы, па ўсёй Еўропе, але ён марыць і пра сольнік на радзіме.  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"