“Раскрыць “...свет” праз адзін партрэт…”

№ 38 (1009) 17.09.2011 - 23.09.2011 г

У Музеі сучаснага беларускага мастацтва працуе персанальная выстаўка жывапісца Сяргея Рымашэўскага пад назвай “Паралельны свет”.

/i/content/pi/cult/342/6353/9-5.jpgЦікава, што ў яго творчасці гэты "паралельны свет" раскрываецца праз дзіцячыя вобразы. У экспазіцыі прадстаўлены практычна ўсе тыя работы, якія глядач яшчэ не бачыў, хаця, па словах аўтара, яна з'яўляецца своеасаблівым вынікам дзесяцігадовага творчага пошуку. Сяргей Рымашэўскі, выхаванец БДТМІ, больш за 20 гадоў радуе знаўцаў мастацтва арыгінальным бачаннем свету. Як кажа майстар: "У сваіх работах я імкнуся ўсё да большага лаканізму, спрабую мінімальнымі сродкамі выявіць максімум ідэі. Хацелася б раскрыць увесь свет праз адзін партрэт..."

Яму падабаецца ў мастацтве неардынарнасць жывапісных прыёмаў, вастрыня мовы, пластычная свабода выяўлення, паглыбленая ўнутраная "шматгалосая" канструкцыя мастацкага вобраза. Разам з выкарыстаннем дзіўных падрабязнасцей рэалістычных дэталей, Рымашэўскі ахвотна звяртаецца да сімвала, алегорыі, гратэску.

А што да вобраза дзіцяці, то для мастака гэта - чалавек шчаслівага самаадчування, якое дапамагае знаходзіць водгук у "сталых" сэрцах.

/i/content/pi/cult/342/6353/9-6.jpgЦёмныя, шчыльныя, для кагосьці нават змрочныя, фарбы ствараюць атмасферу таямнічасці і цеплыню, што ўласцівая ўспамінам аб дзяцінстве. Дзяўчынка, якая паказала свой тварык з-за маскі бабулі- з серыі карцін "Маскі", - нібы адкрывае нам усю неадпаведнасць двух, такіх блізкіх, але ўсё ж паралельных, светаў: дзіцячага і дарослага. Куды сыходзяць дзіцячыя мары? Што становіцца з далікатным светам фантазіі, калі яго запаўняе цынічнасць, чэрствасць дарослага жыцця? Неверагоднымі алегорыямі працята рэальнасць на палотнах Рымашэўскага. Пра што сумуюць каралі, куды ідзе ноччу маленькі атрад, што адчувае дзяўчынка, якая выратавала ад смерці пеўня, у карцінах "Тэорыя адноснасці", "Лёзныя", "Выратаваны"? Што такое цацачны паруснік у руках хлапчука супраць вялізнага лайнера за яго спінай у кампазіцыі "Ветразь"? Рымашэўскі прапаноўвае нам спыніцца і задумацца.

Карціны Сяргея збольшага можна лічыць аўтапартрэтамі. Кожнае адлюстраванае на палатне дзіця - гэта "аўтар", ва ўсіх выявах сваёй шматграннай натуры. Жывыя, сапраўдныя эмоцыі, якія складаюць неад'емную частку нашага жыцця і якія мы так часта ігнаруем, тут перададзены з неверагодным майстэрствам і дакладнасцю. "Усе мы родам з дзяцінства", - пісаў некалі Антуан дэ Сэнт-Экзюперы. Сяргей Рымашэўскі нагадвае нам гэта і дазваляе вярнуцца ненадоўга туды, дзе свет радаваў і палохаў сваёй неабсяжнасцю, таямнічасцю, дзе звычайныя рэчы ператвараліся ў чароўныя і дзе адна секунда здавалася вечнасцю...

Вольга НАВІЦКАЯ